З УДЗЯЧНАСЦЮ ЗА МІРНАЕ СЁННЯ!

Галоўнае свята краіны сёлета, нягледзячы на пандэмію каранавірусу, прайшло па ўсёй Беларусі. Сёлета наша незалежная адзначае 75-годдзе Вялікай Перамогі. Ад таго адказнасць і жаданне зрабіць усё максімальна ўрачыста былі асаблівымі перад   аргкамітэтам. І, як паказаў час, усё прайшло згодна плану.

Слаўгарадчына не была выключэннем. Галоўным стаў мітынг у гарадскім парку “Беларусь – гэта імя перамог!” Традыцыйна каля помніка загінуўшым салдатам сабраўся актыў раёна, ягоныя госці, прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзь, грамадскія аб’яднанні. Кіраўнік раёна Сяргей Міхалюта звярнуўся да аўдыторыі з прамовай, у якой выказаў удзячнасць ветэранам, якія сёння яшчэ з намі, і тым, хто ўжо ў лепшым свеце. Ён узгадаў той подзвіг, які савецкі народ зрабіў, каб вызваліцца ад фашысцкай навалы,  і даў шанс усяму свету жыць і развівацца без гітлераўскага гнёту.

“Наша краіна, і аб гэтым пастаянна кажа наш беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка, – краіна з бясконцым патэнцыялам, і кожны яе грамадзянін мае магчымасць свае канструктыўныя ідэі рэалізаваць. А ўсё гэта стала магчымым з-за Вялікай Перамогі ў той жудаснай вайне. Сёння мы павінны не толькі захоўваць тое, што нам далі дзяды і прадзеды, але і развівацца, будаваць, вучыць, лячыць, рабіць усё, каб беларусы жылі ў сучаснай і незалежнай краіне”, – сказаў Сяргей Валер’евіч.

Сяргей Анюхоўскі, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, таксама звярнуўся да ўдзельнікаў мерапрыемства, тых, каго ўжо няма на гэтай зямлі, але памяць пра іх будзе вечнай: “Мы не павінны забываць пра ахвяры, якія панесла Беларусь падчас Вялікай Айчыннай. Кожны трэці беларус аддаў сваё жыццё, каб мы былі вольнымі, шчаслівымі. Мірнае неба для нашага народа – тая цана, якую аддалі салдаты, вязні, працаўнікі тылу, жыхары акупіраваных тэрыторый. Хачу, каб кожны з нас для сябе зрабіў высновы і зрабіў усё, каб наша Беларусь, наша Радзіма стала яшчэ прыгажэй, утульней, а яе дабрабыт рос ад года ў год”.

Моладзь у вершаванай форме таксама паабяцала вырасці грамадзянамі, патрыётамі Беларусі.

Хвіліна маўчання, кветкі да помніка, тэатралізаваны эцюд на тэму Вялікай Айчыннай сталі заключным акордам мерапрыемства. Адкрытая пляцоўка раённага цэнтра культуры і народнай творчасці стала месцам, куды запрасілі жыхароў і гасцей раёна на тэатралізаваны канцэрт. Увазе іх былі прадстаўлены шматлікія тэматычныя экспазіцыі, выставы рамеснікаў. Гандаль прапанаваў розныя прысмакі. Спартыўна-забаўляльны сегмент мерапрыемтсва таксама ўзнімаў настрой усім, хто завітаў на свята.

“Ганаруся табой, Беларусь” – пад такой, пагадзіцеся, жыццесцвярджальнай думкай праходзіла вячэрняя частка святочнай праграмы. Моладзь выбрала свой традыцыйны фармат адпачынку і завітала на дыскатэку пад тэматычнай назвай “Беларусь і я”.

“Спяём гімн разам” – гэтая ж акцыя стала ўжо традыцыяй і аб’яднала людзей розных узростаў, прафесій.

Нельга не нагадаць і пра велапрабег па месцах баявой славы, арганізаваны напярэдадні для моладзі. Уранку пад пільным кантролем ДАІ калона веласіпедыстаў наведала месцы, знакавыя для нас. Вера Стасенка, супрацоўнік раённага музею, на памятных аб’ектах расказала гісторыю іх узнікнення, нагадала гераічнае мінулае людзей, якія змагаліся з фашызмам, былі забітыя, і зараз памятныя знакі ў іх гонар упрыгожваюць наш раён.

Святочныя мерапрыемствы закончыліся. Але гэта не азначае, што закончылася і наша памяць, наша ўдзячнасць кожнаму, хто зрабіў магчымым жыць, любіць, з надзеяй глядзець у будучыню.

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.

Поделиться