Весткі на ўсю Беларусь

Весткі на ўсю Беларусь

Рэспубліканскія газеты 1945 года аб Слаўгарадчыне

Заканчэнне. Пачатак у №№ 49, 50

Жанчыны Слаўгарадчыны

Выпрабаванні ваеннага часу цяжарам леглі на плечы жанчын. І яны з годнасцю вытрымалі іх. Пасля вызвалення Прапойскага раёна зноў былі арганізаваны калгасы (усяго па раёну 75). Асноўную сілу ў гаспадарках складалі жанчыны. Многія сталі перадавікамі вытворчасці. У калгасе «Кастрычнік» па выніках года ў ліку лепшых працаўніц – Ніна Батоўкіна і Вольга Забеніна. У калгасе імя Куйбышава Ржаўскага сельсавета добрых паказчыкаў дасягнула загадчыца фермы Дудзянкова. За 9 месяцаў ад 15 кароў надоена 12000 літраў малака. Падзячныя словы кіраўніцтва раёна ў 1945 годзе адрасавала старшыні калгаса імя Варашылава Слаўгарадскага гарсавета Кананковай – за ўдарную і плённую працу. Старшым конюхам у калгасе «Другая пяцігодка» Ржаўскага сельсавета шчыравала Пелагея Цімафеева. На трактарах («жалезных конях») поруч з мужчынамі працавалі жанчыны. Узгадаем Граншчыкаву і Іванчанку са Слаўгарадскай МТС.

Але не трэба забываць, што жанчына – найперш маці. На пераломе вайны ў 1944 годзе былі ўстаноўлены новыя ўзнагароды СССР за нараджэнне і выхаванне дзяцей. Гэта званне «Маці-гераіня» (за 10 і болей дзяцей), ордэны  «Мацярынская слава» 1-й і 2-й ступеняў (за 7-9 дзяцей).

У 1945 годзе пачалося ўзнагароджанне маці па ўсіх раёнах Беларусі. Сярод адзначаных ордэнам «Мацярынская слава» 2-й ступені – Казлова Ева Сцяпанаўна (в. Бярозаўка Целяшоўскага сельсавета) і Ляпейка Хадосся Сцяфанаўна (в. Церахоўка Чарнякоўскага сельсавета).

На ніве навукі, культуры, грамадскай працы

Усе сферы жыцця пасля вайны перажывалі адраджэнне. На Слаўгарадчыне зноў адчыніліся школы, бальніцы, клубы і хаты-чытальні, іншыя ўстановы, грамадскія аб’яднанні.

Слаўгарадцам было прыемна чытаць у цэнтральнай прэсе артыкулы ўраджэнца вёскі Хварасцяны Міхася Ларчанкі пра класікаў беларускай літаратуры. Жыццё нашага земляка – яскравы прыклад таго, як сялянскія дзеці маглі стаць даследчыкамі, вучонымі, пісьменнікамі. У далейшым Міхась Ларчанка дасягнуў звання доктара філалагічных навук і прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 1945 годзе Акадэмія навук БССР арганізавала экспедыцыю па археалагічным вывучэнні ўсходняй часткі Магілёўскай вобласці і прылеглых раёнаў Смаленскай і Арлоўскай абласцей. Многія помнікі археалогіі былі зафіксаваныя яшчэ да вайны. І вось адразу ж пасля Перамогі гісторыкі на чале з К.М.Палікарповічам накіраваліся ў наш край. На працягу летніх месяцаў вучоныя з памочнікамі праводзілі раскопкі ў Касцюковіцкім раёне і ў наваколлі Слаўгарада.

Да археалагічных пошукаў некаторыя сучаснікі ставіліся скептычна. Аб гэтым у жартаўлівай форме напісаў Кастусь Кірэенка:

Я не пясняр сівых паданняў

І заімшэлай старыны;

Былых стагоддзяў цені-здані

Не заплывалі ў мае сны;

Які там небудзь княжы пояс

Ці аскалепкі гладышоў,

Што мой зямляк Палікарповіч

У вапне над Сажом знайшоў,

Мяне цікавілі не многа

(Хай мне даруюць гладышы)…

А калі сур’ёзна, раскопкі 1945 года паказалі ўвагу дзяржавы да глыбокага вывучэння гісторыі. І ўвесь пасляваенны час Слаўгарадчына была ў полі зроку археолагаў, якімі ў нас зроблены важныя для навукі адкрыцці.

Асяродкамі культуры ў калгасных вёсках былі хаты-чытальні. Рэспубліканскія газеты прыводзяць звесткі аб некаторых з іх. У 1945 годзе адзначаны поспехі ў працы Рабавіцкай хаты-чытальні (загадчыца Мурачова). У Рабавічах праводзіліся лекцыі (дакладчыкі Куземчык, Гатальская, Мурачова і іншыя), агляды мастацкай літаратуры, чытанні газет, канцэрты. Агіткалектыў сельсавета ўзначальваў інвалід Вялікай Айчыннай вайны Жураўкоў. Ён выступаў з гутаркамі на розныя тэмы, выязджаў у калгасы. Адна з лекцый агіткалектыва была пра перамогу Пятра Першага над шведамі пад Лясной.

Таксама ў ліку ўзорных былі хаты-чытальні Гіжэнскага, Васькавіцкага і Ржаўскага «кустоў». Удзельнікі мастацкай самадзейнасці Ржаўскага сельсавета ладзілі канцэрты ў навакольных вёсках і Слаўгарадзе. Як добры пачын адзначана арганізацыя заатэхнічнага гуртка ў Ржаўцы (загадчыца хаты-чытальні камсамолка Чарткова). Гурток рэгулярна збіраў конюхаў, даярак, іншых жывёлаводаў.

У 1945 годзе ажывілася праца камсамольскіх арганізацый раёна. Пры аглядзе насценнага друку моладзі сярод лепшых названы калгасы «КІМ» Рабавіцкага сельсавета, імя Кагановіча Гіжэнскага сельсавета, «Васькавічы» Васькавіцкага сельсавета, «Чырвоны будзёнавец» Слаўгарадскага гарсавета.

Насустрач выбарам

Хутка пасля заканчэння другой сусветнай вайны (верасень 1945 года) пачалася падрыхтоўка да выбараў у Вярхоўны Савет СССР. Усенароднае галасаванне было прызначана на 10 лютага 1946 года.

Як і да вайны, Слаўгарадчыну ўключылі ў Клімавіцкую выбарчую акругу (раёны паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці). У склад акруговай камісіі па выбарах увайшоў трактарыст Слаўгарадскай МТС Баранок Мікалай Арцёмавіч. Кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР другога склікання вылучылі старшыню калгаса «Кастрычнік» Мікіту Ермалаевіча Батоўкіна. Ён жа быў дэпутатам па гэтай акрузе і ў першым скліканні.

Падрыхтоўка да выбараў у раёне праходзіла па вызначаным плане. Кожная вёска была падзелена на «десяцідворкі», а за імі замацаваны агітатар. У справаздачы Слаўгарадскага райкома партыі ўказваецца 600 агітатараў з ліку камуністаў і камсамольцаў, настаўнікаў, работнікаў культуры і іншых актывістаў.            

Старонка ў газеце «Советская Белоруссия»

У сувязі з выбарамі пачалася кампанія па шырокім асвятленні працы дэпутатаў першага склікання (пра тых, хто застаўся жывы і пасля вайны вярнуўся ў свае акругі). Такім чынам, Слаўгарадскі раён стаў пляцоўкай для пашырэння вопыту развіцця конегадоўлі ў БССР на прыкладзе  ардэнаносца М.Е.Батоўкіна. У Слаўгарадзе прайшла нарада жывёлаводаў з удзелам журналістаў «Советской Белоруссии». Па выніках цэлая старонка газеты выдзелена для падрабязнай інфармацыі.

Дэпутат М.Е.Батоўкін паведаміў, што да вайны калгас «Кастрычнік» меў больш за 500 коней, сярод якіх былі пародзістыя, чыстакроўныя рысакі. Пасля вызвалення раёна ад фашыстаў справу конегадоўлі прыйшлося пачынаць з нуля. Пад канец 1945 года ў калгасе было 40 коней. Арганізавана асобная племянная ферма з 20 конематкамі. Загадчыкам фермы прызначаны вопытны калгаснік Дзмітрый Халугін. Паказчыкі працы добрыя.

Аб стане конегадоўлі ў цэлым па раёну трымаў справаздачу сакратар райкома партыі Аршак’ян. Усяго на Слаўгарадчыне арганізавана 16 племянных конеферм з наяўнасцю 435 галоў. Дзяржаўны план развіцця конегадоўлі перавыкананы на 400 працэнтаў. Сярод лепшых калгасаў – «Кастрычнік» Слаўгарадскага гарсавета (Батоўкін, Халугін), «16-ы партз’езд» Ржаўскага сельсавета (Маргуноў, Макаранка), «Бальшавіцкая сяўба» Каменскага сельсавета (Новікаў, Анціпенка), імя Варашылава Слаўгарадскага гарсавета (Кананкова, Самадзелаў), імя Будзённага Рагаўскога. З сельсавета (старшы конюх К.Сівухін).

Удзельнікі нарады ў Слаўгарадзе выступілі з заклікам арганізаваць у Беларусі рэспубліканскае спаборніцтва за ўзорнае ўтрыманне коней і павелічэнне конскага пагалоўя.

Аб тым, што перашкаджала

Не толькі поспехі Слаўгарадскага раёна былі паказаны ў публікацыі «Советской Белоруссии». Шчыра гаварылася і аб тым, што перашкаджала ў працы. На першым месцы – «абязлічка», гэта значыць адсутнасць асабістай адказнасці. Недапушчальным прызнавалася з’ява, калі коні не замацаваны за канкрэтнымі працаўнікамі, сёння бярэ адзін, заўтра – другі, а ніхто не адказвае за жывёліну. Як на асабістым падворку, у калгасе за канём павінен глядзець гаспадар – конюх. Праблемы з «абязлічкай» указаны ў калгасе імя Кірава Лапаціцкага сельсавета, «Памяць Фрунзе» Старынскага сельсавета, «Чырвоная Церахоўка» Чарнякоўскага сельсавета. Названы канкрэтныя прозвішчы старшынь калгасаў і старшых конюхаў. Некаторыя з удакладненнем – былы.

Прывітанне земляка

25 снежня 1945 года ў «Звяздзе» надрукаваны толькі што напісаны верш «Слаўгарадцам». Аўтар – ураджэнец Гайшына Кастусь Кірэенка. Пазней ён стаў вядомым беларускім паэтам. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Канстанцін Ціханавіч Кірэенка пасля дэмабілізацыі быў накіраваны на журналісцкую працу ў Мінск. У пераможным 1945 годзе выйшаў яго першы паэтычны зборнік «Ранак ідзе». Добрую рэцэнзію надрукавала «Звязда». І вось тады сам аўтар прапанаваў газеце новы верш, прысвечаны жыхарам нашага раёна. Ён, нібы вянок з кветак, упрыгожвае весткі са Слаўгарадчыны, што друкаваліся на працягу года.

Верш «Слаўгарадцам» добра знаёмы многім з нас. Прыгадаю першы слупок:

Вітанне вам, мае сябры,

Сыны тых вольных ніў,

Дзе колісь з Кабінай Гары

Швед меч свой ураніў.

Можна сказаць, што гэта хрэстаматыйны твор з паэтычнага ўзору, сатканага ў нашым краі. Але, адзначаючы 80-годдзе верша (цікавы юбілей!), хачу паведаміць, што ў першым друкаваным варыянце ёсць некаторыя адрозненні ад пазнейшага тэкста. Стылістычныя праўкі заканамерныя, бо кожны аўтар стараецца «адшліфаваць» свой твор, падабраць найбольш дакладныя і трапныя словы. Так, пазней Кірэенка змяніў адзіночны лік на множны ў радку: «Дзе танк нямецкі над Сажом» (новы варыянт: «Дзе танкі немцаў над Сажом»). Правільна, бо не адзін падбіты танк ворага застаўся ў Прысожскім краі. Ярчэй гучыць зараз радок пра маяк у Гайшыне, дзе замест «як з казкі» стала «як зорка».

Цікава, што Кірэенка зусім апусціў цэлы слупок верша ў варыянце 1945 года. Прачытайце яго і зразумееце, чаму так адбылося:

І ўжо там-сям растуць муры,

І зноў, як да вайны,

На стайнях будзяць сон зары

Іржаннем скакуны.

Яркі вобраз і самы што ні ёсць слаўгарадскі – пра поспехі конегадоўлі. Але пазней аўтар выкрасліў яго. Пасля вайны Беларусь стала развівацца як прамысловая, а не сельскагаспадарчая рэспубліка. Не конегадоўля, а машыны і трактары вывелі БССР на сусветны ўзровень у ХХ стагоддзі.

Замест эпілога

Заканчваючы агляд рэспубліканскай прэсы пераможнага года, адзначу, што пры чытанні часам «сухой» інфармацыі адчуваў гонар за Слаўгарадскі раён. Колькі ў нас было высокіх прыкладаў самаадданай працы! Колькі прыгожых душою, працавітых і адказных людзей! Без пафасу трэба прызнаць, што гэта залаты скарб Слаўгарадчыны, маіх землякоў. Ён і сёння, і заўтра паслужыць усім на агульную карысць, калі мы самі не адцураемся ад уласнай спадчыны, ад нашай чалавечай годнасці не «прапойцаў», а слаўных людзей.

Яшчэ спадзяюся, што публікацыя атрымае зваротную сувязь. Няхай яна натхніць дзяцей, унукаў і праўнукаў, а таксама суседзяў, аднавяскоўцаў тых, аб кім гаварылася ў «Звяздзе» і «Советской Белоруссии» 1945 года, даслаць свае звесткі ў рэдакцыю. Добра было б далучыцца да гэтай высакароднай справы ідэолагам, настаўнікам і вучням устаноў адукацыі раёна, бібліятэкарам, супрацоўнікам музея. Працяг павінен быць…

Последние новости

Новости Республики

«Хотим масштабировать журналистский опыт»: участники Форума медийного сообщества в Гродно — о своих ожиданиях

15 мая 2026
Читать новость
Новости Республики

Планы национальной команды, инфраструктура в райцентрах. В Правительстве обсуждают развитие футбола в Беларуси

15 мая 2026
Читать новость
Новости Республики

Погода в Беларуси в выходные: грозы, кратковременные дожди и до +25 °С

15 мая 2026
Читать новость
Новости Республики

Александр Лукашенко: мы гордимся межконфессиональным миром, который существует в Беларуси

15 мая 2026
Читать новость
Новости Республики

Александр Лукашенко и Владимир Путин провели телефонный разговор

15 мая 2026
Читать новость
Новости Республики

Узнали, сколько многодетных семей проживает в Могилевской области

15 мая 2026
Читать новость