Пасля распаду старажытнай рускай дзяржавы на шэраг самастойных княстваў, зямля радзімічаў была падзелена паміж смаленскімі і чарнігаўскімі княствамі. Якраз да гэтага часу адносяцца першыя звесткі аб Прапойску. Упершыню гэты горад узгадваецца ў статутнай грамаце смаленскага князя Расціслава Мсціславіча ў 1136 годзе пад назвай Прупой або Прапойск. Згодна грамаце, смаленскі епіскап атрымаў права збіраць з Прапойска 10 грывен дані. Прапойск знаходзіўся на крайнім поўдні смаленскага княства, каля самых яго межаў з чарнігаўскай зямлёй. У 9 кіламетрах ад Прапойска, ва ўрочышчы “Галуба” на левым беразе Сожа, калісьці знаходзілася два велізарных камяні з увагнутасцямі, якія нагадвалі сляды ног і адбіткі пальцаў чалавечай рукі. Гэтыя камяні, верагодна, былі межавымі знакамі, якія падзялялі тэрыторыю двух суседніх княстваў. Адсюль смаленскія князі рабілі набегі на сваіх ворагаў. Так, у 1142 годзе князь Расціслаў, накіроўваючыся ўніз па Сожу, уварваўся ў зямлю севяран і “взял около Гомля их волость всю”.

Па Сожу праз Прапойск праходзіў гандлёвы шлях з паўднёвых рускіх княстваў у паўночныя. Па гэтаму шляху ў 1168 годзе ехаў з Кіева ў Ноўгарад князь Расціслаў. У другой палове XII стагоддзя праз Прапойск праязджалі купцы, якія накіроўваліся ў Растова-Суздальскае княства. Прапойск займаў выгаднае геаграфічнае становішча, што спрыяла яго развіццю.

Мяркуючы па дані, Прапойск у першыя гады свайго існавання быў нязначным населеным пунктам. Асноўнай крыніцай даходаў Прапойска былі княжацкія заезныя двары (карчмы). Іх у Прапойску было так многа, што аб гэтым згадвае нават летапіс.

Мы не можам указаць дату заснавання Прапойска, які ў 1136 годзе ўжо існаваў як горад. Аднак з поўнай верагоднасцю можам указаць месца першапачатковага пасялення, якое перарасло пазней у горад. Гэта цяперашняя тэрыторыя гарадскога парку. Тут, на высокім беразе Сожа, быў закладзены фундамент горада.

Сваю назву Прапойск атрымаў ад імя рэчкі Пропасці (так у старажытнасці называлася Проня). У некаторых народных паданнях Прапойск называўся Прапосцькам – горад на Пропасці. Пазней гэта назва змянілася на Прапойск.

Поделиться