Вопыт, адказнасць, камунікабельнасць, шчырасць – усё гэта вельмі трапна апісвае братоў Кухаравых, Віталя і Аляксандра, якія ўжо больш за трыццаць год працуюць у ААТ “Прывольны агра”. Як браты прыйшлі ў прафесію? Што дапамагае ім кожны дзень выконваць сваю цяжкую, але вельмі важную справу? Хто натхняе іх на працоўныя подзвігі? Пра гэта і не толькі Аляксандр Міхайлавіч і ягоны брат Віталь Міхайлавіч рассказалі “Прысожскаму краю”.

«Нарадзіўся я, значыць, тут. Ажаніўся таксама тут. Працаваў…» – гісторыя жыцця Фядоса Ходаса з кінафільма “Белыя росы”. Дзіўным чынам гэтыя словы суадносяцца з жыццёвым шляхам нашых герояў.

Аляксандр і Віталь нарадзіліся ў вёсцы Прыволле ў шматдзетнай сям’і. Аляксандр – у 1959 годзе, Віталь на 3 гады пазней. Любоў да працы браты атрымалі ў спадчыну. Іх мацi Соф’я Савельеўна ўсё жыццё працавала ў калгасе, нарадзіла і выгадавала пяцёра дзяцей: траіх сыноў і дзвюх дачок. Бацька Міхаіл Іларыёнавіч – заслужаны работнік – працаваў брыгадзірам, за працоўныя дасягненні быў узнагароджаны ордэнам. На жаль, Міхаіл Іларыёнавіч заўчасна памёр, таму сынам рана прыйшлося прызвычаіцца да ролі старэйшых у сям’і.

Аляксандр з дзяцінства вылучаўся прагаю да ведаў. У школу пайшоў у пяць год:

– Я маленькі быў, а вучыцца моцна хацеў. Прыйду ў школу, сяду за парту… Настаўніца мяне праганяла спачатку, а потым вырашыла, напэўна, што прасцей будзе мяне залічыць у першы клас. Так я ў пяць год стаў школьнікам, ужо ў пятнаццаць атрымаў атэстат.

Пасведчанне аб заканчэнні школы ў Аляксандра Міхайлавіча было ўзорным: пяцёркі і чацвёркі. Як і ў яго малодшага брата Віталя.

Трэба адзначыць той факт, што лёсы братоў Кухаравых перыядычна спляталіся, ствараючы цікавыя супадзенні: і Віталь, і Аляксандр неслі службу ў ракетных вайсках стратэгічнага прызначэння. Старэйшы брат – у Расіі, непадалёк ад Пецяргофа, малодшы – ва Украіне і ў горадзе Капусцін Яр (РСФСР). Кухаравы ў адзін голас адзначаюць:

– Служба ў савецкім войску пакінула незабыўныя ўражанні ўжо таму, што, дзякуючы ёй, мы пабачылі свет.

– Хлопец з невялікай беларускай вёскі, я захапляўся фантанамі Пецяргофа, прыгажосцю Эрмітажа. Наведаў велічную “Аўрору”, – расказвае Аляксандр Міхайлавіч.  

У калгасе “Савецкая Беларусь”, да якога адносілася вёска Прыволле, старэйшы з братоў пачаў працаваць у 1983 годзе. На той момант за яго плячыма была служба ў войску і курсы кіроўцаў. З той пары пачалося яго працоўнае падарожжа па шляхах Беларусі і замежжа. Прафесія ў пэўнай меры дапамагла ажыццявіць мары Аляксандра Міхайлавіча:

– Раней вадзіцелем цікава было працаваць. Куды толькі нас не выпраўлялi ў камандзіроўкі! Давялося пабываць ва Украіне, у Малдове.

Пачынаў працаваць Аляксандр Кухараў на бензавозе, але ў хуткім часе атрымаў аўтамабіль ГАЗ-53, на якім працуе і сёння. Гарачая пара для яго пачынаецца з надыходам жніва. Вопытны кіроўца ніколі не бывае без працы: штогод заняты на адвозцы зерня ад камбайнаў.

– Жніво для мяне – самы напружаны час. На працы – з ранку да ночы. Нюансаў многа, бывае рознае. Часам падводзіць тэхніка. Але для мяне галоўная мэта, каб усё было штатна, без надзвычайных сітуацый.

Варта адзначыць, што кожнае жніво Аляксандр Міхайлавіч Кухараў сярод лідараў-тысячнікаў. Пастаўленыя кіраўніцтвам задачы вадзіцель выконвае дасканала, бо сэрцам хварэе за кожнае зярнятка. Штогод яго праца адзначаецца граматамі і падзякамі.

Ладзіцца ўсё ў Аляксандра Кухарава і ў асабістым жыцці. На рабоце ён – надзейны працаўнік, а дома – добры гаспадар і сем’янін. З жонкай Тамарай Васільеўнай разам ужо 32 гады. Выгадавалі і выправілі ў жыццё дваіх дачушак. Зараз жа ўвесь вольны час прысвячаюць унукам, якіх у сям’і Кухаравых пяцёра.

Працоўны шлях малодшага брата, Віталя Міхайлавіча, распачаўся ў 1980 годзе таксама ў родным калгасе. З невялікім перапынкам на службу ў войску ён працуе вадзіцелем амаль 40 год. За гэты час, як і брат, працаваў на бензавозе, наведваў з камандзіроўкамі рэспублiкi СССР.

Сёння праца Віталя Міхайлавіча можа здацца банальнай. Але чалавека больш важнага, асабліва ў летні перыяд, механізатары і ўсе тыя, хто працуе ў полі, наўрад ці змогуць назваць. Віталь Міхайлавіч дастаўляе для працаўнікоў ААТ “Прывольны агра” гарачае харчаванне, а таксама развозіць паляводаў. Гэта сапраўдны прыклад чалавека, які знаходзіцца на сваім месцы. Ягоная работа дакладна арганізаваная, вывераная, прычым, плануе свой дзень кіроўца самастойна. Дзень Віталя Міхайлавіча пачынаецца а чацвёртай гадзіне раніцы, заканчваецца – а дзявятай вечара:

– У такім рэжыме я працую больш за дваццаць год. Справа нялёгкая, але іншай для сябе я не ўяўляю. У час жніва мая работа асабліва важная. Мне прыемна бачыць, як людзі на палях з усмешкай мяне сустракаюць.

Нягледзячы на такі шчыльны працоўны графік, Віталь Міхайлавіч паспявае быць узорным сем’янінам. Трыццаць тры гады ён шчасліва жыве з жонкай Валянцінай. Разам выгадавалі сына і дачку. Зараз галоўнае шчасце ў доме Кухаравых – унучкі.

Браты Кухаравы ўсё жыццё прысвяцілі роднай зямлі.  У сваёй справе яны адны з лепшых. Сакрэт поспеху выдатных працаўнiкоў просты: яны робяць так, каб брату ніколі не было сорамна за брата. Змяняюцца часы, а Віталь і Аляксандр з году ў год моцна трымаюць руль сваіх машын.

Алёна КУХАРАВА.

Фота аўтара.

Поделиться