Наведваючы раённыя мерапрыемствы заўсёды па іх заканчэнні нешта сябе  аналізуеш, робіш высновы, адкладваеш у галаве. І часцей за ўсё, такая ўжо спецыфіка нашага журналісцкага хлеба, з-за іхняй паўторнасці з году на год вока, што завецца, замыльваецца. Перастаеш прымячаць нейкія штрыхі, ас   аблівасці, дэталі.

Але так не было ў гэты раз. Мерапрыемства, наладжанае з нагоды Дня пажылых людзей, стала сапраўдным святам тых, хто сустрэў восень жыцця, хто сваёй працай заслужыў адпачынак, хто аднаўляў гаспадарку ў пасляваенны час, хто застаўся на малой радзіме і добрасумленна шчыраваў тут пасля Чарнобыльскай катастрофы. І пералічваць можна яшчэ шмат заслугі прадстаўнікоў, прабачце за афіцыёз фармуліроўкі, старэйшага пакалення.

Раённы цэнтр культуры і народнай творчасці сустракаў бабуль, дзядуль, проста людзей, якія завіталі на свята, выставай, якая вабіла вока сваёй аўтэнтычнасцю і каларытам.

Не менш цікавым стала і дзейства, якое адбывалася на сцэне цэнтра культуры. Кіраўнік раёна Сяргей Міхалюта звярнуўся да аўдыторыі са словамі віншавання. Ён адзначыў, як важна сёння зберагчы мір і пакой у краіне і высока ацаніў ролю старэйшага пакалення ў гэтым працэсе.

Сяргей Валерьевіч выканаў і ўрачыстую місію – узнагародзіў вакальны калектыў “Поющие сердца”, створаны з удзелам пажылых людзей, і клуб “Ветэран”. Яшчэ раз падзякаваў усіх за высокую актыўнасць і прасіў і надалей прымаць самы шчыльны ўдзел у выхаваўчай рабоце, фарміраванні патрыётаў сваёй краіны.

Шмат цёплых і шчырых слоў гучала са сцэны ў той дзень: у вершавальнай форме, праз песню. Гучная жыццесцвярджальная народная песня сваім пазітывам тут суседнічала з вершам, які вымушаў заглянуць  у сябе, задумацца. Дзеці, дарослыя імкнуліся падарыць свята сваім бабулям і дзядулям, зыходзячы з водгукаў, гэта арганізатарам удалося ў поўнай меры.

Другой часткай праграмы стала сустрэча добрых сяброў – членаў клуба “Ветэран”. На якім прысутнічалі старшыня райвыканкама Сяргей Міхалюта, яго наместнік Алена Шаўцова, аўтар гэтых радкоў. У больш цеснай атмасферы людзі сталага ўзросту тут мелі магчымасць наладзіць свае, кажучы сучасным стылем, камунікацыі. І зноў гучалі ў іх адрас віншаванні, і зноў яны давалі абяцанні жыць і радавацца жыццю, нягледячы ні на якія перашкоды.

Чаго мы ім ад усяго сэрдца і жадаем.

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.

Поделиться