«НЕ ТРЭБА БАЯЦЦА РАЗМОВЫ З ЧАЛАВЕКАМ»

Кабінет кіраўніка раёна ўчора стаў месцам, куды ішлі людзі са сваімі турботамі, праблемамі, шукалі, на іх погляд, справядлівасці. А дапамагаў знайсці апошнюю памочнік кіраўніка краіны, інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл Русы. У гэты дзень ён праводзіў прыём грамадзян.

Прысутнічалі на сустрэчы: старшыня райвыканкама Сяргей Міхалюта, адказныя  спецыялісты выканкама. Былі створаны ўсе ўмовы, каб кожны зварот быў разгледжаны ўсебакова і аб’ектыўна.

Характэрным у прыёме быў і той факт, што на сустрэчу з Міхаілам Іванавічам завіталі людзі нават з Магілёва, Быхава, Крычава. Вядомая справа, былі і нашы, мясцовыя.

Кожнага, хто звярнуўся ў той дзень, інспектар па Магілёўшчыне выслухаў, даў магчымасць выгаварыцца. Але калі размова пераходзіла ў, скажам так, лірычны бок, дыялогу вярталася прадметнасць і канкрэтыка. Адзін з грамадзян адзначаў безгаспадарчае стаўленне кіраўніцтва і адказных асоб на Крычаўшчыне да зямельных рэсурсаў, меў сваё бачанне развіцця аграпрамысловага комплексу рэгіёна. На што пачуў ад Міхаіла Іванавіча ледзь не поўную сацыяльна-эканамічную выкладку па раёну. Такой дасведчанасці першы не чакаў і быў прыемна здзіўлены, што ягоны край, яго развіццё на чале з іншымі па вобласці пільным чынам адсочваецца. Расказаў Міхаіл Іванавіч яму і пра тое, што плануецца зрабіць у раёне, каб надаць яму новы імпульс у развіцці.

Былі на прыёме і тыя, каго інспектар з-за частых зваротаў ведаў у твар. Нярэдка сітуацыі, якія выносіліся на разгляд, ужо маюць канкрэтныя вынікі, рашэнні. Але яны усё роўна не задавальняюць тых, хто звярнуўся, нягледзячы на ўсю законнасць, і тэму зноў узнімаюць. “Пры гэтым толькі ўявіце, колькі службаў, рэсурсаў задзейнічана, каб зноў вывучаць сітуацыю, аналізаваць. Пры тым, што па некаторых ёсць і рашэнні судоў”, – адзначыў Міхаіл Русы.

Было знята і пытанне, якое тычылася водазабеспячэння дзвюх пяціпавярховак па вул. Кастрычніцкай. З-за амаль поўнага зносу сетак там была адрэзана гарачая вада. Выпраўляць становішча планавалася ў наступным годзе. Прычына – адсутнасць сродкаў у “Жылкамгасе”. Кіраўніцтва вобласці прааналізавала становішча і загадала даць карыстальнікам гарачую ваду ў бягучым годзе.

Разам з тым кожны, хто запісаўся на прыём, быў выслуханы. Канешне, людзі прыходзілі са сваімі эмоцыямі, перажываннямі. Нехта адкрыта выказваў крыўду на канкрэтных людзей. І што было адметным, па большасці людзі ішлі з прыёма супакоенымі, задаволенымі. Мабыць ад таго, што іх выслухалі, пачулі. А можа і таму, што знайшлі адказы на свае пытанні.

“Не трэба баяцца размовы з чалавекам. Шчырай, адкрытай, даверлівай. Нехта мае патрэбу ў простым разгаворы. Многія людзі адзінокія па сутнасці. На жаль, нярэдка людзям даюць адказы, тлумачэнні на пяці аркушах, праяўляюць фармалізм у крайняй яго ступені. А возьмеш на свой кантроль – сітуацыі часцяком элементарныя, не патрабуюць нават значных фінансавых ці якіх іншых намаганняў. Навошта даводзіць людзей да выхаду эмоцый. Трэба быць бліжэй да народа”, — адзначыў Міхаіл Іванавіч пад заканчэнне прыёму, звяртаючыся да прысутных спецыялістаў.

Звярнуўся ён і да кіраўніка раёна. У прыватнасці, выказаў некалькі ідэй па зарабленню раёнам грошай. “У вас такія прыродныя рэсурсы, вы абавязаны проста зарабляць на турыстах. Але для гэтага трэба праявіць фантазію, крэатыў, гаворачы мовай сучаснай,” – падкрэсліў інспектар па Магілёўскай вобласці. У нас ёсць зусім крыху часу, каб зрабіць аналіз і вывесці нашую вобласць на перадавыя пазіцыі. Галоўнае, мы маем людзей: працавітых, руплівых, адэкватных. Эканоміка мае патрэбу ў сучасных захадах. Трэба браць на ўзбраенне ўсё лепшае з мінулага, але і думаць у гармоніі з рэчаіснасцю. У нас хапае заводаў, вытворчых прадпрыемстваў, якія не загружаны на поўную магутнасць. І так па розных накірунках: ад сельскай гаспадаркі – да прамысловасці.

Галоўным бачу толькі заахвочанага ў тым ліку і адэкватным заробкам спецыяліста. Трэба даць яму годны заробак і толькі потым патрабаваць вынік. Але адно з другім узаемазвязана,” – падкрэсліў Міхаіл Русы.

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.

Поделиться