У пачатку і сярэдзіне XVIII стагоддзя тэрыторыя цяперашняга Слаўгарадскага раёна ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай. У гэты час Прапойск быў цэнтрам стараства, якое да 1772 года давала каралеўскай казне 9902 злотых.

Рэч Паспалітая слабела з кожным днём. Шматлікія паўстанні на тэрыторыі краіны былі адной з прычын заняпаду польска-шляхецкай дзяржавы. Аслабленне Рэчы Паспалітай выкарысталі суседнія дзяржавы, якія ў 1772 годзе правялі першы яе падзел. Да Расіі адыйшлі Полацкае, Віцебскае, Мсціслаўскае ваяводствы і частка Мінскага. Сумесна з Мсціслаўскім ваяводствам да Расіі адыйшоў Прапойск і навакольныя вёскі.

Захопленыя землі царскі ўрад раздаваў рускім памешчыкам, чыноўнікам і афіцэрам. Прапойскае стараства, куды ўваходзілі Прапойск і Краснаполле, Кацярына II падарыла Галіцыну.

Аляксандр Міхайлавіч Галіцын (1723–1807 гг.) больш 20 год знаходзіўся на дыпламатычнай службе за мяжой. У 1774 годзе за свае заслугі па Указу Кацярыны II атрымаў Прапойскае стараства з насельніцтвам у 2827 чалавек мужчынскага полу. З 1778 года Галіцын пакідае дзяржаўную службу і пачынае займацца гаспадаркай у сваіх маёнтках. Ён увесь час жыў у Маскве. Для кіравання атрыманымі землямі быў пастаўлены намеснік, у падначаленні якога знаходзілася два аканомы (адзін – у Прапойску, другі – у Краснаполлі). Са сваімі намеснікамі і аканомамі Галіцын вёў частую перапіску, унікаючы ва ўсе гаспадарчыя справы. Пазней Галіцын заняўся арганізацыяй бальніцы ў Маскве за свой рахунак. Гэта адцягнула яго ад вядзення гаспадаркі ў Прапойску. У 1802 годзе перапіска з намеснікам спынілася і не ўзнаўлялася да самай смерці Галіцына ў 1807 годзе.

Што ж уяўляла сабой вотчына Галіцына ў Прапойску? У другой палове сакавіка 1775 года намеснік стараства ўпершыню прыехаў у Прапойск. Ён убачыў беднае мястэчка з разбуранай гаспадаркай. У панскім маёнтку знаходзіліся невялікія запасы жыта, некаторы гаспадарчы інвентар, 22 галавы буйной рагатай жывёлы і 7 свіней. Гэта было ўсё. Жыхары Прапойска, па словах намесніка, знаходзіліся «в худом состоянии, безхлебные и безлошадные». Многія сяляне іншых населеных пунктаў у масавай колькасці ўцякалі ад прыгнёту. Так, толькі ў адным Васькавіцкім фальварку ва ўцекачах лічыліся 126 чалавек мужчынскага полу.

У Прапойскім старастве ў Галіцына было 102.383 дзесяціны зямлі. Глебы былі малаўрадлівыя, але затое меліся вялікія лясныя масівы з каштоўнымі пародамі дрэў. Вядомы рускі падарожнік Ляпёхін, які праязджаў праз Прапойскае стараства ў 1773 годзе, з выключнай маляўнічасцю апісваў лясныя багацці даліны Сожа. Ён бачыў вялікія лясы, якія цягнуліся па абодвух берагах Сожа далёка за межы Магілёўскай губерніі. З усіх парод дрэў асабліва каштоўнай была сасна, якая ішла на мачты караблёў. Па словах Ляпёхіна, лясы даліны Сожа з’яўляліся самай каштоўнай скарбніцай у Магілёўскай губерніі. Штогод з Прапойска ўніз па Сожу сплаўляліся дзясяткі плытоў мачтавага і будаўнічага лесу. Была арганізавана перавозка лясных матэрыялаў нават у Рыгу. Гандаль лесам прыносіў Галіцыну вялікія прыбыткі. Нямала грошай Галіцын атрымоўваў і ад эксплуатацыі сваіх сялян. Аднак асноўнай крыніцай даходаў Прапойскага стараства было вінакурства. Так, у 1798 годзе з усіх даходаў ад маёнтка было 28 тысяч рублёў, з іх ад вінакурства атрымана 13 тысяч рублёў.

У Прапойскім старастве ў Галіцына было 2 вінакурных завода: адзін – у Прапойску, другі – у Краснаполлі. На Прапойскім заводзе працавала 10–13 чалавек. Гэта былі прыгонныя сяляне. Толькі майстар-вінакур з’яўляўся вольнанаёмным. За сваю работу на заводзе сяляне атрымоўвалі штомесячна 40 капеек і невялікі хлебны паёк. У канцы XVIII стагоддзя пачалася перабудова завода. Аднак вытворчасць віна не спынялася. Да 1802 года перабудова была закончана, і з гэтага часу завод стаў вырабляць да 6 тысяч вядзёр спірту ў год. Пры заводзе адкармлівалася панская жывёла, мяса і малочныя прадукты якой часткова адпраўляліся ў Маскву. Прапойскі вінакурны завод лічыўся адным з буйнейшых прадпрыемстваў Магілёўскай губерніі.

З іншых прадпрыемстваў, якія належалі Галіцыну, варта ўпамянуць аб шкляным і жалезаробчым заводах. Шкляны завод знаходзіўся ў ваколіцах Прапойска. Гэта было нязначнае прадпрыемства, якое выпускала ваконнае шкло вельмі нізкай якасці. Прыбытак завода не перавышаў 30 рублёў у год. Мала чым ад яго адрозніваўся жалезаробчы завод. Гэта металургічнае прадпрыемства знаходзілася на беразе ракі Пясчанка, непадалёк ад таго месца, дзе яна ўпадае ў Сож. На рацэ была ўзведзена вялікая плаціна, а побач з ёй пабудаваны млын і доменная печ з чатырма мяхамі. Побач з домнай быў молат для коўкі жалеза. Руду здабывалі ў бліжэйшых балотах. Жалеза было вельмі дрэннай якасці і ішло галоўным чынам на сялянскія сашнікі. Вёска, якая была размешчана каля завода, атрымала назву Рудня. Большая частка дарослага насельніцтва яе працавала на здабычы руды і выплаўцы жалеза.

Асноўную частку насельніцтва ўладанняў Галіцына складалі сяляне. Адны з іх працавалі на мануфактурах (шкляны, вінакурны і жалезаробчы заводы), астатнія займаліся земляробствам. Сяляне па-ранейшаму павінны былі працаваць на паншчыне і выконваць шэраг іншых цяжкіх павіннасцяў. Аднак сяляне Галіцына не падвяргаліся такому нацыянальнаму прыгнёту, як гэта было пры польскіх памешчыках. Між тым феадальная эксплуатацыя засталася ранейшай. Не вытрымаўшы яе, сяляне ўцякалі. Так, у 1775 годзе з усіх уладанняў Галіцына, размешчаных у Прапойскім старастве, уцякло 585 чалавек.

З населеных пунктаў Прапойскага стараства самым буйным з’яўляўся Прапойск. Панаванне панскай Польшчы затрымала развіццё мястэчка, якое толькі пасля ўз’яднання з Расіяй пачало расці. Плошча Прапойска была нязначная. У 1775 годзе ў Прапойску жыло 736 чалавек. На высокім беразе Сожа амаль над самым абрывам стаяў замак князя Галіцына. Гэта быў вялікі двухпавярховы драўляны будынак з балконам, які выходзіў да ракі. З гаю, які знаходзіўся ў цэнтры мястэчка, да замка быў перакінуты аднаарачны мост. У замку Галіцына спынялася ў 1787 годзе Кацярына II падчас падарожжа ў Крым.

З архітэктурных помнікаў XVIII стагоддзя ў Слаўгарадзе захаваліся былыя княжыя харомы і каменная царква. Харомы былі заснаваны ў 1726 годзе мясцовым польскім памешчыкам. З архітэктурнага погляду яны нічым не вызначаліся. Харомы ўяўлялі сабой цагляны аднапавярховы дом. Пазней, ужо ў гады савецкай улады, памяшканне было некалькі падоўжана, і над ім надбудаваны другі паверх.

Для таго, каб увекавечыць сваё імя, Галіцын загадаў на самым высокім месцы ў Прапойску збудаваць царкву з асобнай званіцай. Ход будоўлі ішоў даволі хутка. Будаўнічыя матэрыялы вырабляліся ў самым Прапойску, толькі дахавае жалеза было прывезена з Масквы. Будавалі царкву прыгонныя сяляне Галіцына пад кіраўніцтвам памешчыка Лукі Іванова. Для роспісу сцен былі запрошаны лепшыя мастакі Масквы. Праз два гады пасля закладкі фундамента ў 1793 годзе царква была адкрыта.

Княжыя харомы, замак, каменная і дзве драўляныя царквы з’яўляліся адзіным упрыгожаннем беднага мястэчка.

Падрыхтавала Ксенія ЛЕАНІДАВА.

Поделиться

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *