Вясёлыя гульні, новыя сябры, цёплыя ўсмешкі. Усё гэта – летні дзіцячы лагер – ідэальны варыянт для тых, хто любіць бавіць час карысна і цікава. На працягу чэрвеня  такі  лагер працаваў на базе першай гарадской школы. Мы пацікавіліся ў яго наведвальнікаў і работнікаў, як сёлета праходзіла змена.

На двары неверагодная спякота, на гадзінніку 8.30. Сёння мы правядзём дзень у школьным дзіцячым лагеры “Вясёлая планета”. Першае ўражанне: незвычайна ціха, што зусім не характэрна для школы. Аднак хутка чуецца гоман і смех. Другі паверх новага крыла – вось дзе размяшчаецца лагер. 

Экскурсію для нас правяла Алена Коканава, дырэктар лагера. Так здарылася, што  сюды мы трапілі ў дзень закрыцця змены, але ж для маленькіх наведвальнікаў, як гаворыцца,  рэжым ніхто не адмяняў.

«Наш лагер працуе з восьмага чэрвеня. Кожны дзень работнікі: выхавацелі, педагогі-арганізатары, інструктары, тэхнічныя работнікі – усяго 9 чалавек – з васьмі да шаснаццацi гадзін забяспечваюць дзецям цікавы, разнастайны адпачынак. Для гэтага ў нас створаны ўсе ўмовы: працуе спартыўная зала, кабінет інтэрактыву».

У гэтым годзе лагер працуе ў асаблівых абставінах. Пандэмія ўнесла свае карэктывы.

«Эпідэміялагічная сітуацыя таксама паўплывала на работу лагера. Але ж адпачынак для школьнікаў арганiзаваны як i было запланавана. Мы робім усё, каб рабятам было добра і камфортна. Рэгулярна ладзяцца ўборка і дэзынфекцыя памяшканняў. Раніцай дзецям вымяраюць тэмпературу, групы ў гэтым годзе таксама ствараліся невялікія – 15 і 16 чалавек».

Дзень у дзяцей, што наведваюць лагер, пачынаецца з зарадкі і , так бы мовiць, мацыёна на свежым паветры, потым сняданак. А далей – розныя запланаваныя мерапрыемствы. Рабіць адпачынак дзяцей яркім работнікам лагера дапамагаюць i службы раёна: цікавае маштабнае мерапрыемства, дарэчы, правялі работнiкi МНС, спецыяльна для гэтага на школьны двор прыязджала спецыялiзаваная  пажарная  машына.

«Усе нашыя мерапрыемствы носяць не толькі забаўляльны, але і пазнавальны характар. Дзеці паўтараюць і замацоўваюць школьную праграму, развіваюцца фізічна і інтэлектуальна. Шмат увагі надаецца асновам бяспечных паводзінаў, што надзвычай актуальна ў летні перыяд».

З нагоды закрыцця змены ў той дзень ладзіўся канцэрт. Хлопчыкі і дзяўчаты прыгожа апранутыя, на тварах іх шчаслівыя ўсмешкі. Хтосьці з іх будзе спяваць, хтосьці чытаць верш або танчыць. Педагогі-арганізатары стараліся знайсці падыход да кожнага дзіцяці, раскрыць ягоныя творчыя здольнасці, каб гэты дзень для ўсіх стаў не толькi адказным, але i  шчаслівым.

«Пасля мерапрыемства дзеці ўзрушаныя, абмяркоўваюць і ўзгадваюць самыя цікавыя моманты. Але ж нават у святочны дзень трэба зноў-такi прытрымлiвацца  рэжыма».

Пасля канцэрта ў нас запланаваная прагулка на свежым паветры – любімы час для дзяцей. Пасля – абед і дзённы сон.  Усяго ў дзень тры прыёмы ежы. Харчаванне збалансаванае, кожны дзень свежая садавіна.

 Вось што пра лагер сказалі самі яго наведвальнікі:

Лена, 2 атрад: «Я наведваю лагер не першы год, але гэтая змена самая лепшая!».

Саша, 1 атрад:  «Мне вельмі падабаецца ў лагеры! Асабліва я люблю цікавыя мерапрыемствы».

Першага ліпеня лагер завяршыў сваю работу. Але цёплыя ўспаміны будуць саграваць дзяцей яшчэ доўга. Хочацца пажадаць школьнікам правесці канікулы весела і не забываць пра правілы бяспекі, якім іх навучылі ў лагеры!

Алёна КУХАРАВА.

Фота аўтара.

Поделиться