У бягучым годзе абрадавае свята “Макавей”, што традыцыйна праходзіць на “Блакітнай крыніцы”, не стала выключэннем і сабрала вялікую армію вернікаў —  людзей, якія імкнуцца прыйсці да Бога, знайсці фізічны і духоўны спакой. Штогод крыніца збірае тысячы людзей, якія геаграфічна з населеных пунктаў усёй Беларусі, Расіі, Украіны, дальняга замежжа. Адладжаная работа супрацоўнікаў дзяржаўтаінспекцыі, іншых службаў робяць такі наплыў тэхнікі арганізаваным, а знаходжанне людзей на свяце – камфортным і бяспечным.

Надвор’е, дзякаваць богу, было добрым і дазволіла кожнаму, хто завітаў сюды, правесці час з карысцю.

Больш за сотню рамеснікаў з розных абласцей краіны прапанавалі свае вырабы ў гандлёвай зоне. А колькасць гандляроў мёдам увогуле падлічыць было немагчыма. Дзясяткі гатункаў мёду, вырабаў з яго прапанаваліся ў той дзень пчалярамі. Была нават магчымасць набыць пчаліныя сем’і. Нездарма на Мядовы спас да нас едуць з усіх куткоў.

Харчовая бяспека свята таксама была арганізаваная самым шырокім асартыментам страў: ад малодзенькіх кіёвак да шашлыка і бліноў. Таму галадаць не было калі. Вядомая справа, пры наяўнасці грошай.

Для дзетвары таксама было дзе час правесці: атракцыёны, катанне на поні, мноства цацачна-сувенірнай атрыбутыкі захаплялі ў палон любога маленькага госця мерапрыемства.

Намеснік старшыні райвыканкама Алена Шаўцова вітала ўсіх рамеснікаў, якія завіталі на свята. “Слаўгарадчына – гасцінная зямля і радая ўсім, хто прыходзіць да нас з мірам. Спадзяюся, што і надалей пра наш Прысожскі край у вас застануцца толькі станоўчыя ўспаміны”, — адзначыла яна. Да таго ж, Алена Міхайлаўна ўзнагародзіла ўсіх рамеснікаў, якія завіталі на свята і прынеслі ў яго свой каларыт, свае фантазіі і талент.

Богаслужэнне таксама было мнагалюдным. Людзі, і гэта было бачна вакол, шукаюць дапамогі ў Бога ў гэты няпросты час. Яны адкрываюць свае душы для чысціні, дабра, узаемапавагі. Але ж і без лыжкі дзёгця не абышлося. Традыцыйнымі сталі і дзяўчаты ў міні-бікіні, маленькія сабачкі, гаспадары якіх імкнуліся і іх з дапамогай вады зрабіць здаровымі. Не ведаю, карціна, скажу адкрыта, непрывабная. Тым не менш, гэта нашая рэчаіснасць. Спадзяюся, што праз нейкі час і ў гэткіх людзей у свядомасці нешта зменіцца. Пачакаем.

Амаль да нядзелі мінулага тыдня не пакідалі тэрыторыю крыніцы людзі. Хочацца верыць, што плён ад гэтага будзе. І мы здолеем стаць чысцей у думках і справах сваіх.

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара. 

Поделиться