АЛЯКСАНДРА УРБАНОВІЧ: ХАЦЕЛАСЯ Б, КАБ ЛЁГКАЯ АТЛЕТЫКА АТРЫМАЛА ДАДАТКОВЫ СТЫМУЛ ДЛЯ РАЗВІЦЦЯ

Аляксандры Урбановіч — 24 гады, з якіх 15 яна займаецца спортам. Цяпер дзяўчына — інструктар-метадыст спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву № 2 горада Ліды. Трэці год працуе трэнерам-выкладчыкам па лёгкай атлетыцы. Ад спартыўнай галіны абрана дэлегатам на VІ Усебеларускі сход. Гэту падзею адзначае як вельмі важную ў сваім жыцці, бо ўпершыню бярэ ўдзел у такім значным для дзяржавы мерапрыемстве.

Пачынала сваю спартыўную кар’еру Аляксандра з футбола. Бацька прывёў яе ў спартыўны клуб у шэсць гадоў. Так і займалася дзяўчынка футболам, пакуль яе не заўважыў трэнер дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы падчас школьных спаборніцтваў. Ён і перацягнуў школьніцу ў лёгкую атлетыку. З таго часу менавіта гэты спартыўны кірунак стаў галоўным у кар’еры Аляксандры. У 9-м класе яна паступіла ў Віцебскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву, зараз працягвае вучобу ў ВНУ і вядзе спартыўную падрыхтоўку будучых чэмпіёнаў.

У самога трэнера нямала спартыўных дасягненняў. Яна — кандыдат у майстры спорту, удзельніца чэмпіяната Еўропы сярод юніёраў, неаднаразовая пераможніца і прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў. Сёлета стала пераможніцай міжгаліновай алімпіяды работнікаў фізічнай культуры, спорту і турызму, выступае за Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт.

Значныя намаганні Аляксандра прыкладае ў рабоце з дзецьмі. Па словах маладога трэнера, вельмі важна падабраць матываваных дзяцей, якія жадаюць будаваць сваю спартыўную кар’еру. І тут многае залежыць ад трэнера. Бо гэта яго задача — убачыць у дзіцяці задаткі спартсмена і развіваць іх.

— Галоўнае — зацікавіць дзяцей, каб яны былі скіраваны на вынік, зрабіць правільную расстаноўку. Кагосьці паставіць на доўгія дыстанцыі, кагосьці — на кароткія, іншага — на скачкі. Вядома, ёсць і методыка адбору, для трэнера існуе нямала дапаможнікаў, але нельга не ўлічваць асабістыя якасці трэнера, інтуіцыю, у спорце гэта таксама важна, — лічыць суразмоўніца. — Ну і з бацькамі наладжваць кантакт. Бо цяпер як бацькі скажуць, так дзіця і робіць. А многія хочуць бачыць сыноў і дачок знакамітымі спартсменамі.

Вядома, як дзіцячага трэнера яе цікавіць і хвалюе развіццё дзіцяча-юнацкага спорту. У яе група школьнікаў з 4-га да 6-га класа. Заняткі праходзяць тры разы на тыдзень па паўтары гадзіны на базе сярэдняй школы.

— Хацелася б, каб лёгкая атлетыка атрымала падтрымку. Лічу, што пакуль у нас недастаткова спартыўных лёгкаатлетычных збудаванняў. Займацца з вялікай колькасцю дзяцей у спартыўных залах не вельмі зручна. Хацелася б, каб былі такія збудаванні спецыяльна для лёгкай атлетыкі. Асабліва ў невялікіх гарадах.

Што датычыцца трэнерскага саставу, дэфіцыту кадраў няма. Тут працуе нямала знакамітых спартыўных педагогаў. Адметна, што працаваць вяртаюцца былыя выхаванцы дзіцяча-юнацкай школы, якія атрымалі вышэйшую адукацыю і спрабуюць сябе на трэнерскай рабоце. Такая магчымасць ім даецца. Усе яны любяць сваю работу і працуюць самааддана. Гэтаму спрыяе і той факт, што трэнеры мясцовыя, таму клапоцяцца аб гонары свайго роднага краю, імкнуцца праславіць яго спартыўнымі дасягненнямі. На думку Аляксандры Урбановіч, на Усебеларускім сходзе варта закрануць і гэтае пытанне, каб выхаванцы спартыўных школ вярталіся працаваць менавіта ў свае родныя ўстановы.

— Спорт у краіне развіваецца вельмі актыўна, яго пастаянна папулярызуюць — як масавы спорт, так і прафесійны. Будуецца вельмі шмат спартыўных аб’ектаў. Напрыклад, у Лідзе пабудаваны адкрыты футбольны манеж, ёсць Лядовы палац, нядаўна адкрыўся для наведвання вялікі спартыўны комплекс «Алімпія», працуе басейн, трэнажорныя залы. Створаны ўсе ўмовы для заняткаў спортам, і гэта вельмі запатрабавана.

Поделиться