Дзе дзяцінства сэрца грэла…

— Прывітанне, дарагі чытач! Сёння Прысажанка запрашае цябе ў падарожжа — не вельмі далёкае па карце, але вельмі глыбокае па душы. Пайшлі са мной у маю родную вёску — Шаламы. Тут я нарадзілася, вучылася, тут прайшло маё дзяцінства… І, ведаеш, гэта не проста кропка на мапе — гэта цэлы свет з уласнымі таямніцамі.
— Шаламы? Цікавая назва… Адкуль яна?
— Вось тут і пачынаецца самае загадкавае. Паводле аднаго мясцовага падання, назва звязана са словам «шум». Вёска стаіць на ўзгорку, быццам у чашы паміж гравійных пагоркаў. Кажуць, калі ў ціхі летні поўдзень прыкласці вуха да зямлі, можна пачуць незвычайныя гукі — звон, спевы… Нібыта адгалоскі тых часоў, калі тут праваліліся цэлыя гарады разам з людзьмі і цэрквамі.
— Гучыць, як легенда…
— А ў нас іх шмат. Расказваюць, што на гэтых пагорках часам з’яўляюцца вартыя людзі — к ім выходзяць насустрач або вараныя жарабкі, або прыгожыя дзяўчыны. Яны просяць: дапамажыце прыўзняць цяжкую накрыўку, і тады з-пад зямлі вырвуцца воды, выйдуць людзі, адродзяцца гарады. Але чалавек павінен быць чысты душой… Ды людзі, як часта бывае, не адважваюцца — і потым расплачваюцца за свой страх.
— А ёсць больш “зямныя” тлумачэнні?
— Вядома. Іншае паданне кажа, што назва паходзіць ад словаў «шум», «замарэчанне», «глупства». Маўлялі, жыў тут калісьці чалавек па імені Шолам — шумны, крыклівы, неспакойны. Вось і засталося яго імя ў назве вёскі.
— А што кажа гісторыя?
— Першыя пісьмовыя згадкі пра Шаламы адносяцца да 1675 года. Уяві: усяго тры двары, але ўжо былі вадзяны млын і карчма — жыццё кіпела. З часам вёска расла. У 1889 годзе адкрылася земская школа, праўда, спачатку толькі для хлопчыкаў. Потым, у 1911 годзе, для школы нават купілі сялянскую хату. А ўжо ў пачатку ХХ стагоддзя тут дзейнічала чатырохкласнае вучылішча.
— Значыць, адукацыі надавалі значэнне?
— Безумоўна. І людзі тут заўсёды былі працавітыя. У 1931 годзе арганізавалі калгас з гучнай назвай «Барацьбіт». Вёска перажыла і цяжкія часы — з 1941 па 1943 год была пад акупацыяй. Але выстаяла.
— А як жылі людзі пазней?
— У 1990 годзе ў Шаламах налічвалася больш за сотню гаспадарак, амаль тры сотні жыхароў. Працавалі фермы, была вытворчая брыгада. З’явіліся клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, пошта, магазін… Вёска жыла, дыхала, гучала — як і яе назва.
— Ты згадвала яшчэ адну легенду… пра кірмаш?
— Так, яе мне вельмі любіў расказваць дзед. Калісьці побач з вёскай быў вялікі кірмаш. Людзі гандлявалі, куплялі, святкавалі. А пасля абавязкова заходзілі ў карчму да габрэя па імені Шэлам. Вось і пачалі называць мясцовасць — Шаломы. З часам гэта і замацавалася як назва вёскі.
— А што кажуць самі жыхары?
— У кожнага свая праўда. Вось, напрыклад, 81-гадовая Таццяна Якаўлеўна заўсёды казала: «Людзі тут жылі працавітыя, але з ветрыкам у галаве — шумныя. Вось табе і Шаламы».
— Цікава… А ці ёсць у вёскі вядомыя людзі?
— Ёсць, і мы імі ганарымся. Напрыклад, Іван Якаўлевіч Яшкін — вядомы беларускі мовазнаўца, лінгвіст. Ён даследаваў беларускія дыялекты, гісторыю мовы, геаграфічныя назвы. Чалавек, які праз слова раскрываў душу народа — і, між іншым, наш зямляк.
— Ведаеш, пасля тваіх слоў хочацца самому там пабываць…
— І гэта самае галоўнае. Бо Шаламы — гэта не толькі гісторыя і легенды. Гэта памяць. Гэта карані. Гэта ціхі шэпт зямлі, які можна пачуць, калі слухаць сэрцам.
— Дзякуй табе за гэта падарожжа.
— І табе дзякуй, што пайшоў са мной. Бо пакуль мы памятаем — жывуць і нашы вёскі.
Вельмі хутка, год за годам
Пралятае так жыцце,Трэба знаць, адкуль ты родам,
Дзе дзяцінства ўсе прайшло.
Вёска, дзе я нарадзілась,
У маё сэрца залягла.
Я тут вырасла, вучылась,
Сябравала і жыла.
Помню вуліцы і хаты,
Шмат людзей тады жыло.
І бабулю – матку таты –
Ох, і цяжка ёй было.
Сумаваць я не давала:
Толькі раніца , я тут
Гнаць кароў дапамагала –
Выбірала большы кнут.
Мы спяшаліся на рэчку
Бялізну каб пасціраць –
З раніцы прапаліць печку:
Будзе стравы гатаваць.
Гэты пах я не забуду –
Суп з фасолі і бліны,
Смак заўсёды помніць буду –
Вельмі смачныя былі.
Грышка, дзед, жыў праз дарогу,
Па ваду заўжды хадзіў.
Калі што, на дапамогу
Ён суседзям прыхадзіў.
Лепш дзяцінства і не знойдзеш –
Шмат святла і цеплыні!
Усе свае, куды не пойдзеш,Мірна, добра ўсе жылі.
Праняслося шмат гадоў…
Шаламы ўжо не тыя.
І няма вакол платоў,
Хаты- сіраты пустыя.
Пагляджу на вёску я –
Усе змянілась, пастарэла.
Але тут душа мая,
Дзе дзяцінства сэрца грэла.