Шмат у нашым раёне прыгожых мясцін. Кожная з якіх мае сваю самабытнасць і каларыт. Сёння ў гістарычнай рубрыцы гаворка пойдзе пра населены пункт, маляўнічыя пейзажы якога нікога не пакідаюць абыякавым.

Вёска у Гіжэнкаўскім сельсавеце Аляксандраўка-II знаходзіцца за 14 кіламетраў на паўночны ўсход ад Слаўгарада. Аб засяленні гэтых месцаў у глыбокай старажытнасці сведчыць той факт, што за 1,5 кіламетра на паўднёвы захад ад вёскі, на правым беразе р. Сожу захавалася стаянка каменнага веку і паселішча эпохі Кіеўскай Русі. У пісьмовых крыніцах вёска Таўкачоўка (а гэта яе першапачатковая назва) ўпершыню ўзгадваецца пад 1870 год, калі тут, у маёнтку, быў заснаваны кафляны завод. Гаспадаром яго стаў Шая Яхнін, чалавек дзелавы, прамысловы. На заводзе сталі вырабляць розныя рэчы: талеркі, сподкі, чайнікі і іншае. Завод выпускаў і абліцавальную плітку. Ёсць чуткі, што гэтую плітку скарыстоўвалі для абліцоўкі Крамля ў Маскве. Магчыма так і было, бо Яхнін вёў гандаль нават з іншымі краінамі свету, а ягоны тавар быў са штампам “Ш. Яхнін”, што сведчыць аб грунтоўнасці прадпрыемства.

Па дадзеных гістарычных дакументаў ў 1897 годзе вёска і фальварак пана Рамідаўскага належалі Даўжанскай воласці Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерніі. А праз год на Таўкачоўку напала няшчасце. Спякотным летнім днём, калі ўсе жыхары былі ў поле, узнік пажар. Вінаватымі ў ім былі дзеці, якія засталіся ў адной з хат. Згарэла хата, вёска і яны самі. Пан Рамідаўскі злітаваўся над няшчаснымі пагарэльцамі, дазволіўшы будавацца на новым месцы. Частка людзей засталася жыць на ранейшых тэрыторыях, а новым месцам для пагарэльцаў стала сённяшняя Аляксандраўка-I.

У 1909 годзе ў Таўкачоўцы налічвалася 18 двароў, 113 жыхароў, у аднайменным фальварку, які належаў памешчыцы Рамідаўскай, быў адзін двор з 9 жыхарамі. Пасля ўстанаўлення савецкай ўлады непадалёку ад вёскі, на беразе Сожа, пачаў дзейнічаць смалакурны завод. Пабудаваў яго Масей Катляр у 1922 годзе. У той час на прадпрыемстве дзейнічалі два катлы ёмістасцю 8 метраў кубічных. Першымі рабочымі-качагарамі былі Ціхан Свірыдаў і Малет Клімянкоў.

Працаваў завод на мясцовай сыравіне – асмоле або абгніўшых сасновых пнях. Нарыхтоўку і падвозку смалы рабілі навакольныя жыхары. Цікава, што сасновыя пні не замерваліся метрамі, а ўзважваліся. За кожны пуд карчоў выдавалася пэўная колькасць мукі.

Вугаль, дзёгаць, шкіпінар – вось прадукцыя, якую выпускаў завод. Вугаль і дзёгаць Масей Катляр прадаваў навакольным жыхарам, а шкіпінар адвозіў на баржах ў Гомель. Крыху пазней на базе завода была створана прамарцель. У яе аб’ядналіся жыхары Новай Слабады. Гэта былі ўжо штатныя рабочыя савецкага прадпрыемства.

У час Вялікай Айчыннай вайны завод быў моцна пашкоджаны, але пасля выгнання фашысцкіх акупантаў яго аднавілі, і ён пачаў даваць прадукцыю. Пры заводзе быў адкрыты новы цэх, які выпускаў воцатна-кальцыевы парашок. Магутнасць завода была невялікая, але прадукцыя яго была важная: выпускалася ў месяц 2100 кг шкіпінару, удвая больш дзёгцю, 9 тон вугалю, 1,1 тоны воцатна-кальцыевага парашку. Вугаль скарыстоўваўся для мясцовых патрэб, а шкіпінар, дзёгаць, воцатна-кальцыевы парашок адпраўляліся па прызначэнні.

З надыходам ваеннага ліхалецця Аляксандраўка-II не засталася ў баку ад лініі фронту. У 1941 годзе каля вёскі пры пераправе цераз Сож у час выхаду з акружэння загінуў савецкі ваенны дзеяч, камандзір 13-га механізаванага корпуса генерал-маёр Пётр Ахлюсцін. Свой першы бой Пётр Мікалаевіч прыняў 22 чэрвеня ў першыя гадзіны вайны каля Бельска. А падрабязнасці апошняга бою генерала Ахлюсціна сталі вядомыя дзякуючы ўспамінам былога сакратара Чэрыкаўскага райкама ВКП (б) Георгія Храмовіча, партызанская група якога 23 ліпеня пайшла ў рэйд па тылах гітлераўцаў. У лясах у раёне вёсак Усохі, Ходарава, Гіжэнка, сустракаючы шматлікія разрозненыя групы чырвонаармейцаў з самых розных частак і падраздзяленняў, яны дапамагалі ім у якасці правадыроў выйсці з акружэння. Натыкнуліся нават на пагранічнікаў! Знаходзячыся ў лесе на поўнач ад вёскі Грыўкі, партызаны пачулі гукі жорсткага бою. Праз нямецкія засады прарываўся яшчэ адзін атрад нашых байцоў. Храмовіч з таварышамі пайшлі да іх насустрач і неўзабаве выявілі групу Ахлюсціна. Дапамаглі ім боепрыпасамі і вывелі да вёскі Аляксандраўка-I. Адсюль да Варшаўскай шашы было тры кіламетры і яшчэ столькі ж да броду праз раку Сож ля Аляксандраўкі-II. А там, за Сожам, ужо свае! Гэта былі апошнія і самыя цяжкія шэсць кіламетраў на іх доўгім шляху ад самой мяжы. 28 ліпеня байцы Ахлюсціна пайшлі на прарыў. У рукапашную, штыкамі і гранатамі яны расчышчалі сабе шлях да ракі. Генерал, нягледзячы на ​​раненне, ішоў на чале калоны і праз пасланцаў кіраваў боем і пераправай. Сведчыць Георгій Антонавіч Храмовіч: «Генерал-маёр Ахлюсцін пакінуў заходні бераг ракі з апошняй групай байцоў і разам з імі загінуў у водах Сожа ў выніку прамога траплення варожага снарада. Ужо тады мы казалі, што смерць генерала падобная на гібель героя грамадзянскай вайны В.І.Чапаева. Калі даведаліся аб гібелі Пятра Мікалаевіча, шмат у каго з байцоў з’явіліся на вачах слёзы… ».

На шашы, недалёка ад вёскі, стаіць помнік – савецкі салдат са зброяй у руках. Такім чынам адзначана брацкая магіла, дзе пахаваны байцы 771-га стралковага палка 137-ай стралковай дывізіі, сфарміраванай з жыхароў Паўлаўскага раёна Ніжагародскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Тут жа пахаваны салдаты 497-га гаўбічна-артылерыйскага палка, сфарміраванага ў г.Мураме. Яны загінулі 24 ліпеня 1941 года падчас кровапралітнага бою, які доўжыўся дзве гадзіны. У жывых тады засталіся адзінкі. 470 артылерыстаў былі пахаваны ў гэтым месцы ў 60-я гады мінулага стагоддзя. У апошнія гады астанкі чырвонаармейцаў, якія былі знойдзены падчас пошукавых экспедыцый, знайшлі свой пакой ля гэтай магілы.

Са жніўня 1941 года да 3 кастрычніка 1943 года вёска была акупаваная намецка-фашысцкімі захопнікамі. Падчас наступлення Чырвонай Арміі пераправа каля Аляксандраўкі-II стала месцам баявых дзеянняў – партызанскія фарміраванні ўтрымлівалі яе да падыходу савецкіх войскаў.

Пасля вайны вёска была адбудавана і некаторы час адносілася да Краснапольскага раёна. У 1990 годзе Аляксандраўка была ў складзе калгаса “40 гадоў Кастрычніка”, тут налічвалася 21 гаспадарка, пражывалі 34 жыхары, была вытворчая брыгада, крама. Але ў 1986 годзе, як і многія іншыя, гэты куточак слаўгарадскай зямлі пацярпеў ад катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Засталося толькі некалькі двароў.

Між іншым, прыемна адзначыць, што апошнія гады Аляксандраўка набыла значную папулярнасць сярод жыхароў раёна і не толькі. Маляўнічыя пейзажы гэтых мясцін не засталіся без увагі, і сёння тут існуюць некалькі аграсядзіб, гаспадары якіх заўсёды ветліва сустракаюць гасцей, якія вырашылі адпачыць на беразе Сожа. Многія таксама абралі гэтае месца для летняга адпачынку і прыязджаюць з розных гарадоў, каб бавіць час у прыгожым кутку Беларусі. Такія акалічнасці даюць падставу верыць, што Аляксандраўку-II чакаюць гады далейшага росквіту, а яе жыхароў будзе станавіцца ўсё больш.

Поделиться

От Аксана НЯМЦОВА

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *