Дзень работнікаў культуры – незвычайнае свята. Гэта свята людзей таленавітых, ініцыятыўных і крэатыўных, якія дораць добры настрой і напаўняюць наша жыццё яркімі фарбамі. Сваёй працай і творчасцю яны прымушаюць людзей разважаць і суперажываць, любіць нацыянальныя традыцыі і культуру свайго народа.

У мінулую пятніцу ў кінатэатры “Радзіма” адбылося святочнае мерапрыемства, і ў гэты раз у гонар саміх работнікаў культуры Слаўгарадчыны. Шыкоўна ўпрыгожанае фае сустракала ўдзельнікаў свята: выстава дасягненняў культурнай нівы раёна, жывая музыка, пантамімы ад розных устаноў культуры – такое афармленне свайго свята зрабілі таленавітыя натуры. А ў самой глядзельнай зале сабраліся работнікі і кіраўнікі ўстаноў клубнай сістэмы, Дома рамёстваў, кінасеткі, музея, бібліятэк, дзіцячай школы мастацтваў, кіраўнікі і ўдзельнікі народных творчых калектываў, аматарскіх аб’яднанняў і мастацкай самадзейнасці. Іншымі словамі, усе тыя, хто ствараюць людзям свята сваім невычэрпным натхненнем і адданым служэннем мастацтву, напаўняючы незабыўнымі ўражаннямі кожны дзень нашага жыцця. Таксама на ўрачыстай сустрэчы прысутнічалі шаноўныя госці з ліку прадстаўнікоў улады, медыцыны, адукацыі, спорту і турызму, сацыяльнай сферы, райсавета ветэранаў, грамадскіх арганізацый.

З прывітальным словам ад імя райвыканкама і сябе асабіста да прысутных работнікаў культурнай нівы раёна і ветэранаў галіны звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Алена Шаўцова: “Вы адданыя сваёй справе, якую выконваеце з вялікай адказнасцю, таму што вам падуладныя душы і сэрцы людзей. Кожны дзень сваёй працай вы захоўваеце і памнажаеце гістарычную і культурную спадчыну нашага рэгіёна, яго народныя звычаі і традыцыі. Я паважаю вашу працу і вельмі ўдзячная за яе. Моцнага вам усім здароўя, дабрабыту, творчых знаходак і паспяховай прафесійнай дзейнасці”.

Цырымонія ўзнагароджвання, якую правяла Алена Міхайлаўна, прайшла пад шчырыя авацыі залы. За добрасумленную працу, высокае прафесійнае майстэрства, асабісты ўклад у развіццё культуры і ў сувязі з прафесійным святам былі адзначаны работнікі і кіраўнікі ўстаноў культуры Ганаровымі граматамі ўпраўлення культуры аблвыканкама, Падзякамі райвыканкама, Ганаровымі граматамі абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, Падзякамі ад раённага аб’яднання прафсаюзаў, Падзякамі і падарункамі ад раённай арганізацыі РГА”Белая Русь”.

Ад раённага Савета дэпутатаў павіншаваць працаўнікоў культуры завітаў член прэзідыума, начальнік раённага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Андрэй Чачора. У сваіх віншавальных словах ён адзанчыў, што не кожны, на яго погляд, можа мець дачыненне да прафесіі, звязанай з мастацтвам, бо яна патрабуе адмысловага складу характару і творчых здольнасцей. Якімі безумоўна валодаюць усе прысутныя, што здольныя зберагчы галоўнае ў беларускай культуры – самабытнасць. Падзячнымі лістамі ад раённага Савета дэпутатаў Андрэй Аляксеевіч узнагародзіў шэраг прысутных.

Шчырыя словы віншаванняў гучалі ў той дзень і ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіны Купрыянцавай. Яна адзначыла, што ў культуры няма людзей выпадковых. Тут знайшлі сябе толькі самаадданыя, цярплівыя, таленавітыя людзі, якія ведаюць, што культура словам, песняй, кнігай, музыкай лечыць чалавечыя душы. Сардэчныя пажаданні дабрабыту, моцнага здароўя, гармоніі і ўвагі ў сем’ях адрасавала Галіна Васільеўна працуючым на ніве культуры раёна. А таксама ўзнагародзіла лепшых прадстаўнікоў сферы Граматамі і Падзякамі. Не засталіся па-за ўвагай начальніка аддзела і ветэраны працы, якім яна з удзячнасцю ўручыла падарункі і кветкі.

Не засталася ў баку ад такого прыгожага свята і прафсаюзная арганізацыя. Старшыня прафкама работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Хацетоўская, віншуючы з прафесійным святам усіх маючых дачыненне, пажадала моцнага здароўя, мірнага неба і шматлікіх крэатыўных ідэй, і ўручыла Падзякі за шматгадовую плённую працу тым, хто былі гэтага вартыя. Таксама шмат цёплых слоў і добрых пажаданняў гучала на мерапрыемстве ад галоўнага ўрача райбальніцы Алены Аксёнавай і іншых гасцей. А святочны настрой творчай аўдыторыі стваралі, зразумела, самі віноўнікі ўрачыстасці. І, трэба адзначыць, усе выступленні пакідалі незабыўныя ўражанні сваёй душэўнасцю і высокім майстэрствам. Яно і зразумела, бо артысты ў той дзень не працавалі, а святкавалі.

Аксана НЯМЦОВА.

Фота аўтара.

Поделиться