OLYMPUS DIGITAL CAMERA

23 верасня ў Мінску на 82-ім годзе жыцця памёр  наш пісьменнік-зямляк Алесь МАСАРЭНКА.

Алесь Масарэнка (Аляксандр Герасімавіч Масарэнка) нарадзіўся 12 красавіка 1938 года ў вёсцы Ходарава Слаўгарадскага раёна ў сялянскай сям’і. Бацька — Герасім Андрэевіч, інвалід Вялікай Айчыннай вайны; маці — Ева Мікалаеўна.

У 1956 годзе А.Масарэнка скончыў Целяшоўскую СШ, працаваў інструктарам Слаўгарадскага райкама камсамола (1956—1957 гг.), служыў у Савецкай Арміі (1957—1960 гг.). Пасля дэмабілізацыі паступіў на беларускае аддзяленне філфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (у 1963 г. перавёўся на вячэрняе аддзяленне), якое скончыў у 1966 годзе.

Працаваў выхавацелем Мінскай школы-інтэрната №13 (1963—1966 гг.), рэдактарам аддзела беларускай літаратуры Камітэта па радыёвяшчанню і тэлебачанню СМ БССР (1966—1967 гг.), загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Чырвоная змена» (1967 г.), інструктарам па прамысловаму адлову рачнога бабра Літоўскага заацэнтра (1967—1968 гг.), літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (1968—1969 гг.), загадчыкам рэдакцыі дзіцячай літаратуры выдавецтва «Беларусь» (1969—1972 гг.), адказным сакратаром часопіса «Полымя» (1972—1974 гг.), рабочым у геалагічнай экспедыцыі Забайкалля (1974—1977 гг.), рэдактарам аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1977—1978 гг.), членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм» (1978—1982 гг.), загадчыкам аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя» (1982—1986 гг.). 3 1986 года — рэдактар выдавецтва «Юнацтва». 3 1989 года — кансультант літаб’яднання «Крыніцы» пры «Чырвонай змене». У 1992—1998 гадах — галоўны рэдактар часопіса маладых літаратараў Беларусі «Першацвет».

З 1972 года — Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Літаратурную працу пачаў з вершаў, якія ўпершыню апублікаваў у 1959 годзе. З апавяданнямі ў рэспубліканскім друку выступіў у 1962 годзе.

Аўтар кніг: прозы «На бабровых тонях», «Журавіны пад снегам», «Баргузінскае лета», «Сонца майго дня», «Пакуль не завялі кветкі»; зборнікаў вершаў «Рэха гіпербалы», вершаванага рамана «Святое возера, альбо візіцёры з Сёмага неба».

Пераклаў на беларускую мову аповесць бурацкага пісьменніка Б. Мунгонава «Чорны вецер».

Мы можам ганарыцца тым, што творы Алеся Масарэнкі знаходзяцца ў скарбонцы роднай беларускай літаратуры.

Светлая памяць таленавітаму земляку. 

Алёна ДРАЗДОВА,

бібліёграф цэнтральнай бібліятэкі.

Поделиться