АБ ТЫХ, ЧЫЙ ЛЁС АБАРВАЎСЯ РАПТОЎНА

У сераду ў рамках пасяджэння краязнаўча-патрыятычнага клуба “Радзімічы” ў чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі адбыўся ўрок мужнасці “Імя подзвіга – Афганістан”. Мерапрыемства праходзіла напярэдадні 31-ай гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана. На ўрок былі запрошаны: старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Васіль Саўчанка, воін-інтэрнацыяналіст Віталь Гаранчук і вучні 8-га класа першай гарадской школы.

Вядучыя мерапрыемства зрабілі гістарычны экскурс той доўгай вайны, расказалі пра ролю савецкіх войскаў і асноўныя этапы вываду адмежаванага кантынгента. Пра землякоў, якія загінулі падчас баявых дзеянняў, Генадзя Студнёва і Мікалая Зліпушэнку таксама паведамілі бібліятэкары школьнікам.

Слова было прадастаўлена і непасрэдным удзельнікам баявых дзеянняў. Ветэраны расказалі, як праходзіла служба далёка ад Радзімы, якія баявыя заданні ім прыходзілася выконваць. Васіль Саўчанка таксама падрабязна расказаў пра дзейнасць раённай ветэранскай арганізацыі.

Цэнтральную бібліятэку і гэтую раённую арганізацыю, якая аб’ядноўвае воінаў-інтэрнацыяналістаў, звязвае даўняе сяброўства. Работнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі ўсе дадзеныя пра воінаў-землякоў сабралі ў тэматычныя альбомы, якія потым аб’ядналі ў кнігу “Афганская вайна ў лёсах нашых землякоў. Слаўгарадскі раён”. Старонкі гэтага выдання ўсе жадаючыя таксама змаглі перагартаць падчас урока мужнасці. Акрамя іншага ў чытальнай зале аформлены тэматычныя выставы, якія таксама выклікалі зацікаўленасць наведвальнікаў.

Напрыканцы сустрэчы Маргарыта Мяджыдава ўручыла ганаровым гасцям памятныя сувеніры са словамі ўдзячнасці за супрацоўніцтва. А фінальным акордам мерапрыемства стала агульнае фота.

Тэкст і фота Аксаны НЯМЦОВАЙ.

Поделиться