Жывёлаводы на вёсцы – людзі шаноўныя, але і праца ў іх вельмі клапатлівая. Таму зараз моладзь даволі рэдка абірае гэтую прафесію, а асноўны касцяк калектыву жывёлаводаў ў многіх гаспадарках складаюць вопытныя кадры. Яскравым прыкладам адданага служэння сваёй справе з’яўляецца аператар па дарошчванню і адкорму маладняку буйной рагатай жывёлы КСУП “Заранскі” Віктар СІВУХІН. Усё працоўнае жыццё ён аддаў роднаму прадпрыемству, дзе амаль 25 гадоў шчыраваў трактарыстам, а апошні дзясятак – даглядае цялят. Гэты надзейны працаўнік належыць да ліку лепшых жывёлаводаў не толькі сваёй гаспадаркі, але і раёна. Неднаразова поспехі Віктара Міхайлавіча былі прызнаныя не толькі на Слаўгарадчыне, але і на ўзроўні аблвыканкама, аб чым сведчаць шматлікія ўзнагароды гэтага прафесіянала.

Гэта толькі на першы погляд работа жывёлавода здаецца простай і не патрабуе асаблівых намаганняў: пакарміў цялятак, памяняў ім подсціл – і вольны. А калі гэтых самых цялятак 82 галавы, як у майго субяседніка? Таму Віктар Міхайлавіч з самага ранку на нагах, пільна сочыць за сваімі падапечнымі і робіць ўсё для іх неабходнае, як таго патрабуе тэхналогія. Вынікам бездакорнага выканання абавязкаў сталі добрыя прывагі цялятак, якіх даглядае Сівухін, – за жнівень яны набралі амаль па 800 гр. У верасні гэтая лічба будзе крыху меншай, але гэта і зразумела, бо маладняк расце і ўжо не так хутка прыбаўляе ў вазе.

Вядома, што жывёлаводы павінны быць чуллівымі і клапатлівымі сябрамі жывёле, каб папярэдзіць непапраўныя змены ў яе стане. Менавіта такім чалавекам з’яўляецца Віктар Міхайлавіч, таму і на добрым рахунку ў кіраўніцтва прадпрыемства за сваю надзейнасць і адказнась.

Тэкст і фота Аксаны НЯМЦОВАЙ.

Поделиться