ЗЯМЛЯ МАІХ БАЦЬКОЎ, МАІХ РОДНЫХ ЛЮДЗЕЙ…

Марафон святочных мерапрыемстваў па ўшанаванню жыхароў сельскіх населеных пунктаў Слаўгарадчыны працягнуўся і ў мінулую суботу. На гэты раз ў аграгарадку Лапацічы. Цудоўнай пляцоўкай для яго арганізацыі стала тэрыторыя Лапаціцкай школы, якая да таго ж з’яўляецца адной з самых добраўпарадкаваных у раёне. Трэба адзначыць, што лапаціцкае свята вёскі стала адным з самых масавых, вяскоўцы прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемстве, а самае прыемнае, што было многа дзятвы.

Шаноўнымі гасцямі аграгарадка ў той дзень сталі: старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Міхалюта, старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь” Святлана Язерская, старшыня Лапаціцкага сельвыканкама Сяргей Антошкін, дырэктар мясцовай сярэдняй школы Аляксандр Дзеружынскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Купрыянцава, іншыя. У сваёй прывітальнай прамове Святлана Аляксандраўна адзначыла, што прыемна сабрацца ўсім разам, каб не вырашаць нейкія праблемныя пытанні, а святкаваць. Святкуючы, ушанаваць людзей працы, тых, хто з’яўляецца прыкладам сапраўднага гаспадара на сваёй зямлі. Зямлі, між іншым, з багатай гісторыяй, звесткі аб ёй расказвалі і вядучыя канцэртнай праграмы, знаёмілі і выставы мясцовай і Хварасцянскай бібліятэк.

Кіраўнік раёна таксама падзяліўся ўражаннямі ад свята: “Ужо ў чацвёрты раз мне шанцуе прысутнічаць на такім мерапрыемстве, і кожнае адкрывае для мяне Слаўгарадчыну з новых пазіцый. Для мяне Лапацічы, у першую чаргу, гэта своеасаблівыя ўязныя вароты ў раён з боку Магілёва, якія першымі сустракаюць нашых гасцей і, трэба сказаць, выгляд аграгарадка, ягонае добраўпарадкаванне  пакідаюць прыемнае ўражанне. Жадаю працалюбівым жыхарам гэтага населенага пункту ўсяго добрага, каб нашыя землякі станавіліся вядомымі па-за межамі раёна і актыўна ўдзельнічалі ў развіцці рэгіёна”.

Падчас святкавання шмат добрых слоў было выказана ў адрас удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія гартавалі агульную перамогу. Жыццёвы шлях доўгажыхаркі Яўгеніі Ніканавай таксама агучылі вядучыя, а падарункі і кветкі ад прадстаўнікоў улады сталі прыемным дапаўненнем. Працаўнікі сельскагаспадарчай галіны, якія шмат гадоў шчыравалі на ніве земляробства і жывёлагадоўлі ў мясцовым прадпрыемстве, атрымалі шмат прыемных слоў удзячнасці за самааданую працу: Сяргей Міхалюта пад апладысменты аднавяскоўцаў заахвоціў Марыю Ляонаву, Надежду Самусеву, прадстаўніцу працоўнай дынастыі Барысенка, перадавога аператара машыннага даення ААТ “Жалезінскі агра” Людмілу Капорыну. Не засталіся без увагі і героі жніва-2020. Маладзёжны экіпаж у складзе Станіслава Сомава і Віталя Раманцова  ў мінулым годзе атрымаў другое месца па выніках раённага спаборніцтва сярод маладых экіпажаў. Вось і на свяце аграгарадка перспектыўны тандэм атрымаў удзячнасці і падарункі ад Сяргея Міхалюты.

Традыцыйна на такіх святочных сустрэчах не абыходзіцца без ушанавання сямейных юбіляраў. Не стала выключэннем і свята ў Лапацічах. Святлана Язерская заахвоціла сямейныя пары, якія могуць служыць прыкладам для маладых і ўручыла ім падарункі ад раённай арганізацыі “Белая Русь”. Сяргею Антошкіну дастаўся гонар адзначыць маладую мнагадзетную маці Маргарыту Стальчанка, падарунак для якой таксама спансіравала “Белая Русь”.

Святочны настрой усім прысутным арганізавалі артысты Лапаціцкага і Ляснянскага СДК, Новаслабодскага сельскага клуба, раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, якія наладзілі цудоўную канцэртную праграму. А для культурнага адпачынку для жыхароў і гасцей працавалі разнастайныя пляцоўкі. Вырабы дэкаратыўна-прыкладного мастацтва прапанавалі раённы Дом рамёстваў, рамеснікі і мясцовая ўстанова адукацыі, спартыўна-гульнёвую праграму для дарослых і дзяцей наладзілі спецыялісты цэнтра фізкультурна-масавай і спартыўнай работы. Між іншым, яна карысталася вялікім попытам. Мясцовыя сыравары і гаспадыні прапанавалі ўсім разнастайныя сыры і шэдэўры хатняй кулінарыі, таксама была і юшка. Індывідуальныя прадпрымальнікі падрыхтавалі для самых юных жыхароў Лапаціч батут, продаж папкорну, салодкай ваты, цацак і запрашалі паспытаць сваю ўдачу ў бяспройгрышнай латарэі.

Прыгожае свята атрымалася ў Лапацічах. Прыемна, што яно сабрала на агульнай пляцоўцы вяскоўцаў розных узростаў і забяспечыла цудоўны настрой ўсім без выключэння.

Тэкст і фото Аксаны НЯМЦОВАЙ.

Поделиться