СВЯТА ТАЛЕНАВІТЫХ І КРЭАТЫЎНЫХ

Менавіта такімі з’яўляюцца работнікі культуры нашага раёна. У чарговы раз яны гэта даказалі ўчора падчас святочнай праграмы з нагоды свайго прафесійнага свята. Мерапрыемства праходзіла ў кінатэатры “Радзіма” і сабрала як саміх культработнікаў, ветэранаў галіны, так і тых, хто з’яўляецца прыхільнікамі іхняга таленту.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Язерская віншавальным зваротам да работнікаў культуры адкрыла мерапрыемства. Яна адзначыла, што не знойдзецца мерапрыемства, свята, дзе не былі б задзейнічаны культработнікі. “Дождж, снег, вецер шквалісты – вы ўсё роўна ў людзей, радуеце іх сваёй творчасцю. А вашым універсальнасці і мабільнасці пазайздросціць і спецназ: вы літаральна за хвіліну здольныя сабрацца і правесці поўнацэнную канцэртную праграму ў любой кропцы свету. І гэта неаднаразова вы дэманстравалі,” – падкрэсліла Святлана Аляксандраўна. Аратар разам з віншаваннямі ўручыла ад райсавета і грамадскага аб’яднання “Белая Русь” граматы яркім прадстаўнікам галіны культуры.

Намеснік старшыні райвыканкама Алена Шаўцова таксама выступіла з віншаваннямі да аўдыторыі. “Я пяць гадоў узначальвала аддзел па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі. Таму не па слыхах ведаю, чым жыве культработнік, што яго хвалюе, трывожыць. Для мяне блізка ўсё, чым вы займаецеся, я радуюся кожнаму вашаму поспеху, кожнай перамозе. Ад сябе гарантую, што і надалей буду рабіць усё, каб культура Слаўгарадчыны грымела не толькі на абласным узроўні, але і на міжнародных сцэнах. Перакананая, што патэнцыял і сілы у вас для гэтага знойдуцца,” – адзначыла Алена Міхайлаўна і таксама ўзнагародзіла шэраг паважаных работнікаў культуры.

Да мікрафона ў той дзень выходзілі кіраўнікі і прадстаўнікі шэрагу грамадскіх аб’яднанняў. Літаральна ў адзін голас яны казалі, якую важную, складаную работу выконваюць людзі гэтай прафесіі. Падмацоўваліся словы ўзнагародамі і падарункамі.

Сталі традыцыйнымі і візіты нашых сяброў з Расійскай Федэрацыі на раённыя мерапрыемствы. Гэтае свята не было выключэннем. Разам з віншаваннямі і падарункамі госці прадэманстравалі свае таленты: некалькі песень у іх выкананні прыйшліся зале па душы.

Не былі забытыя і ветэраны галіны. Кожнаму знайшлося шчырае добрае слова ад начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіны Купрыянцавай. Падмацоўваліся якія памятнымі падарункамі. Больш дзвюх гадзін цягнулася мерапрыемства, шчодра аздобленае нумарамі мастацкай самадзейнасці.

Былі прадстаўлены і маладыя спецыялісты, якія ў гэтым годзе толькі пачынаюць свой працоўны шлях на ніве культуры. Да іх з жыццёвай мудрасцю звярнулася Людміла Шпакава. Яна параіла смела глядзець у будучае, не баяцца цяжкасцяў, эксперыментаваць, шукаць сябе кожны дзень.

Свята закончылася, зала кінатэатра апусцела. Але ўжо заўтра гэтыя людзі, нягледзячы на настрой, на надвор’е, будуць радаваць нас, гледачоў, вясёлай песняй, заліхвацкім танцам і зробяць усё, каб наш настрой быў на вышыні, а журбота і надзённыя клопаты хоць на крышачку адышлі на другі план.

Са святам вас, работнікі культуры!

Уладзімір ВАСІЛЬЕЎ.

Фота аўтара.

Поделиться