ЖАНЧЫНЕ, ЧЫЁ ІМЯ – МАТУЛЯ!

Раённы цэнтр культуры і народнай творчасці ў мінулы панядзелак сабраў прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва Слаўгарадчыны. Нагодай, па якой жанчыны завіталі на святочную канцэртную праграмму, стаў Дзень маці, які штогод адзначаецца 14 кастрычніка ў нашай краіне.

На першым паверсе раённага цэнтра культуры і народнай творчасці для матуль і гасцей свята былі прапанаваны выставы, якія мелі багаты арсенал парад для жанчын розных узростаў. Райаддзел па надзвычайных сітуацыях таксама арганізаваў прафілактычную віктарыну па пытаннях бяспекі, вынікам якой стала цікавая і карысная інфармацыя па агучанай тэматыцы.

З віншаваннем да матуль, бабуль раёна звярнуўся старшыня райвыканкама Сяргей Міхалюта. Ён адзначыў, што ролю, якую адыгрывае жанчына, нельга пераацаніць. “Мы бачым прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва ў розных сферах жыццядзейнасці. Мяркую, не знойдзеш і некалькі прафесій, у якіх нашыя прыгажуні не знайшлі б сябе. Яны – у сельскай гаспадарцы, бізнэсе, культуры. Не кажучы і пра традыцыйна жаночыя прафесіі настаўніка і медыка. І ў кожнай з іх заўсёды вы, мілыя жанчыны, дабіваецеся поспеху. Але галоўнае, што прырода падарыла вам, – гэта магчымасць даваць новае жыццё. І вялікі дзякуй усім, хто нараджае дзетак, выхоўвае іх годным чынам, гартуючы дэмаграфічную бяспеку раёна, краіны. Адметна і тое, што Слаўгарадчына займае лідзіруючыя  пазіцыі ў вобласці па нараджальнасці. А гэта азначае, што ў нашага прысожскага края ёсць будучае,” – падкрэсліў кіраўнік раёна.

Шмат слоў гучала ў той дзень у адрас матуль, бабуль. Гучалі прызнанні ў шчырай любові і бясконцай удзячнасці за пяшчоту, цярпенне, дзе патрэбна і строгасць.

Музычныя нумары ліліся ў залу багаццем гукаў, эмоцый. У адказ артысты атрымлівалі авацыі і шчырыя ўсмешкі.

Харэаграфічныя нумары, песні лірычныя і заліхвацкія – усё было скіравана ў той дзень на жанчын, матуль. І яны былі ўдзячныя за ўвагу. Гэта адсочвалася па слёзах радасці на іхніх вачах.

Самы дарагі і блізкі чалавек для кожнага – гэта матуля. Нажаль, бывае вельмі позна, калі гэта пачынаеш разумець. Беражыце сваіх матуль, зрабіце ўсё, паважаныя мае, каб іх жыццё стала крышачку лягчэй. Толькі з узростам свядомасць прыходзіць, а назад нічога не вернеш. Дарыце сваім матулям, жонкам кветкі. З нагоды і без. Няхай як мага даўжэй яны радуюць нас і абараняюць ад усіх няўзгод.

Святкавалі Дзень маці і ў цэнтры дзіцячай творчасці. Выхаванцы радавалі матуль сваімі песнямі, танцамі. Але былі і яны задзейнічаны: віктарыны, конкурсы патрабавалі ад матуль быць, як кажуць, у матэрыяле. Што яны з поспехам і дэманстравалі. Бацькі таксама запрашаліся да ўдзелу ў праграме.

Мерапрыемства прайшло на пазітыве і ў чарговы раз аб’яднала дзетак з матулямі.

Уладзімір ВАСІЛЬЕЎ.

Фота аўтара.

Поделиться