Славутыя сыны Слаўгарадчыны

Уладзімір КУЗЬМЯНКОЎ – беларускі празаік, публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Нарадзіўся 27 чэрвеня 1936 года ў вёсцы Устаннае ў сялянскай сям’і. Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў роднай вёсцы.  Закончыў Рабавіцкую СШ, працаваў у калгасе. У верасні 1955 года быў прызваны ў Савецкую Армію. Пасля звальнення ў запас працаваў рознарабочым на будаўніцтве Ніжнерасцянскай ГЭС, адказным сакратаром казлоўшчынскай раённай газеты “Сцяг перамогі”. У 1958 годзе паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ. Уладзімір Іванавіч быў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела, адказным сакратаром рэдакцыі газеты “Чырвоная змена”. З 1971 года працаваў адказным сакратаром часопіса “Политинформатор и агитатор”, з  1974 года – загадчыкам аддзела, адказным сакратаром рэдакцыі газеты “Звязда”, з 1980 года – рэдактарам “Настаўніцкай газеты”, з 1987 года – намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Беларуская мова і літаратура ў школе”, са снежня 1987 года – старшым навуковым  супрацоўнікам Мінскай ВПШ,  з 1991 года – галоўным рэдактарам газеты “Медыцынскі веснік”.

З 1974 года Уладзімір Кузьмянкоў з’яўляўся членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Кандыдат гістарычных навук.

Першы нарыс У.Кузьмянкова надрукаваны ў газеце “Звязда”. Як апавядальнік на старонках рэспубліканскага друку выступіў у 1966 годзе (апавяданні “Бацька” і “Мікіта-чалавек”). У 1972 годзе выйшла яго першая кніга апавяданняў “Ішла вясна”. У сваіх мастацкіх творах аддаваў перавагу надзёнай тэматыцы. Яго кніга “Услаўляючы дружбу народаў” прысвечана праблемам міжнацыянальных адносін, эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва.

Памёр 29 студзеня 2002 года.

Уладзіслаў РУБАНАЎ – беларускі пісьменнік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Нарадзіўся 15 снежня 1952 года ў вёсцы Аляксандраўка-1 ў сям’і настаўніка. Скончыў Аляксандраўскую васьмігодку, Слаўгарадскую СШ (1970 г.), факультэт журналістыкі БДУ (1970–1975 гг.). З 1975 года Уладзіслаў Якаўлевіч працаваў карэспандэнтам, адказным сакратаром старадарожскай раённай газеты “Поступ Кастрычніка”, з 1978 года – ў аддзеле прозы часопіса “Полымя”, з 1986 года – загадчыкам рэдакцыі прозы выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1982 года.

У друку выступаў з 1972 года.

Першая кніга Уладзіслава Рубанава выйшла ў 1981 годзе пад назвай “Вокны без фіранак”, потым былі выдадзены кнігі апавяданняў і аповесцей: “Пахі адталай зямлі” (1984 г.), “Цёплы пух адуванчыкаў” (1987 г.), “Таямніца птушынага гнязда” (1989 г.), за якую ён атрымаў  літаратурную прэмію Саюза пісьменнікаў Беларусі імя І.Мележа, “Светлы ручай любві” (1990 г.), раман “Не аднойчы забіты” (1994 г.).

У сваіх творах У.Рубанаў даследваў жыццё вёскі і горада, духоўны свет сучасніка, імкнуўся паказаць лепшыя традыцыі сялянскага побыту, сцвярджаў высокастаноўчыя рысы характару вяскоўцаў старэйшага пакалення: працавітасць, гаспадарлівасць, любоў і прыхільнасць да зямлі, прыроды.

Творы празаіка перакладаліся на рускую і ўкраінскую мовы.

Памёр 21 ліпеня 1994 года.

Поделиться

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *