Закрытае акцыянернае таварыства “Жалезінскі АГРА” наведаў пракурор раёна Аляксей Пухоўскі. Адбылася сустрэча з кіраўніцтвам гаспадаркі, яе працоўным калектывам з нагоды правядзення Адзінага дня бяспекі, які праходзіў на Магілёўшчыне на мінулым тыдні.

Размова ў прафілактычным ключы ішла пра самае галоўнае – чалавечае жыццё і здароўе, і тое, як іх захаваць падчас выканання вытворчых работ.

Засяродзіў увагу Аляксей Міхайлавіч на тым факце, што нярэдка з-за адсутнасці часу ці па іншых прычынах механізатары, іншыя работнікі грэбуюць элементарнымі мерамі перасцярогі.

“На маёй памяці за дваццацігадовую практыку ёсць некалькі дзясяткаў фактаў таго, як людзі гублялі здароўе, нават гінулі з-за сваёй бестурботнасці, спадяючыся на такі ненадзейны “ану”. Дзе тонка, там і рвецца – не забывайце гэтую народную мудрасць. Намалоты, прывагі, іншыя вытворчыя паказчыкі – гэта, вядомая справа, важна. Але здароўе ці жыццё куды важней”, – падкрэсліў пракурор.

Ішла размова і пра меры перасцярогі з агнём. “Штогод па краіне адбываюцца тысячы пажараў. І большасць з іх – па віне курцоў. Якія нярэдка, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, засынаюць з цыгарэтай. Мяркую, не трэба тлумачыць, чым гэта заканчваецца”, – адзначыў Аляксей Міхайлавіч.

Сустрэча праходзіла ў рэжыме максімальнай аператыўнасці, бо пагодлівы дзень у хлебаробаў – на асобым уліку. Але, я перакананы, яна мела свой плён і ў свядомасці яе ўдзельнікаў адклалася надоўга.

Поделиться