ВЕСТКІ НА ЎСЮ БЕЛАРУСЬ

ВЕСТКІ НА ЎСЮ БЕЛАРУСЬ

Рэспубліканскія газеты 1945 года аб Слаўгарадчыне

Для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, а канкрэтней – сваёй сям’і, вёскі, школы ці ўстановы, старыя падшыўкі газет з’яўляюцца крыніцай надзвычай важнай інфармацыі. Кожная знаходка ўспрымаецца як сапраўднае адкрыццё, нават сенсацыя. Такія думкі выклікала паведамленне аб магчымасці аднавіць з дапамогай архіва раённага нарсуда асобныя нумары «Калгаснага шляху» за 1944 год. Сёння, пад канец каляндарнага года, хачу падзяліцца інфармацыяй аб тым, што пісалі пра нашу малую радзіму цэнтральныя газеты БССР «Советская Белоруссия» і «Звязда» у пераможным 1945 годзе. Пры гэтым з удзячнасцю адзначу: артыкул з’явіўся з дапамогай супрацоўнікаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія дазволілі вывучыць каштоўныя падшыўкі з іх фондаў.

Не састарэлыя, а патрэбныя

Як імкліва ляціць час! І калі ты сам ужо чалавек сталага веку і ўспамінаеш многіх, з кім сустракаўся на жыццёвым шляху, нярэдка адчуваеш незваротныя страты інфармацыі. Думалася, што яшчэ паспеецца, што багата чаго наперадзе, у тым ліку размоў, успамінаў. І вось зараз шкадуеш – не запісаў, не ўдакладніў, не перапытаў. А паколькі чалавечае сумленне не церпіць падману і балбатні, для даследчыка, а не фантазёра, надыходзіць перыяд маўчання. Толькі гэты перыяд не вечны. Вымушаныя «белыя плямы» раптоўна запаўняюць пажоўклыя газеты, якім ужо па 80 гадоў. Як свежы ветрык і сонейка вясною абуджаюць прыроду, так новыя звесткі ўрываюцца ў свядомасць і выклікаюць абнаўленне нашай памяці. З такім падыходам да жыцця, да свайго месца ў гістарычным ланцужку адразу ж адкідваюцца недарэчныя пытанні: «А навошта ўсё гэта? Для чаго ты дыхаеш пылам старых газетных аркушаў?» Бо яны не састарэлыя, а патрэбныя і надзённыя. Бо мы – дзеці, унукі і праўнукі тых, хто любіў, абараняў і ўпрыгожваў працаю Прысожскі край у сярэдзіне ХХ стагоддзя.

Некалькі заўваг перад тым, як пачаць перадачу фактаў. Газетныя артыкулы і нататкі (нарысы, заметкі) мелі тры крыніцы. Першай, найбольш каштоўнай,  была інфармацыя ўласных карэспандэнтаў, якія выязджалі на месца. На відавочцаў  менш за ўсё ўплывалі фантазіі і мроі. Хаця пэўныя ідэалагічныя ўстаноўкі, літаратурныя апрацоўкі, канешне, мелі месца. Бывае, недахопам такіх публікацый з’яўляецца блытаніна ў персанальных дадзеных, імёнах, прозвішчах і інш. Журналіст спяшаўся, занатоўваючы ў блакноце ці сшытку звесткі, а потым у Мінску расшыфроўваў іх. Так ненаўмысна з’яўляліся памылкі – не тое імя ці прозвішча, іншая недакладнасць. Другі момант пры выездзе журналіста на месца звязаны з тым, што за адзін раз збіраўся матэрыял на некалькі артыкулаў, якія потым маглі друкаваць на працягу месяцаў. Вядома ж, не наездзішся кожны месяц з Мінска ў глыбінку. Адсюль вынікала запазненне фактуры (звесткі пачатку лета апублікаваны ўвосень). Трэба яшчэ ўлічваць прафесійны ўзровень журналіста. З ліку карэспандэнтаў «Звязды» вясной 1945 года Прапойск, які яшчэ не стаў Слаўгарадам, наведаў Янка (Іван Кандратавіч) Казлоў. Пазней ён стане легендарным супрацоўнікам газеты – па часе працы ў рэдакцыі і па розгаласе ад публікацый.

Іншымі крыніцамі для рэспубліканскіх газет былі афіцыйныя справаздачы райкомаў партыі і райвыканкомаў. Там было больш дакладнасці, але разам з гэтым нямала схематызму і азірання на «агульную лінію».

Некаторую інфармацыю перадавалі па тэлефоне, найперш з абласных цэнтраў. Яны кароткія, як тэлеграмы.

Машынна-трактарная станцыя (МТС)

Для нашых сучаснікаў расшыфроўка абрэвіятуры «МТС» мае зусім іншае значэнне, чым калі гэтае скарачэнне ўзнікла. Пасля арганізацыі калгасаў у СССР з’явіліся машынна-трактарныя станцыі (МТС) для дапамогі сельгасарцелям у працы і дзеля стварэння лепшых умоў для атрымання высокіх ураджаяў. Да Вялікай Айчыннай вайны ў нашым раёне было дзве МТС – Прапойская і Жалезінская. У 1941 годзе МТС эвакуявалі, а з пачатку 1944 года яны сталі аднаўляцца. Кожны трактар быў на ўліку, бо ён дазваляў араць і сеяць не на конях і не на сабе.

Праца МТС рэспублікі ў вызваленых раёнах была пад пільнай увагай улады і прэсы. Тады ж Прапойская МТС выступіла з ініцыятывай  правядзення рэспубліканскага спаборніцтва за атрыманне найбольшых паказчыкаў. Таму ў Прапойск прыехаў уласны карэспандэнт «Звязды», каб на свае вочы ацаніць становішча. Сітуацыя ў Прапойску парадавала карэспандэнта.

Па-першае, ён убачыў стараннасць і вынаходлівасць механікаў. У ліку лепшых з іх быў названы Іван Цітавіч Ермакоў. Ён з памочнікамі і калегамі быў сапраўдным «Кулібіным». Не хапала запчастак, станкоў, а заданні па рамонце тэхнікі стаялі канкрэтна. Наш Ермакоў з заданнямі спраўляўся ў тэрмін. Вясной 1945 года на палеткі раёна выехалі 23 трактары.

Па-другое, Прапойская МТС выйшла з пачынам добраўпарадкавання тэрыторыі – высадкі алей з маладых бярозак і ялінак. Ініцыятыву падтрымалі па ўсёй рэспубліцы. Добраўпарадкаванне пачалося з Прапойска. Загадам народнага камісара земляробства БССР Прапойскай МТС аб’яўлена падзяка і выдзелена грашовая прэмія ў тысячу рублёў. Падзея адбылася напярэдадні Вялікай Перамогі, а інфармацыя надрукавана ў святочным нумары за 9 мая 1945 года.

Сярод перадавых трактарыстаў МТС у 1945 годзе былі: Сямён Савельеў, Пятро Капойка, Іван Пажарыцкі, Ігнат Аўчыннікаў, Казімір Баранаў, Пятро Саўко, Мікалай Баранок. З іх Ігнат Аўчыннікаў працаваў у калгасе імя Максіма Горкага, а ў калгасе «Прамы шлях» шчыраваў Іван Пажарыцкі. Памочніцай Пажарыцкага названа вясёлая дзяўчына Маруся Граншчыкава. У Ігната Аўчыннікава памочніцай была Ганна Іванчанка, яна працавала на трактары ўдзень, Аўчыннікаў рабіў у начныя змены.

Вясной у лік перадавікоў па рэспубліцы выйшла трактарная брыгада Прапойскай МТС на чале з Сямёнам Савельевым. Трыма трактарамі было ўзарана 630 гектараў. У ліпені сярод перадавых брыгад МТС Беларусі адзначана брыгада Ігната Аўчыннікава. На трактары ХТЗ было ўзарана 770 гектараў ворыва. Эканомія паліва склала 2957 кілаграмаў.

Па выніках года Аўчыннікаў, Пажарыцкі і Савельеў сталі лепшымі працаўнікамі Слаўгарадскай МТС.

Указ падпісаў Наталевіч

Як вядома, 23 мая 1945 года горад Прапойск і Прапойскі раён былі перайменаваны. Указ надрукавалі рэспубліканскія газеты. Сёння яны дазваляюць выправіць памылку, што апошнім часам нярэдка паўтараецца ў публіцыстычных працах. Перайменаванне Прапойска ў Слаўгарад было рашэннем Беларускай ССР, а не Саюза ССР. Часта пішуць, што І.В.Сталін даў загад аб перайменаванні. Напэўна, нейкая размова адбылася і ў Крамлі, прычым яшчэ ў 1943 годзе. Але юрыдычнае афармленне было перададзена ў Мінск. Не «усесаюзны стараста» М.І.Калінін, а старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Нікіфар Наталевіч паставіў першы подпіс.

Публікацыя ўказа ў «Звяздзе» выклікала цяжкасць – як новую назву перадаць па-беларуску. Першапачаткова вырашылі пісаць «Слаўгорад» і «Слаўгародскі раён», з націскам над літарай «о». Вельмі хутка ад такіх формаў, не характэрных нашай мове, адмовіліся, і з восені 1945 года існуе адзіная правільная форма па-беларуску – «Слаўгарад» і «Слаўгарадскі раён».

Тлумачэнні старой і новай назвы

Газета «Советская Белоруссия» на пачатку лета 1945 года змясціла артыкул загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Слаўгарадскага райкома партыі В. Гапеева. Дарэчы, гэта той самы Васіль Яфімавіч Гапееў, што ў 1944 годзе быў рэдактарам раённай газеты «Калгасны шлях».  Ветэраны раёна памятаюць гэтага чалавека, педагога па адукацыі, які працаваў у нас на розных пасадах.

Перад Гапеевым стаяла задача пазнаёміць чытачоў Беларусі з найбольш важнай інфармацыяй аб тым, што гэта за Слаўгарадскі раён, чым ён вядомы ў гісторыі і чаму спатрэбілася перайменаванне. Газетнай плошчы для артыкула выдзялялася не вельмі многа. Толькі для найгалоўнейшага.

Артыкул мае назву «Славгород». Прыводзяцца дзве легенды аб назве «Прапойск». Першая – ад водавароту пры ўпадзенні Проні ў Сож. Мы і сёння часцей за ўсё так тлумачым старажытнае слова «пропой». Другое меркаванне аб назве ад даўняга слова «пропасть». Тут, на берагах Сажа і Проні, знаходзілі бясслаўныя магілы шматлікія ворагі, што ў розныя часы няпрошана лезлі да нас. Далей Васіль Яфімавіч распавядае пра слаўную бітву пры Лясной і перамогу над шведамі. Затым пераходзіць да падзей Вялікай Айчыннай вайны, абароны 1941 года, партызанскага руху падчас акупацыі і вызвалення раёна ў 1943 годзе. Адсюль і ўзнікла жаданне перайменаваць горад (у артыкуле гаворыцца вельмі лаканічна, ні слова няма аб «немілагучнай» ранейшай назве). Выснова з артыкула наступная: «Наименование Славгород отражает славные боевые традиции населения как в далеком прошлом, так и в недавнем, еще свежем в памяти. Труженики города и деревни трудовыми подвигами множат славу своего города и района, самоотверженно работают на благо любимой Отчизны».

Дзякуючы артыкулу В.Я.Гапеева звесткі аб нашым краі сталі шырока вядомыя па ўсёй рэспубліцы.

Працяг будзе.

Последние новости

Новости района

Успеть помочь вовремя

15 мая 2026
Читать новость
Новости района

Добро пожаловать в военно-патриотический клуб Министерства внутренних дел Республики Беларусь

15 мая 2026
Читать новость
Новости района

15 мая — Международный день семьи!

15 мая 2026
Читать новость
Новости района

«Семь шоколадок на счастье»

15 мая 2026
Читать новость
Новости района

Двадцать лет счастья под одной крышей

15 мая 2026
Читать новость
Новости района

«Где звучит звонкий детский смех»

15 мая 2026
Читать новость