Загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы Ала ГУТАРАВА нарадзілася ў в. Кульшычы, але з-за радыяцыйнай небяспекі сям’і прыйшлося пакінуць наш раён. Ала закончыла магілёўскі ліцэй з залатым медалём, і, калі прыйшоў час выбіраць свой жыццёвы шлях, бацькі, асабліва галава сям’і, падтрымалі дачку ў рашэнні звязаць сябе з самай высакароднай прафесіяй.

Наша гераіня закончыла Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і атрымала накіраванне на сваю малую радзіму – Слаўгарадчыну, дзе ўладкавалася працаваць урачом-тэрапеўтам у ЦРБ. Праз некалькі год кіраўніцтва бальніцы, назіраючы значны патэнцыял спецыяліста, даверыла Але Мікалаеўне загадваць тэрапеўтычным аддзяленнем.

Зразумела, што пасада адказная, дый і працы ў Гутаравай прыбавілася. Акрамя лячэбнай практыкі даводзіцца быць і адміністратарам: курыраваць працу сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу. Выпадае папрацаваць і ў прыёмным аддзяленні, даць урачэбную кансультацыю ў хірургічным аддзяленні ці рэанімацыі.

Па словах Алы Мікалаеўны, каб вылечыць чалавека, трэба знайсці з ім агульную мову. Пацыент павінен адчуваць давер да свайго лекара, толькі ў такім выпадку ён будзе бездакорна выконваць усе рэкамендацыі. Ала Мікалаеўна лічыць, што тэрапеўт, як і іншы спецыяліст, павінен заўсёды займацца самаадукацыяй, акрамя спецыяльных курсаў, якія наведваюць урачы кожныя пяць гадоў. Субяседніца ў вольную хвіліну цікавіцца новымі напрамкамі і падыходамі ў лячэнні тых ці іншых хвароб. Вучоныя прапануюць новыя схемы лячэння, у міравой фармакалогіі ствараюцца новыя прэпараты, і трэба быць у курсе ўсіх гэтых падзей, каб паспяхова прымяняць у сваёй дзейнасці.

Па выніках раённага спаборніцтва за 2019 год Ала Мікалаеўна атрымала званне “Лепшы працаўнік аховы здароўя”, і яе фота будзе занесена на раённую Дошку пашаны!

Тэкст і фота Ксеніі ЛЕАНІДАВАЙ.

Поделиться