“МНЕ ТУТ ПАШАНЦАВАЛА НАРАДЗІЦЦА!”

У прыгожым карагодзе святочных мерапрыемстваў, аб’яднаных адзінай мэтай ушанавання самых паважаных жыхароў слаўгарадскага краю, чарга дайшла і да Васькавіцкага сельвыканкама. У мінулую нядзелю на ягонай тэрыторыі прайшло свята вёскі, а ладзілася яно ў прыгожым аграгарадку Ржаўка. На адкрытай пляцоўцы ля Ржаўскага сацыяльна-культурнага цэнтра была арганізавана імправізаваная канцэртная зала, ўпрыгожаная разнастайнымі тэматычнымі куткамі.

На свята вёскі былі запрошаны паважаныя асобы, якіх нельга назваць гасцямі, бо яны свае, землякі: старшыня райвыканкама Сяргей Міхалюта; старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь” Святлана Язерская; намеснік старшыні райвыканкама Алена Шаўцова, старшыня Васькавіцкага сельвыканкама Валянціна Малахава, кіраўнік ААТ “Прывольны агра” Таццяна Кухарава, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Купрыянцава.

У прывітальным слове Святлана Язерская адзначыла, што ў кожным кутку Слаўгарадскага раёна ёсць свая адметнасць. А ржаўскую зямлю адрознівае такая акалічнасць: жывуць тут такія людзі, што сваёй гаспадарлівасцю ствараюць такі населены пункт, куда цягне душой. “Свята вёскі – добрая магчымасць сустрэцца і сказаць “дзякуй” тым, хто ўклаў у гэтую зямлю сваю душу, свою працу. Таму ў гэты святочны дзень я жадаю ўсім вяскоўцам міру і здароўя, кахання і дабрыні, няхай усе вашыя мары здзяйсняюцца”, — сказала Святлана Аляксандраўна.

Сяргей Міхалюта ў сваёй прамове падзякаваў жыхароў Ржаўкі за тое, што запрасілі на сваё свята і далі магчымасць удзельнічаць у такой падзеі. Ён выказаў словы падзякі за цяжкую сялянскую працу мясцовым рупліўцам, гаспадарам калгасных палеткаў, старшыням мясцовых сельгаспрадпрыемстваў і ограна ўлады.

Вядучыя пазнаёмілі ўсіх прысутных з гістарычнымі звесткамі пра свой аграгарадок, які акрамя знакавых дат славіцца таксама і людзьмі з вялікім жыццёвым вопытам. Адзін з іх – доўгажыхар Ржаўкі 83-хгадовы Міхаіл Гапееў, які шмат гадоў аддаў працы ў сельскай гаспадарцы. Павіншаваў гэтага аксакала і ўручыў яму кветкі і падарункі Сяргей Валер’евіч.

Шмат слоў падзякі за цяжкую сялянскую працу сваім працаўнікам і ветэранам сельгасвытворчасці выказала і Таццяна Кухарава. Ёй выпаў гонар віншаваць  земляка, які сваёй працай зрабіў вялікі ўклад у развіццё роднай вёскі, – Мікалая Макаранку. Шмат гадоў гэты руплівец шчыраваў трактарыстам у мясцовым сельгаспрадпрыемстве, і за гэты час яго адказная праца была неаднаразова адзначана толькі пазітыўна. Працоўным дынастыям Таццяны Кухаравай, Аляксандра і Віталя Кухаравых падарункі, кветкі і шчырыя словы прызнання адрасавала старшыня дэпутатскага корпуса раёна.

Віншуючы жыхароў са святам вёскі, Алена Шаўцова адзначыла ўклад кожнага ў сельскую гаспадарку, адукацыю, культуру, іншыя напрамкі. Яна шчыра падзякавала ўсім за працу, прафесіяналізм, а асобныя словы прызнання былі агучаны шаноўным ветэранам. У той дзень на свяце прысутнічала сямейная пара, якая ў гэтым годзе адзначыла 46-годдзе сумеснага жыцця. Фёдара і Таццяну Пішчанкаў віншавала Алена Міхайлаўна, яна пад апладысменты землякоў уручыла ім кветкі і падарункі. Шматдзетная сям’я Краўцовых Аляксея і Марыны таксама была атулена ўвагай на свяце. Чацвёра дзетак выхоўваюць маладыя супругі, прычым іхняя трохмесячная дачушка Аляксандра з’яўляецца самай маленькай жыхаркай Ржаўкі. Сяргей Міхалюта, уручаючы падарункі, шчыра павіншаваў Краўцовых за лад у сям’і і пажадаў, каб у іх усё ладзілася, і здароўя дзеткам.

Валянціна Малахава, у сваю чаргу, таксама агучыла шмат цёплых слоў віншавання жыхарам Ржаўкі і пажадала толькі мірнага неба, каб у сем’ях панавалі каханне і павага, а родны аграгарадок толькі прыгажэў год ад году. Тым больш, што ў плане добраўпарадкавання тут ёсць маякі, на якія трэба раўняцца астатнім. Напрыклад, домаўладанне Мікалая і Марыны Раманавых з’яўляецца сапраўдным упрыгажэннем аграгарадка. Гэтым рупліўцам Валянціна Аляксандраўна ад сельвыканкама ўручыла падарункі за навядзенне і падтрыманне парадку вакол сядзібы.

Настраёвасць на свяце забяспечвалі спявачкі народнага вакальнака калектыву “Чапурушкі”, артысты РЦК і НТ Наталля Купрэева і Павел Ануфрыеў, Пётр Чабатар,  юныя мясцовыя вакалісты і танцоркі. Таксама для стварэння неабходнай атмасферы былі прадстаўлены розныя куткі: выстава гародніны, традыцыйных сялянскіх прылад працы і рамёстваў, здабыткаў ніў і палеткаў.  Ржаўская сельская бібліятэка падрыхтавала выставу, якая знаёміла з гісторыяй населенага пункту і ягонымі знакамітымі жыхарамі. Свае цудоўныя вырабы прадстаўлялі майстры раённага Дома рамёстваў, слаўгарадскія рамеснікі, мясцовая ўстанова адукацыі. Сваю малочную прадукцыю прапанавала на свяце сыравар Тамара Твярдоўская. Вялікім попытам у ржаўскай дзятвы, ды і дарослых, карысталася пляцоўка з разнастайнай спартыўнай аснасткай, падрыхтаваная метадыстамі цэнтра фізкультурна-масавай і спартыўнай работы. Таксама ўсе жадаючыя маглі падсілкавацца юшкай і іншымі прысмакамі.

Нягледзячы на тое, што апошняя нядзеля лета выдалася спякотнай, сонечнай і, так бы мовіць, прыдатнай для розных гаспадарчых вясковых спраў, мясцовыя жыхары знайшлі магчымасць завітаць на свята і разам з землякамі ўшанаваць сваю малую радзіму.

Тэкст і фота Аксаны НЯМЦОВАЙ.

Поделиться