Фелікс Шкірманкоў – беларускі пісьменнік, член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Фелікс Шкірманкоў нарадзіўся 27 мая 1926 года ў мястэчку Прапойск, у сям’і служачага. У 1933 годзе пайшоў у школу. У 1939 годзе бацьку перавялі ў Глуск, і сям’я пераехала разам з ім. У студзені 1941 года Фелікса прынялі ў камсамол, у чэрвені ён закончыў васьмігодку. Марыў паступаць на геолага. 20 чэрвеня 1941 года адправіў дакументы на Урал у Алапаеўскі геолагаразведвальны тэхнікум. А 22 чэрвеня 1941 года пачалася вайна…

Пятнаццацігадовым падлеткам Фелікс Шкірманкоў уступіў у знішчальны батальён гарадскога пасёлка Глуск. Пасля сканчэння спецыяльнай партызанскай школы перайшоў лінію фронту і змагаўся на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў брыгадзе Ф.С.Шляхтунова, якая з 1943 года насіла імя генерала Л.М.Даватара. Двойчы быў паранены. У красавіку 1944 года накіраваны Беларускім штабам партызанскага руху на вучобу ў Маскоўскае Чырвонасцяжнае ваенна-інжынернае вучылішча, пасля – 4-ы Украінскі фронт, камандзір узвода разведкі   113-га асобнага ордэнаў Багдана Хмяльніцкага і Чырвонай Зоркі інжынерна-сапёрнага батальёна. І зноў раненне…

Вайну Фелікс Уладзіміравіч закончыў пад Прагай. Мае баявыя ўзнагароды: ордэн Чырвонага Сцяга, два ордэны Айчыннай вайны І ступені, медалі “За адвагу”, “Партызану Айчыннай вайны” І ступені,  “За Пабеду над Германіяй”. 

З 1948 па 1951 гады Фелікс Шкірманкоў праходзіў службу ў органах Дзяржбяспекі Магілёўскай вобласці. Дэмабілізаваўся ў 1951 годзе, скончыў у Магадане курсы тэхнікаў-геолагаў, горны факультэт Усесаюзнага завочнага інстытута горада Масквы, працаваў геолагам, начальнікам геолагаразведвальнай партыі на Калыме, паўвостраве Чукотка, узбярэжжы Ахоцкага мора (Расія).

Прафесія геолага-пашукавіка, а затым геолага-разведчыка дала магчымасць мець сувязь з прыродай. Убачанае, запаўшае ў сэрца стала прасіцца на бумагу. Ужо ў той час пачалі зараджацца першыя замалёўкі, апавяданні, вершы, якія Фелікс Уладзіміравіч аднёс у рэдакцыю газеты “Охотско-эвенская правда” – гэта быў першы вопыт супрацоўніцтва з перыядычнымі выданнямі, своеасаблівы допінг, адкрыўшы дзверы рэдакцый абласных і рэспубліканскіх газет.

У ліпені 1979 года Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў вярнуўся ў родны Слаўгарад. Працаваў загадчыкам аддзела ў раённай газеце “Ленінскае слова” (1989 – 1990 гг.).  У 1989 годзе стварыў грамадскі камітэт “Дзеці Чарнобыля”.

У 1991 годзе землякі абралі Фелікса Шкірманкова старшынёй гарадскога Савета народных дэпутатаў. На гэтай пасадзе ён працаваў да 1995 года і засведчыў сваю годнасць грамадзяніна і патрыёта Беларусі, выявіў арганізатарскі талент і высокія чалавечыя якасці.

 Друкавацца Фелікс Уладзіміравіч пачаў з пачатку 1990-х годоў ў часопісах “Полымя” і “Нёман”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. У 1990 годзе ў выдавецтве “Юнацтва” выйшла кніжка апавяданняў для дзяцей “Кто обидел медведя?” (на рускай мове), а ў сакавіку 1995 года да 50-годдзя Вялікай Перамогі ў выдавецтве “Беларусь” – дакументальная аповесць “Выпрабаванне”, аб баявой дзейнасці партызанскай брыгады імя Л.М.Даватара ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У чэрвені 2004 года ў Магілёўскай абласной тыпаграфіі імя С. Собаля выйшла першая маленькая кніжачка вершаў для дзяцей малодшага школьнага ўзросту на беларускай мове “Незвычайны каляндар”.

Некалькі дзясяткаў кніг падарыў свету і чытачу Фелікс Уладзіміравіч. Ён быў членам рэдкалегіі літаратурнай старонкі раённай газеты, шчыльна кантактаваў з раёнкай, друкаваўся.

Фелікс  Уладзіміравіч быў пастаянным удзельнікам грамадска-палітычнага жыцця раёна. Праз паэзію ён прапагандаваў любоў да малой радзімы, мір і спакой. Актыўна ўдзельнічаў у патрыятычным выхванні моладзі.

Увесь жыццёвы шлях Фелікса Уладзіміравіча  падтрымлівала  яго другая                    палавінка – жонка Вера Васільеўна. З 27 сакавіка 2007 года Фелікс Шкірманкоў з’яўляўся членам Саюза беларускіх пісьменнікаў. З  9 мая  2013  года – ганаровым ветэранам  Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Магілёўскай вобласці.

Памёр Фелікс Шкірманкоў 4 студзеня бягучага года.

Віктар Ракаў – беларускі паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Нарадзіўся 22 студзеня 1935 года ў в.Целяшы Слаўгарадскага раёна ў сям’і калгаснікаў. Скончыў Целяшоўскую СШ (1953 г.), фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага педінстытута (1958 г.), Мінскую вышэйшую партыйную школу (1971 г.). Віктар Афанасьевіч настаўнічаў у Целяшоўскай (1958–1960 гг.) і Рэчкаўскай (1960–1965 гг.) сярэдніх школах на Магілёўшчыне. Працаваў карэспандэнтам-аргані-затарам Магілёўскага раённага радыёвяшчання (1965 г.), загадчыкам сельскагаспадарчага аддзела шклоўскай раённай газеты “Ударны фронт” (1965–1969 гг.), літсупрацоўнікам газеты “Звязда” (1969–1975 гг.), рэдактарам аддзела публіцыстыкі часопіса “Полымя” (1975-1982 гг.).  З 1982 года В.А.Ракаў – адказны сакратар часопіса “Полымя”, а 1979 года – член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Літаратурнай дзейнасцю пачаў займацца ў студэнцкія гады. Першы верш надрукаваў у газеце “Магілёўская праўда”. Паэзія В.А.Ракава прысвечана вёсцы, бацькоўскай зямлі, сялянскай працы (зборнікі вершаў “Вернасць”, “Акно ў зялёны сад” ). Пісаў ён і пра пераемнасць пакаленняў (“Пазыўныя”, “Песня і памяць”, “І сноп, і птах, і я”), і пра гераізм нашых людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны, захапляўся прыгажосцю прыроды. Выдаў таксама шмат  нарысаў, крытычных артыкулаў, рэцэнзій.  Памёр у   2000 годзе.

Міхась Стральцоў – беларускі празаік, паэт, эсэіст, крытык, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы.

Міхаіл Лявонавіч Стральцоў нарадзіўся 14 лютага 1937 года ў вёсцы Сычын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Бацька  Лявон Клімавіч – быў дырэктарам школы,  а маці – Марына Міхайлаўна – займалася хатняй гаспадаркай.  У 1954 годзе будучы пісьменнік закончыў  Новаельненскую сярэднюю школу (Краснапольскі раён) і паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якое скончыў у 1959 годзе. Пасля заканчэння навучання працаваў у газеце “Літаратура і мастацтва” (1959–1961,1969–1972 гг.), часопісах “Полымя” (1961–1962 гг.), “Маладосць” (1962–1968 гг.). У 1983 годзе стаў загадчыкам аддзела крытыкі часопіса “Нёман”, дзе працаваў да заўчаснай смерці. Пісаць Міхась Стральцоў пачаў яшчэ ў школьныя гады. Яго першыя вершы на рускай мове былі змешчаны ў вучнёўскім рукапісным часопісе «Прамень» (1952 г.), а потым з’явіліся ў раённай газеце «Калгасны шлях» (1965 г.). Першае апавяданне «Дома» надрукаваў у 1957 годзе (часопіс «Маладосць», № 1).  А ў 1962 годзе  выйшла першая кніга яго апавяданняў «Блакітны вецер». Яна звярнула на сябе ўвагу чытачоў, крытыкі, грамадскасці здольнасцю аўтара пранікаць ва ўнутраны свет сваіх персанажаў, зацікаўленасцю маральна-этычнай праблематыкай. Аднак сапраўдную славу прынеслі пісьменніку зборнік апавяданняў «Сена на асфальце» (1966 г.), аповесць «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970 г.), якія вызначаюцца веданнем жыцця, наватарскім падыходам да адлюстравання рэчаіснасці, арыгінальнасцю творчых пошукаў і знаходак.  Аўтар удала спалучае бытавое, будзённае, зямное з узнёслым, рамантычным, у выніку чаго знаходзяць своеасаблівы сплаў проза і паэзія жыцця. Адначасова з празаічнымі творамі М. Стральцоў пісаў лірычныя вершы, поўныя роздуму і глыбокага пачуцця, нярэдка пабудаваныя на асацыятыўнай аснове (зборнікі «Ядлоўцавы куст», «Цень ад вясла»). Вядомы як перакладчык на беларускую мову твораў рускіх, украінскіх, італьянскіх, іспанскіх, лацінаамерыканскіх паэтаў — А. Пушкіна, М. Браўна, Н. Гільена, П. Неруды,  Я. Смелякова, рамана Ч. Айтматава «Заветны паўстанак» (1985 г.), прозы Л. Лявонава, Б. Пастэрнака і інш. Разам з В. Раеўскім напісаў сцэнарый тэлеспектакля «Па шчасце, па сонца” (паводле дарэвалюцыйных твораў Я. Купалы).

Усеагульным прызнаннем карыстаўся М.Стральцоў і як таленавіты крытык і літаратуразнавец. Яго праблемныя артыкулы па пытаннях літаратуры і мастацтва,  што змяшчаліся ў перыядычным друку, эсэ, творчыя партрэты, якія ўвайшлі ў кнігі «Жыццё ў слове», «У полі зроку», адпавядаюць іх высокім ідэйна-эстэтычным крытэрыям сучаснасці.

За актыўны ўдзел у літаратурнай дзейнасці М. Стральцоў узнагароджаны граматай Вярхоўнага Савета БССР. У 1988 годзе, пасмяротна, яму было прысвоена званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы за кнігу вершаў “Мой свеце ясны”.

Пра месца пісьменніка ў жыцці, яго твораў Міхась Стральцоў пісаў так: “Загадка ёсць у лёсе амаль кожнага мастака. Гэта загадка ракі: яна нараджаецца недзе ў вытоках, трымціць і мроіцца там, і толькі мора, у якое ўпадае рака, цалкам разгадвае яе. Мора – гэта час, жыццё народа і літаратуры, да якіх прылучаецца мастак”.    І з гэтымі словамі таленавітага земляка нельга не пагадзіцца.

Не стала Міхася Стральцова  23 жніўня  1987 года.

Алесь Масарэнка (Аляксандр Герасімовіч) – беларускі празаік, паэт, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Нарадзіўся 12 красавіка 1938 года ў вёсцы Ходарава Слаўгарадскага раёна ў сялянскай сям’і. Бацька – Герасім Андрэевіч, інвалід Вялікай Айчыннай вайны; маці – Ева Мікалаеўна. У 1956 годзе А.Масарэнка скончыў Целяшоўскую СШ, працаваў інструктарам Слаўгарадскага райкама камсамола (1956–1957 гг.), служыў у Савецкай Арміі (1957–1960 гг.). Пасля дэмабілізацыі паступіў на беларускае аддзяленне філфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (у 1963 г. перавёўся на вячэрняе аддзяленне), якое скончыў у 1966 годзе. Працаваў выхавацелем Мінскай школы-інтэрната №13 (1963–1966 гг.), рэдактарам аддзела беларускай літаратуры Камітэта па радыёвяшчанню і тэлебачанню СМ БССР (1966–1967 гг.), загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва газеты “Чырвоная змена” (1967г.), інструктарам па прамысловаму адлову рачнога бабра Літоўскага заацэнтра (1967–1968 гг.), літсупрацоўнікам газеты “Літаратура і мастацтва” (1968–1969 гг.), загадчыкам рэдакцыі дзіцячай літаратуры выдавецтва “Беларусь” (1969–1972 гг.), адказным сакратаром часопіса “Полымя” (1972–1974 гг.), рабочым у геалагічнай экспедыцыі Забайкалля (1974–1977 гг.), рэдактарам аддзела прозы часопіса “Маладосць” (1977-1978 гг.), членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі “Беларусьфільм” (1978–1982 гг.), загадчыкам аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса “Полымя” (1982-1986 гг.). 3 1986 года – рэдактар выдавецтва “Юнацтва”. 3 1989 года – літкансультант літаб’яднання “Крыніцы” пры “Чырвонай змене”. У 1992–1998 гадах – галоўны рэдактар часопіса маладых літаратараў Беларусі “Першацвет”.

З 1972 года – член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Літаратурную працу пачаў з вершаў, якія ўпершыню апублікаваў у 1959 годзе. З апавяданнямі ў рэспубліканскім друку выступіў у 1962 годзе. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў “На бабровых тонях” (1971 г.), “Журавіны пад снегам” (1976 г.), “Сонца майго дня” (1988 г.), “Пакуль не завялі кветкі” (1994г.), рамана “Баргузінскае лета” (1982 г.), зборніка вершаў “Рэха гіпербалы” (2006 г.) і інш.

Пераклаў на беларускую мову аповесць бурацкага пісьменніка Б.Мунгонава “Чорны вецер”.

Пісаў нарысы, апавяданні, прысвечаныя надзённым пытанням.

Памёр 23 верасня 2019 года.

Поделиться

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *