Ко Дню белорусской письменности вышла краеведческая книга Алеся Карлюкевича «Літаратурныя гнёзды Беларусі»

Фото предоставлено издательством «Четыре четверти»
Да Дня беларускага пісьменства ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшла новая кніга знакамітага пісьменніка і грамадскага дзеяча Алеся Карлюкевіча «Літаратурныя гнёзды Беларусі». Гэта зборнік краязнаўчых падарожжаў і шырокі культурны атлас, складзены з мясцін, біяграфічных звестак пра людзей, успамінаў і дакументаў. Аўтар паказвае, як літаратура ўкаранілася ў штодзённасць беларускіх гарадоў і мястэчак, паведамляе sb.by.
Раздзел пра Мір задае тон кнігі. Алесь Карлюкевіч называе Мір «унікальным адрасам гістарычнай памяці» і праводзіць па яго «літаратурных слядах». Пачынае аповед з верша Міколы Мятліцкага, які стаў часткай мясцовай ідэнтычнасці. Радкі «Мір кожнай хаце тваёй, Мір. Выстаяў мужна ты ў грозных сечах» і асабліва «Не зброю згубніцкую ў руках — годна трымаем кнігу Скарыны» паказваюць, што паэзія тут не менш, чым форма захавання памяці.
У раздзеле пра Карэліччыну аўтар згадвае гасцей і ўраджэнцаў гэтага краю Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Вінцэнта Каратынскага, Янку Брыля, Раісу Раманчук… І разам з тым прапануе ідэю, якая вырастае з фактаў: чаму б не выдаць анталогію «Карэліччына літаратурная»? Відавочна, тут спрацавала журналісцкая логіка: калі ёсць аўтары, творы і гісторыі — значыць, ёсць творчая спадчына, якая заслугоўвае сістэматызацыі.
У частцы пра Дзятлаўшчыну аўтар працуе з дакладнымі гістарычнымі датамі: «5 студзеня 1712 года ў Дзятлаве нарадзіўся князь Удальрык Крыштоф Радзівіл — паэт, перакладчык, гісторык…». У дадзеным выпадку паказана, як літаратурная гісторыя ўзаемадзейнічае з гісторыяй палітычнай і сацыяльнай. У Наваельні, што таксама на Дзятлаўшчыне, Алесь Карлюкевіч расказвае пра школьную экспазіцыю, дзе захоўваюцца гісторыі дзяцей розных краін, якія адпачывалі тут у самы пярэдадзень Вялікай Айчыннай вайны: «Юра Галавін, Юлій Гера, Чжу Мінь, Іонка Чынгелаў…». Адпачынак быў рэзка перарваны нападам Германіі на СССР у чэрвені 1941 года. Лагер апынуўся ў зоне акупацыі. Бясспрэчна, дакументальная гісторыя ажывае праз літаратурную памяць.
Аўтар умела ўключае чытача ў рух маршруту: ад Міра да Карэліч, ад Дзятлава да Наваельні, ад Нясвіжа да Крайска… Нясвіж апісваецца як месца, дзе беларуская, польская і еўрапейская культурныя традыцыі ўзаемадзейнічалі стагоддзямі. Аўтар расказвае пра Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлю, Юзафа Ігнацыя Крашэўскага…
Літаратурная біяграфія назаўсёды ўкаранілася ў канкрэтную прастору. У раздзеле пра Крайск (Лагойшчына) працытаваны ў тым ліку радкі беларускага і расійскага празаіка Алеса Кажадуба, які апісвае свой шлях у вёску, дзе падкрэсліваецца важная гістарычная дэталь: да 1939 года зусім недалёка ад Крайска праходзіла мяжа паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю.
У кнізе таксама расказана пра звязаныя з Беларуссю франтавыя біяграфіі сусветна вядомых пісьменнікаў і ваенных карэспандэнтаў Канстанціна Сіманава, Аляксея Суркова… Літаратурная гісторыя Беларусі ўключае не толькі нацыянальных аўтараў, але і тых, хто пакінуў след у культурнай памяці праз Вялікую Айчынную вайну.