Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у Слаўгарадзе прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 31-ай гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Мітынг-рэквіем адбыўся ля памятнага знака “Воінам-інтэрнацыяналістам, выканаўшым воінскі абавязак у Афганістане і іншых лакальных канфліктах”. Старшыня райвыканкама Сяргей Міхалюта, старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Язерская, начальнік абасобленай групы Слаўгарадскага раёна ваеннага камісарыята Чавусскага і Слаўгарадскага раёнаў Аляксандр Чаркашын, воіны-інтэрнацыяналісты, дэлегацыя з Краснапольскага раёна, кіраўнікі раённых устаноў, прадстаўнікі грамадскасці, моладзь урачыста ўсклалі кветкі да памятнага знака.

Ветэран вайны ў Афганістане падпалкоўнік у адстаўцы Мікалай Ткачэнка выказаў думку, што, нягледзячы на ладны адрэзак часу, які аддзяляе нас ад той вайны, памяць аб баявых днях і цяпер застаецца незагойнай ранай. Тыя, каму давялося несці службу ў Афганістане, выканалі воінскі абавязак годна, не пасароміўшы сваёй дзяржавы. Мікалай Мікалаевіч падзякаваў раённую ўладу, прысутных за разуменне і ўвагу да ветэранаў, пажадаў усім моцнага здароўя, мірнага неба і ніколі не ведаць ваеннага ліхалецця. Памяць загінуўшых ушанавалі хвілінай маўчання, а ад маладога пакалення словы павагі і ўдзячнасці воінам-інтэрнацыяналістам агучыў вучань адзіннаццатага класа першай гарадской школы Іван Хуртак.

Урачыстае мерапрыемства ладзілася таксама і ў кінатэатры “Радзіма”. Усіх запрошаных у фае сустракала выстава-экспазіцыя “Афганістан. Урокі неаб’яўленай вайны”, на якой знайшлі сваё адлюстраванне шматлікія матэрыялы пра воінаў-землякоў, іх фотаздымкі. З прывітальнымі словамі Сяргей Міхалюта звярнуўся да воінаў-інтэрнацыяналістаў. Ён адзначыў, з якой самаадданасцю нашы землякі выканалі свой салдацкі інтэрнацыянальны абавязак, на жаль, жыцці траіх Афганістан забраў сабе. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць аб гэтых верных сынах Радзімы. Сёння ветэраны афганскай вайны добрасумленна працуюць у розных сферах народнай гаспадаркі нашага раёна, захоўваючы лепшыя традыцыі гераічнага мінулага. А іх грамадская дзейнасць, накіраваная на патрыятычнае выхаванне моладзі, на думку Сяргея Валер’евіча, заслугоўвае толькі прызнання і павагі. З гэтай нагоды кіраўнік раёна ўручыў Падзякі ад райвыканкама самым актыўным членам ветэранскага руху, таксама Падзячныя пісьмы былі ўручаны ўдзельнікам вакальна-інструментальнага ансамбля “Каскад” за падтрымку ў арганізацыі мерапрыемстваў аб’яднання воінаў-інтэрнацыяналістаў і супрацоўніцтва.

Шмат слоў прызнання і падзякі гучалі таксама ад Святланы Язерскай, якая таксама адзначыла Падзячнымі лістамі ветэранаў. Аляксандр Чаркашын, у сваю чаргу, ад імя ваеннага камісара Магілёўскай вобласці ўручыў Граматы воінам-інтэрнацыяналістам і юбілейныя медалі “100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь”. Сваё бачанне падзей афганскай вайны выказаў старшыня Магілёўскай абласной  арганізацыі грамадскага аб’яднання ветэранаў Анатоль Глаз. Звярнуўся да членаў раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” яе старшыня Васіль Саўчанка. Ён падзякаваў ветэранаў за супрацоўніцтва, дапамогу ў рашэнні надзённых праблем арганізацыі і патрыятычную работу з моладдзю. Васіль Максімавіч ад ветэранскай арганізацыі ўручыў падзякі сваім калегам, прадстаўнікам улады, устаноў раёна, якія аказваюць падтрымку ў рэалізацыі галоўных мэт і задач саюза.

Прыгожым фінальным акордам урачыстасці стала канцэртная праграма народнага калектыва Рэспублікі Беларусь – вакальна-інструментальнага ансамбля “Каскад”.

Аксана НЯМЦОВА.

Фота аўтара.

Поделиться