Гераічныя подзвігі савецкіх байцоў

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны шматмільённыя полчышчы фашыстаў рваліся на ўсход, да Масквы. Першы ўдар прынялі на сябе гераічныя абаронцы Брэсцкай крэпасці. Яны мужна абаранялі родную зямлю. Сярод герояў абароны Брэсцкай крэпасці быў і наш зямляк капітан Шаблоўскі.

Уладзімір Васільевіч Шаблоўскі нарадзіўся ў вёсцы Запалянне Прапойскага раёна ў беднай сялянскай сям’і. У дзяцінстве Шаблоўскі батрачыў у памешчыка, пасвіў яго жывёлу. У гады савецкай улады працаваў на шахтах Данбаса. Вайна застала Шаблоўскага ў Брэсце. Там знаходзілася і яго сям’я: жонка і чацвёра дзяцей. Разам з усімі байцамі Шаблоўскі змагаўся да апошняга патрона, пакуль яго, знясіленага ад страты крыві, фашысты не захапілі ў палон. Калі калона палонных праходзіла па масту праз рэчку Мухавец, Шаблоўскі кінуўся ў ваду. Яго прыкладу паследавалі і байцы. Фашысты адкрылі ўраганны агонь. Рускія героі вырашылі лепш прыняць смерць, чым трапіць у рабства да ворага.

Калі фашысцкія орды без аб’яўлення вайны ўварваліся на тэрыторыю нашай краіны, па ўсяму Прапойскаму раёну прайшлі мітынгі пратэсту. 23 чэрвеня 1941 года калгаснікі калгаса “Кастрычнік” заявілі, што яны яшчэ шчыльней згартуюць свае рады вакол партыі і ўрада для абароны Радзімы. Многія жыхары раёна добраахвотна ўступілі ў рады Савецкай Арміі.

У пачатку ліпеня 1941 года фашысты прыблізіліся да Прапойска. Жыхары пакідалі родныя мясціны і ішлі на ўсход. Былі эвакуіраваны дзяржаўныя ўстановы і прадпрыемствы. 4 ліпеня выйшаў апошні нумар газеты “Калгасны шлях”. Хутка да самага Прапойска падыйшла лінія фронта. 15 ліпеня Прапойск быу захоплены фашыстамі. На берагах Проні і Сожа разгарэліся жорсткія баі, якія працягваліся больш месяца. У жніўні 1941 года па загаду Вярхоўнага камандавання савецкія войскі адыйшлі на ўсход. Прапойск і раён былі поўнасцю акупіраваны немцамі. Пачаліся растрэлы мірных жыхароў. Падобныя карціны можна было наглядаць у многіх навакольных вёсках.

На захопленай фашыстамі тэрыторыі пачаў разгортвацца партызанскі рух. На камунікацыях праціўніка дзейнічала некалькі партызанскіх атрадаў, якія штодзённа наладжвалі засады на шашы Брэст – Масква. Падпольным райкамам партыі (42-гі партызанскі атрад) пачала выдавацца падпольная раённая газета “За савецкую Радзіму”, якая адыграла вялікую ролю ў распальванні партызанскага руху.

Асабліва ўзмацнілася барацьба з акупантамі з вясны 1943 года, калі на тэрыторыі Прапойскага раёна разгарнула свае аперацыі 15-ая партызанская брыгада, накіраваная па рашэнню Магілёўскага абкама партыі для дзеянняў у раёне Прапойска і Крычава. Вялікую падтрымку прапойскім партызанам аказаў партызанскі полк пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Сяргея Грышына. Паліцэйскія гарнізоны на терыторыі раёна амаль усе былі ліквідаваны.

У канцы жніўня 1943 года фашысцкае камандаванне вырашыла знішчыць партызан. Супраць народных мсціўцаў былі накіраваны буйныя сілы немцаў, іх падтрымлівалі з паветра самалёты. Вораг хацеў прыжаць партызан да Проні і знішчыць іх. Увесь дзень 28 жніўня ішлі жорсткія баі на левым беразе Проні. Ноччу партызаны пераправіліся праз раку, прарвалі кальцо акружэння і выйшлі ў раён вёскі Кашалёва. Спроба фашыстаў пакончыць з партызанскім рухам у раёне пацярпела няўдачу. Таксама не мела поспеху і другая карная аперацыя, прадпрынятая ў кастрычніку 1943 года. Пасля трохтыднёвых баёў партызаны, знішчыўшы многія дзясяткі фашыстаў, пайшлі за Днепр у тыл ворага.

У верасні – лістападзе 1943 года лінія фронта блізка падыйшла да Прапойска. 24 лістапада савецкія войскі, размешчаныя ў раёне Прапойска, перайшлі ў рашучае наступленне на абарончыя пазіцыі ворага. Прапойск быў добра ўмацаваны. З высокага берага Сожа фашысты маглі абстрэльваць вялікую прастору. Аднак нішто не змагло спыніць савецкіх байцоў. Яны паспяхова фарсіравалі Проню і Сож і за тры дні баёў прарвалі абарончую паласу дзявятай нямецкай арміі працягласцю ў 60 кіламетраў. Асобныя часткі Савецкай Арміі прасунуліся ўперад ад 18 да 45 кіламетраў. Былі вызвалены Прапойск, Журавічы, Карма і да 180 іншых населеных пунктаў. Толькі пад Прапойскам папала ў палон звыш 1000 салдат і афіцэраў праціўніка са шматлікай ваеннай тэхнікай. Сам камандуючы дзявятай нямецкай арміяй быў вымушаны прызнаць, што пад Прапойскам склалася крытычная абстаноўка і яны здалі горад.

У перыяд вызвалення Прапойскага раёна савецкія байцы зрабілі рад гераічных подзвігаў. За доблесць і мужнасць, праяўленыя ў баях пад Прапойскам, многія воіны атрымалі ордэны і медалі, а сяржанту Вячаславу Чамадураву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У баях пад Рабавічамі ў лістападзе 1943 года вызначыўся баец Панамароў. Яго подзвіг адзначалі артылерысты Савецкай Арміі як праяўленне вялікага гераізма. Пётр Панамароў – камандзір супрацьтанкавай гарматы №25560 – быў акружаны немцамі. На жменьку рускіх артылерыстаў ішло 10 нямецкіх танкаў у суправаджэнні моцнага атраду аўтаматчыкаў. Адзін за другім выбывалі са строю байцы. Нарэшце ля гарматы застаўся адзін Панамароў. Нягледзячы на раненне, герой працягваў змагацца. Калі скончыліся ўсе снарады, Панамароў сустрэў ворага агнём свайго аўтамата. Адважны баец змагаўся да апошняга патрона, але не аддаў ворагу сваёй гарматы. Хутка падаспелі савецкія войскі, і фашысты былі адкінуты. Непадалёку ад пушкі ляжаў мёртвы Панамароў. Побач валяліся трупы 33 фашыстаў, а непадалёку дагаралі тры нямецкія танкі.

З першых жа дзён вызвалення раёна працоўныя прыняліся за аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі. Цяжка было залечваць раны, нанесеныя вайной. Але савецкія людзі не палі духам, а натхнёныя перамогай над нямецка-фашысцкімі захопнікамі пачалі будаваць новае мірнае жыццё.

Поделиться

Ксенія ЛЕАНІДАВА

Фота з сайта віртуальнага музея «Наследие».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *