ЛЁС ЧАЛАВЕКА – ГІСТОРЫЯ МАЛОЙ РАДЗІМЫ!

Лёс у кожнага чалавека свой, і, часцей за ўсё, залежыць ад абставін, якія сустракае ён на жыццёвым шляху.

Вялікая Айчынная вайна – гэта выпрабаванне, якое давялося пераадолець Сцяпану Радзівонавічу Хрубераву і яго блізкім… Сам ветэран не любіў распавядаць аб яе падзеях, бо вельмі балючымі былі ўспаміны франтавых шляхоў, якімі давалося яму прайсці.

Сцяпан Радзівонавіч нарадзіўся ў 1925 годзе ў Краснаярскім краі, але ягоны бацька Радзівон Прохаравіч Хрубераў родам з вёскі Аляксандраўка Каменскага с/савета Прапойскай воласці. Па ўспамінах маці, Хруберавай Марыі Навумаўны (1905 г.н.), стала вядома, что сям’я на пачатак вайны з фашысцкай Германіяй знаходзілася ў горадзе Баку. Яе старэйшаму сыну Сцяпану як раз споўнілася 16 гадоў. Сцяпан Радзівонавіч да вайны скончыў 7 класаў і працаваў трактарыстам.

У першыя дні вайны разам з маракамі на баркасе Сцяпан хацеў збегчы на фронт, але судна трапіла пад кулі нямецкай авіяцыі. Не ўсе засталіся жыць пасля налёту, але Сцяпану пашанцавала – ён выжыў. Выратаваных маракоў, з якімі быў і Сцяпан, вярнулі назад.

І толькі ў маі 1942 года, калі Сцяпану споўнілася 17 год, ён дабравольцам пайшоў на фронт. У ваенным білеце серыі Б пад № 577833 зафіксаваны запіс: “Призван в ряды РККА”. Гэта быў датэрміновы прызыў дабравольцаў. Трапіў Сцяпан Радзівонавіч у самую гушчу ваенных падзей: спачатку ваяваў у 62-ім дапаможным палку ў складзе 35-ай мотастралковай брыгады. А ўжо з 5 чэрвеня 1944 года – у складзе 1-га Украінскага фронту. Атрымаў цяжкае раненне ў студзені 1945 года і быў адпраўлены ў шпіталь. Знянацку на шпіталь наляцела нямецкая авіяцыя, пасля чаго жывых амаль не засталося, і родным былі адпраўлены “пахаванкі”. Параненага Сцяпана Радзівонавіча цудам выратавала медсястра, якая выцягнула восем байцоў з-пад абстрэлаў, у тым ліку і яго. Чырвонаармейцы былі пераведзены ў другі шпіталь. Марыі Навумаўне, маці Сцяпана, таксама прыйшла “пахаванка”, у якой было напісана, што яе сын Сцяпан Хрубераў загінуў. На той момант жанчына знаходзілася ў Крычаве. Вопратку і рэчы сына Марыя Навумаўна раздала суседзям і бежанцам.

 Праз некаторы час Марыя Навумаўна атрымлівае пісьмо ад сына. Сам Сцяпан з-за ранення пісаць яшчэ не мог, і замест яго пісьмо для маці пад дыктоўку напісала медсястра, каб паведаміць аб тым, што яе сын жывы. Марыя Навумаўна ніяк не магла ў гэта паверыць. Яна вырашыла напісаць у шпіталь пісьмо для ўдакладнення абставін. У адказ Сцяпан папрасіў сфатаграфаваць яго і адаслаць пісьмо з фотаздымкам. Марыя Навумаўна вырашыла наведацца ў шпіталь, каб упэўніцца ў тым, што “пахаванка” прыйшла да яе памылкова. На жаль, да сённяшняга часу фотаздымак не захаваўся, як і тое пісьмо. Але захаваўся фотаздымак, на якім з адваротнага боку напісана:

“Если встретиться нам не придётся,

То несчастная наша судьба,

Тогда на память пускай остаётся (дорогие родные) неподвижная личность моя. Ваш сын Стёпа. Польша, май 1945 г.”

 Сцяпан Радзівонавіч быў не вельмі гаваркі, а, тым больш, успамінаць і распавядаць аб франтавой біяграфіі не жадаў. Розныя расказы дачка Інэсса Сцяпанаўна пачула з вуснаў маці Сцяпана Радзівонавіча, сваёй бабулі – Марыі Навумаўны.

Пералістваючы дакументы і разглядваючы ўзнагароды, якія беражліва захоўваліся  роднымі ў сям’і Хруберава, а зараз перададзены ў Слаўгарадскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей – выклікаюць гонар за выбітных землякоў. Сярод узнагарод у Чырвонаармейскай кніжцы пазначаны такія, як: ордэны Славы трэцяй (№ 451637) і другой (№ 23824) ступеняў, медалі за вызваленне Варшавы (А № 377815), Берліна (А № 099656), “За победу над Германией” (Ж № 0225159) і іншыя. Медаль “За отвагу” Сцяпан Радзівонавіч атрымаў за  вызваленне горада ў Германіі. Падчас танкавага бою машына камандзіра Хруберава С.Р. першай уварвалася ў горад і сваёй бранёй прыкрыла атаку ворага, чым забяспечыла паспяховае наступленне частак Чырвонай арміі. Танк трапіў пад абстрэл і быў выведзены са строю. Але менавіта гэты танк – капітана Хруберава ўзвышаецца на падмурку ў цэнтры нямецкага горада, аб чым ён даведаўся толькі праз 30 год пасля вайны.

Працоўная біяграфія Сцяпана Радзівонавіча пачалася з 1 мая 1941 года ў якасці матарыста на кацеры Хочмазскага рамонтнага завода № 2. Пасля дэмабілізацыі ў жніўні 1946 года працаваў кладаўшчыком Слаўгарадскага раймаслапрама, потым – памочнікам дырэктара па гаспадарчых справах у сярэдняй школе горада. З 1949 года – інспектарам сацыяльнага забеспячэння. З 51-га года Сцяпан Радзівонавіч пераходзіць з пасады загадчыка агульнага аддзела Слаўгарадскага райвыканкама на ўпаўнаважанага па перасяленню і аргнабору рабочых Слаўгарадскага раёна амаль да студзеня 1963 года – скасавання раёну і пераведзены на пасаду старшыні Васькавіцкага сельскага савета Быхаўскага раёна. Пасля аднаўлення Слаўгарадскага раёна ў студзені 1965 года  ён займаў пасаду загадчыка сацыяльнага забеспячэння  райвыканкама. Апошнія гады перад пенсіяй Сцяпан Радзівонавіч працаваў старшынёй Слаўгарадскага райкама ДАСААФ і пасля выхаду на пенсію ён працягваў сваю працоўную дзейнасць у якасці адказнага сакратара Слаўгарадскага райкама Савета Беларускага таварыства аховы прыроды. Працоўная дзейнасць Сцяпана Хруберава адзначана шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх ганаровыя граматы Магілёўскага Абкама КПБ і абласнога Савета дэпутатаў працоўных, Міністэрства сацыяльнага забеспячэння Беларускай ССР і іншыя, а таксама дыплом і памятны медаль у гонар 30-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, якія ўручаны ветэрану  за подпісам двойчы Героя СССР, генерала арміі П. Батава і адказнага сакратара Савецкага камітэта ветэранаў вайны Героя СССР Аляксея Марэсьева, лётчыка.

Вера СТАСЕНКА,

старшы навуковы супрацоўнік

ДУК “Слаўгарадскі гісторыка-краязнаўчы музей”.

Поделиться