Георгій Марчук навечна вярнуўся да кветак палескай правінцыі…

Учора цвінтар старажытнага Давыд-Гарадка прыняў на вечны спачын слыннага палешука, даўняга сябра «Сельской газеты» Георгія Васільевіча Марчука.

На 77-м годзе абарвалася жыццё вядомага беларускага пісьменніка, сцэнарыста, драматурга. 

За экранізацыю рамана «Кветкі правінцыі» ён уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Талент і грамадская дзейнасць адзначаны прэміяй «За духоўнае адраджэнне», ордэнам праваслаўнай царквы Анастасіі, прэміяй рускага пісьменніка Аляксандра Іванавіча Ганчарова, медалём расійскай акадэміі славеснасці «Прыхільнік асветы». Багаты і шматгранны творчы арсенал літаратара: дзесяць раманаў, паўсотні п’ес, дзіцячыя кніжкі казак, зборнікі навэл, афарызмаў, «Давыд-гарадоцкіх канонаў», сцэнарыі кінафільмаў. 

Георгій Васільевіч творчую дзейнасць спалучаў з працай сакратара Саюза пісьменнікаў Беларусі, быў членам Грамадскага савета па маральнасці. Двойчы намінаваўся ад Беларусі на Нобелеўскую прэмію. Творы яго ўключаны ў школьную праграму і перакладзены на англійскую, балгарскую, рускую, украінскую, літоўскую, казахскую, польскую, македонскую мовы.

Творчы патэнцыял яго быў бязмерны. Нават працяглая цяжкая хвароба не спыняла дзейнасць. Адчуваў, што сілы пакідаюць, і спяшаўся выказацца трапным словам. Дарогай дальняю назаўсёды вярнуўся да бласлаўлёных кветак правінцыі. Людзі з чыстай душой і на нябёсах запатрабаваны…

Поделиться

От СБ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *