Як знак глыбокай павагі і ўдзячнасці хлебаробам і тым, хто прысвяціў сваё жыццё аграрнай галіне, ў мінулыя пятніцу і суботу адбылося абласное свята-кірмаш “Дажынкі” у Магілёве. Дэлегацыя Слаўгарадскага раёна, якую ўзначаліў старшыня райвыканкама Сяргей Міхалюта, таксама прыняла ўдзел у гэтым фестывалі працаўнікоў вёскі.

Асноўныя мерапрыемствы свята адбыліся ў палацы культуры вобласці. Сярод перадавікоў аграпрамысловага комплекса вобласці, якіх узнагародзіў першы намеснік старшыні аблвыканкама Анатоль Уласевіч, былі і нашы землякі. Галоўны інжэнер ААТ “Зімніца” Генадзь Салодкін атрымаў Ганаровую грамату Магілёўскага аблвыканкама. За шматгадовую добрасумленную працу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны Падзякай аблвыканкама ўзнагароджаны вадзіцель  ААТ “Прывольны агра” Уладзімір Ганчароў.  У працяг урачыстай цырымоніі Анатоль Васільевіч узнагародзіў юбілейным медалём “100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі” кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў вобласці і працаўнікоў, якія шмат год аддалі працы на зямлі. У ліку гэтых шаноўных людзей – эканаміст ААТ “Урэчанскі” Тамара Нікіценка. Падзякай, але ўжо ад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, з рук намесніка Міністра Аляксея Багданава быў узнагароджаны трактарыст-машыніст ААТ “Слаўгарадрайаграпрамтэхніка” Мікалай Матасаў.

А на пляцоўцы ля палаца разгарнулася праца тэматычных пляцовак, выставы-кірмаша народнай творчасці, аб’ектаў гандлю і харчавання, выставы-продажа вырабаў устаноў адукацыі, прадпрыемстваў і арганізацый вобласці. Цікавасць наведвальнікаў свята выклікала выстава сельскагаспадарчай тэхнікі, забаўляльна-адукацыйная пляцоўка абласнога ўпраўлення МНС з паказальнымі выступленнямі выратавальнікаў. А дзеля падтрымання весялосці і святочнага настрою на адкрытай пляцоўцы без перапынку выступалі творчыя калектывы Магілёўшчыны. Традыцыйна кожны раён падрыхтаваў свой імправізаваны падворак, на якім былі прадстаўлены лепшыя здабыткі і дасягненні, а таксама прадукцыя сельскагаспадарчай вытворчасці і прадпрыемстваў рэгіёнаў, вырабы таленавітых майстроў і адмысловыя кампазіцыі. Адметнасцю нашай пляцоўкі пад назвай “Слаўгарадскі сырны фэст” стала прэзентацыя хлебабулачных вырабаў, прадукцыі мясцовых сыравараў і філіяла ААТ “Бабушкина крынка”, вырабаў рамеснікаў. Прыемна, што слаўгарадскі падворак не застаўся па-за ўвагай шаноўных гасцей на чале з кіраўніком Магілёўшчыны Леанідам Зайцам.

Таксама актыўны ўдзел у абласных дажынках прынялі спецыялісты клубнай сістэмы раёна і ўстаноў культуры. Падчас кірмашу былі падведзены вынікі абласных аглядаў-конкурсаў “Лепшы дажынкавы падворак”, “Дажынкавы сноп” і конкурс караваеў ураджаю 2021 года.

Апагеем свята стала падвядзенне вынікаў абласнога спаборніцтва і ўзнагароджанне перадавікоў уборачнай кампаніі-2021. Губернатар вобласці Леанід Заяц адзначыў, што ў рэгіёне планавалі сабраць рэкордны ўраджай збожжа, але, як і ўся краіна, сутыкнуліся з абставінамі непадуладнымі чалавеку. Тым не менш вобласць мае права ганарыцца дасягнутымі вынікамі – валавы намалот збожжа, зернебабовых, кукурузы і рапсу склаў 1,15 млн тон. Сёлетняя кампанія была цяжкай для хлебаробаў усёй краіны, і ўсе, хто ў ёй удзельнічаў, вартыя самай шчырай падзякі. На думку Леаніда Канстанцінавіча, рэальных вынікаў на зямлі дабіваецца толькі той, хто любіць сваю справу ўсёй душой і гатовы кожны дзень шчыраваць ад ранку да ранку. І менавіта такія людзі працуюць у сельскагаспадарчай галіне Магілёўшчыны.

Лепшыя творчыя калектывы вобласці падрыхтавалі для ўдзельнікаў “Дажынак-2021” святочны канцэрт “Гонар маёй краіны”, які стаў прыгожым падарункам людзям адмысловай працы і самаадданай любові да роднай зямлі.

Поделиться

От Аксана НЯМЦОВА

Тэкст і фота

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *