У ліку тых, хто ўнёс у хлебны каравай ААТ “Жалезінскі АГРА” не адну сотню тон зерня, – Мікалай БАРЫСЕНКА, вадзіцель, які шчыраваў на адвозцы “залатога” ўраджаю-2019. І гэтая працоўная перамога ў яго не адзіная. За гады працы ў роднай гаспадарцы Мікалай Адамавіч шмат разоў быў заахвочаны кіраўніцтвам за высокія паказчыкі. Гэтым заслужыў гонар і давер.

Амаль сорак гадоў таму мясцовы хлопец пасля службы ў арміі прыйшоў уладкоўвацца ў сельгаспрадпрыемства. “Як прыйшоў у калгас у 1980-ым, так больш сваю працоўную кніжку і не бачыў”, – жартуе Мікалай Адамавіч. З той пары ні адно жніво не абыходзіцца без удзелу гэтага рупліўца. А ролю вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня, цяжка пераацаніць. Толькі прамарудзіш – камбайны будуць стаяць, страчваць каштоўны час. Таму як ні круці, а такія адказныя працаўнікі, як Барысенка, забяспечваюць бесперабойнасць работы ўсёй сістэмы.

Акрамя адвозкі зерня ў шафёра сельгаспрадпрыемства працы заўсёды хапае. Пасля адказнай пары жніва напруга не слабее, бо прыходзіць час пераключыць увагу на жывёлагадоўчую галіну, выкананне іншых гаспадарчых перавозак. Як той раніцай, калі мы сустрэліся на мехдвары гаспадаркі. Было яшчэ цёмна, а Мікалай Адамавіч ужо завіхаўся ля свайго вернага “каня” ГАЗ-53, якога, між іншым, лічыць лепшай аўтамашынай для перавозкі грузаў у сельскай вытворчасці.

На добрым рахунку Мікалай Барысенка ў кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, бо з’яўляецца чалавекам прынцыповым і самаадданым, надзейным і пазітыўным. Як кажуць, па працы і пашана, і герой матэрыяла ёй не абдзелены. У гутарцы падзяліўся, што толькі грамат і дыпломаў дома цэлы стос, бо часцяком з’яўляўся пераможцам спаборніцтваў і лепшым працаўніком галіны. Вось і ў гэтым годзе Мікалай Адамавіч быў прызнаны першым на адвозцы зерня ад камбайнаў, за што атрымаў узнагароду, у тым ліку і грашовую, падзяку і добрыя словы ад кіраўніка раёна Сяргея Міхалюты. Жадаем вадзіцелю-перадавіку далейшых поспехаў і лёгкіх дарог!

Тэкст і фота Аксаны НЯМЦОВАЙ.

президент

Поделиться