Сумленная праца вартая павагі!

Па традыцыі напачатку кожнага каляндарнага года падводзяцца вынікі года мінулага. На раённай нарадзе перадавікоў, якая адбылася ў мінулую пятніцу, ушаноўвалі лепшых з лепшых працаўнікоў 2021 года: перадавікоў сельскай гаспадаркі, перапрацоўчай прамысловасці, абслугоўваючых прадпрыемстваў, гандлю, медыцыны, адукацыі, усіх тых, хто ўнёс значны ўклад у развіццё роднага краю.

У фае РЦК і НТ свой інтэрактыў удзельнікам прапанавала тэматычная пляцоўка раённага камітэта ГА «БРСМ», тут жа была аформлена выстава, прысвечаная хуткаму рэферэндуму па пытанні ўнясення змен і дадаткаў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. На другім паверсе развярнулася выстава дасягненняў у галінах сельскай гаспадаркі, сацыяльнай абароны, культуры, адукацыі, спорту і іншых. Вялікую цікавасць выклікала экспазіцыя раённага гісторыка-краязнаўчага музея і цэнтральнай бібліятэкі, прысвечаная Году гістарычнай памяці.

У святочным мерапрыемстве прынялі ўдзел: старшыня райвыканкама Сяргей Міхалюта, старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Язерская, старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтву Магілёўскага аблвыканкама Ігар Клішо, намеснікі старшыні райвыканкама, начальнікі аддзелаў і ўпраўленяў райвыканкама, кіраўнікі працоўных калектываў і прадстаўнікі грамадскасці.

Падзякамі абласнога выканаўчага камітэта, кветкамі былі адзначаны заслужаныя людзі нашага краю, якія працуюць у сельскай гаспадарцы, іх ушаноўваў у той дзень Ігар Клішо, які адзначыў бяспрыкладную працавітасць жыхароў прысожскага краю, іх адданасць традыцыям і стабільнае імкненне да развіцця рэгіёна.

Кіраўнік раёна Сяргей Міхалюта, вітаючы ўдзельнікаў і гасцей урачыстасці, выказаў удзячнасць і падзяку перадавікам за іх працу. Адзначыў, што мінулы год быў напоўнены важнымі падзеямі, а супольная праца прадпрыемстваў і ўстаноў, незалежна ад формы ўласнасці, працоўных калектываў, дзяржаўных органаў і дэпутацкага корпуса раёна прынеслі пэўныя вынікі ў сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна.

Пад апладысменты прысутных Сяргей Валер’евіч уручыў Дыпломы і кветкі кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў, што перамаглі ў намінацыях «Эканамічная эфектыўнасць сельскагаспадарчай вытворчасці», «Вытворчасць травяных кармоў», «Вытворчасць і продаж малака», «Вытворчасць і продаж мяса». Таксама быў заахвочаны лепшы калектыў сярод працаўнікоў малочна-таварных комплексаў, арганізацыі і прадпрыемствы раёна, якія дамагліся лепшых паказчыкаў у справаздачным годзе.   Самай шматлікай намінацыяй стала падвядзенне вынікаў спаборніцтва сярод працаўнікоў асноўных прафесій арганізацый раёна. Прадстаўнікі розных галін народнай гаспадаркі атрымалі ганаровае званне «Лепшы па прафесіі», Дыпломы і кветкі з віншаваннямі і шчырымі словамі ўдзячнасці за працу ад Сяргея Валер’евіча, а таксама бурныя апладысменты залы. Без заслужаных узнагарод не засталіся і маладыя працаўнікі, якія працягваюць браць прыклад самаадданай працы з вопытных прафесіяналаў.

Сардэчныя словы глыбокай удзячнасці і гонару за землякоў выказала і Святлана Язерская. Яна адзначыла, што толькі сапраўдныя патрыёты роднай зямлі і дзяржавы здольныя так самааддана працаваць, як гэта робяць слаўгарадчане. Кіраўніком дэпутацкага корпуса былі адзначаны прадстаўнікі органаў мясцовага, тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання.

Святочную атмасферу ў зале захапляльнымі нумарамі стваралі творчыя калектывы раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, дзіцячай школы мастацтваў, цэнтра дзіцячай творчасці, устаноў адукацыі, проста таленавітыя людзі слаўгарадскай зямлі, без якіх такое значнае мерапрыемства не атрымалася б яскравым і ўрачыстым.

Свята ўшанавання скончылася, але наперадзе – новыя працоўныя заданні, новае спаборніцтва, новыя перамогі, дасягнуць якія мы вартыя. Бо, як адзначыў Сяргей Міхалюта, пры высокім прафесіяналізме, творчасці і працавітасці працаўнікоў прысожскага краю ўсе мэты дасяжныя.

Поделиться

Аксана НЯМЦОВА

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.