Раніца мінулага панядзелка пачалася з рабочай нарады на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Кажамякіным і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Святланай Язерскай пры ўдзеле кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў, службаў, старшыняў сельвыканкамаў, начальнікаў сектараў і ўпраўленняў райвыканкама і іншых

Як яны спрацавалі на мінулых выхадных на ліквідацыі наступстваў снегападаў – гэтае пытанне было галоўным у павестцы. Адразу чатыры анамальных цыклона накрылі Беларусь на мінулым тыдні. У сувязі з галалёдам і снежнымі заносамі быў абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі. Слаўгарадчыну гэтаксама засыпала снегам, і гэткая акалічнасць падкінула нямала праблем як раённым службам, так і слаўгарадчанам.

Былі задзейнічаны ўсе рэсурсы. Работнікі камунальнай службы працавалі амаль у кругласутачным рэжыме. На ліквідацыі наступстваў снегападаў працавалі 12 адзінак тэхнікі, а таксама 4 Амкадора і 2 пескараскідальніка, 48 работнікаў гэтага прадпрыемства з рыдлёўкамі ў руках на выхадных выйшлі на барацьбу са стыхіяй.

Аднак, нягледзячы на ўзмоцнены рэжым работы, справіцца са снежнымі сумётамі ўдалось не ўсюды. Пра гэта далажыў старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ Сяргей Юрчанка, прааналізаваўшы стан вулічна-дарожнай сеткі горада, дарог рэспубліканскага значэння і дарог міжгародняга сазлучання.

Работу кіраўнікоў асобных арганізацый старшыня райвыканкама падверг жорсткай крытыцы і запатрабаваў «не спаць у шапку», а вырашаць праблемы аператыўна, без прамаруджвання.

У прыватнасці, гэта тычылася нездавальняючай работы ДРБУ-129. Як рапартаваў ягоны дырэктар Аляксандр Шаўкуноў, прычына таму – няспраўная тэхніка. З 9 адзінак на хаду толькі 3. Таму і не ў поўную сілу працуюць. Былі заслуханы і іншыя кіраўнікі, якія таксама ў гэтай справе не спрацавалі на ўсе 100%. Аргументы на гэты конт асобных краўнікоў сельгасарганізацый не вытрымлівалі аніякай крытыкі. Старшыня райвыканкама ў якасці лікбезу нават агучыў некаторыя тэхнічныя лайфхакі, як наладзіць ачыстку дарог такім чынам, каб гэта было якасна і не выклікала нараканняў з боку насельніцтва.

– Праблема тут нават не ў тэхніцы, а ў якасці арганізацыі рабочага працэсу. Зіма толькі пачалася і адразу заявіла пра сябе ў поўны голас. Сапраўды, снегу выпала анамальная колькасць. Але гэта не апраўданне нездавальняючай рабоце асобных з вас. Першае, што мы павінны забяспечыць, – гэта камфортныя ўмовы для жыхароў нашага раёна. І гэта павінна быць у вашай дзейнасці ў прыярытэце, – запатрабаваў кіраўнік раёна.

На асобных участках дарог і тратуараў, да якіх не дайшлі рукі на выхадных, працуюць людзі і тэхніка і на бягучым тыдні.

Як агучыў першы намеснік дырэктара УКП «Жылкамгас» Валерый Кавалёў, лінія «115» у выхадныя дні была чырвонай ад колькасці званкоў наконт ачысткі дарог ад снегу. Усім хацелася, каб гэта было зроблена,  бадай, у імгненне вока. Але трэба разумець, што сітуацыя была неардынарная, службы не спраўляліся са снежнай навалай.

Андрэй Кажамякін на гэта рэзюмаваў, што грамадзянам, тым жа дэпутатам, старастам пад’ездаў і іншым актывістам, трэба гэтаксама праяўляць салідарнасць з камунальнай службай і арганізоўваць сваіх суседзяў, каб разам папрацаваць на свежым паветры дзеля агульнага камфорту. Работа талакой яднае, надае пазітыву і галоўнае – прыносіць станоўчы вынік. Трэба зараз адказным службам зрабіць работу над памылкамі, каб надалей на працягу зімовага перыяду не дапускаць збояў у гэтам важнам пытанні.

– Сапраўды, асобныя грамадзяне нават ля сваіх машын снег пачысціць не могуць, чакаюць камунальшчыкаў. Такая ўпартая прынцыповасць праблемы вам не зніме. І гэта варта разумець. Мы павінны агульнымі намаганнямі прывесці ў парадак свае унутрыдваровыя тэрыторыі, аўтастаянкі, тратуары, прылягаючыя да шматкватэрных дамоў. Толькі разам мы справімся з наступствамі снегападаў, і дапамога кожнага важная, – з такой просьбай звярнулася да прысутных Святлана Язерская.

У сацыяльных сетках, у тым ліку і «Прысожскага краю», набіраюць папулярнасць чэленджы неабыякавых слаўгарадчан і працоўных калектываў па ўборцы снегу. Самы час далучыцца і іншым грамадзянам, працоўным калектывам, якія дбаюць пра камфорт і чысціню свайго двара, дзіцячай пляцоўкі і ўвогуле горада альбо вескі. Далучайцеся і будзьце прыкладам для іншых.

Падчас нарады былі разгледжаны таксама пытанні падрыхтоўкі сістэмы райспажыўкааперацыі да навагодніх святаў на прадмет насычанасці гандлёвых кропак і аўталавак шырокім асартыментам прадуктаў харчавання. Абмяркоўвалася і канцэпцыя ўпрыгожвання горада і населеных пунктаў да надыходзячых навагодніх святаў. Кіраўнік раёна паставіў задачу да канца тыдня зняць гэтае пытанне з павесткі.

Поделиться

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *