Дзікая калыска нашага краю

Паважаны чытач, давай на хвіліну ўявім: вакол — ні дамоў, ні дарог, ні электрычнага святла. Толькі шырокая рака, густыя лясы, пясчаныя ўзвышшы і цішыня, якую парушае крык птушкі або тупат дзікай жывёлы. І менавіта тут, на нашай з вамі зямлі, ужо дзясяткі тысяч гадоў таму з’явіўся чалавек. А вы калі-небудзь задумваліся, колькі тысячагоддзяў хавае пад сабой наша зямля? Вось ідзём мы сёння па вуліцах роднага горада, глядзім на ціхую плынь Сажа, і нават не падазраём, што па гэтых самых берагах хадзілі людзі яшчэ сто тысяч гадоў таму.
Слаўгарадскі край быў абжыты яшчэ ў старажытнакаменным вяку. Археалагічныя знаходкі — скрэблы, востраканечнікі — сведчаць, што прыкладна 100–40 тысяч гадоў таму тут пабывалі неандэртальцы. Гэта былі людзі моцныя, вынослівыя, якія ўмелі вырабляць прылады працы і паляваць. Высокія берагі Сажа, зручныя для загоннага палявання, крэйдавыя адклады з крамянёвымі валунамі — усё гэта стварала добрыя ўмовы для жыцця. Знойдзеныя рэшткі мамантаў у вёсцы Гайшын даюць падставы меркаваць, што чалавек мог пранікаць сюды ўжо ў верхнім палеаліце.
Прайшлі тысячагоддзі. Клімат змяняўся, знікалі ледавікі, з’яўляліся новыя расліны і жывёлы. І вось надыходзіць эпоха мезаліту — сярэднекаменнае стагоддзе (11–7 тысяч гадоў таму). З таго часу чалавек ужо ніколі не пакідаў берагоў Сажа. Тэрыторыя сучаснага Слаўгарадскага раёна паступова становіцца добра абжытым краем.
Каля вёскі Кліны археолагі выявілі больш за 12 тысяч знаходак мезалітычнага часу. Уявіце сабе маштаб! Сярод іх — наканечнікі стрэл, сякеры, нажы, разцы для апрацоўкі костак, скоблі для дрэва, праколкі для шыцця вопраткі. Паселішча размяшчалася ўздоўж шасцімятровай тэрасы левага берага Сажа і займала амаль 800 квадратных метраў. Тут былі агнішчы, месцы для апрацоўкі крэменя — сапраўдная майстэрня старажытнага чалавека.
Рэшткі яшчэ аднаго мезалітычнага паселішча знойдзены каля вёскі Старая Каменка. А наканечнікі стрэл таго часу знаходзілі таксама каля Таўкачоўкі, Рудні, Дубна. Гэта значыць, што наш край у той перыяд быў не пустэльняй, а тэрыторыяй актыўнага жыцця.
У канцы V — пачатку IV тысячагоддзя да н.э. жыхары Пасожжа навучыліся вырабляць гліняны посуд. Пачаўся неаліт — новае каменнае стагоддзе. З’яўленне керамікі стала сапраўднай рэвалюцыяй. Посуд ляпілі з гліняных стужак, упрыгожвалі грабеньчатым, ямкавым, лапчастым арнаментам. Характэрнымі былі шыракагорлыя і вастрадонныя гаршкі, акругладонныя нізкія пасудзіны.
У гэты час нашу зямлю насялялі плямёны верхнедняпроўскай культуры. Яны працягвалі выкарыстоўваць крэмень, косткі і рог для вырабу прылад працы, але з’явіліся новыя формы наканечнікаў стрэл — рамбічныя і трохвугольныя, добра апрацаваныя сякеры і цёслы для выдаўблівання лодак.
Сляды неалітычных паселішчаў знойдзены ў ваколіцах вёсак Аляксандраўка, Бярозаўка, Гайшын, Дабранка, Дубна, Крамянка, Рудня і іншых. Асабліва цікавыя раскопкі каля Дубна, дзе на плошчы амаль 10 тысяч квадратных метраў выявілі рэшткі наземнага жытла слупавой канструкцыі. Гэта ўжо не проста стаянка — гэта дом, месца пастаяннага жыцця.
Бронзавае стагоддзе, якое пачалося ў пачатку II тысячагоддзя да н.э., прынесла новыя змены. На Слаўгарадчыну прыйшлі “шнуравікі” — носьбіты культуры шнуравай керамікі. Яны займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, выраблялі баявыя сякеры, упрыгожвалі посуд адбіткамі шнура. Паступова ўзнікалі новыя этнічныя аб’яднанні, змяняліся вытворчыя адносіны, узмацняліся гаспадарчыя сувязі.
Знойдзеныя каменныя сякеры каля Вялікай Зімніцы, Лясной, Ляцягаў, Улукаў, Шаламоў сведчаць пра актыўнае асваенне зямлі. Каля Кульшычаў знаходзілі нават цэлыя наборы такіх прылад. А вось вырабаў з медзі і бронзы на Прысожжы знойдзена ўсяго каля трох дзясяткаў — відаць, метал трапляў сюды з Каўказа або Карпат.
У VII–VI стагоддзях да н.э. пачалася жалезная эпоха. З балотнай руды выплаўлялі жалеза ў сырадутных печах, выкарыстоўваючы драўляны вугаль. З’явіліся трывалыя сякеры, сярпы, нажы, наканечнікі стрэл. Жалеза паступова выцесніла крэмень.
Але разам з развіццём гаспадаркі ўзрастала і маёмасная няроўнасць. Пачасціліся ўзброеныя сутычкі. Людзі былі вымушаны ўмацоўваць свае паселішчы. Так з’явіліся гарадзішчы.
Адно з найбольш вядомых — Замкавая гара ў Слаўгарадзе. Яна размешчана на высокім правым беразе Сажа каля вусця Проні. Культурны пласт тут месцамі дасягае 1,8 метра і ўтрымлівае матэрыялы ад неаліту да сярэднявечча. У Х–ХІ стагоддзях тут існавалі драўляныя ўмацаванні, а ў XIII стагоддзі ўзнік Прапойскі замак. Знойдзены шкляныя і бронзавыя бранзалеты, пацеркі, прасліцы — сведчанні развітай матэрыяльнай культуры.
Акрамя гарадзішчаў, на тэрыторыі раёна захаваліся шматлікія курганы. Цэлыя некропалі знаходзяцца каля Васькавічаў, Гайшына, Дуброўкі, Гіжэнкі і іншых вёсак. Кожны курган — гэта пахаванне, рытуал, светапогляд старажытнага чалавека.
Такім чынам, Слаўгарадскі раён — адзін з самых багатых на археалагічныя помнікі ў Магілеўскім рэгіёне. Ад эпохі мусцье да сярэднявечча — шырокі храналагічны дыяпазон, які дазваляе прасачыць шлях развіцця чалавека на нашай зямлі. І калі сёння мы ідзём па сцежках, што вядуць да ракі, ці адпачываем у гарадскім парку, варта памятаць: пад нашымі нагамі — гісторыя ў дзясяткі тысяч гадоў. І яна працягваецца.