У цэнтры ўвагі — кніга і бібліятэка

У цэнтры ўвагі — кніга і бібліятэка

Што сёння можа аб’ядноўваць чалавека, які шукае рэдкае выданне, школьніка, які рыхтуецца да ўрока, маладую маму, якая выбірае першую кнігу для свайго дзіцяці, і пажылога чалавека, якому проста хочацца пагутарыць? Вядома ж, бібліятэка.

Яна змяняецца разам з часам, асвойвае новыя тэхналогіі, стварае электронныя рэсурсы, праводзіць выставы, сустрэчы, праекты і акцыі. Але сутнасць яе застаецца нязменнай — кніга, чалавек і жывы дыялог паміж імі.

Штогод 15 верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень бібліятэк. Гэта добрая нагода не толькі павіншаваць тых, хто прысвяціў сваё жыццё бібліятэчнай дзейнасці, але і азірнуцца на зробленае, успомніць людзей, дзякуючы якім захоўваліся і развіваліся  работы бібліятэк.

Сёння бібліятэка — гэта не проста кніжныя паліцы. Гэта прастора ведаў, зносін, творчасці і адкрыццяў. А за кожнай бібліятэкай стаяць людзі — бібліятэкары, якія штодня аддаюць свае веды, сілы і душэўную цеплыню чытачам.

Сёння бібліятэчным абслугоўваннем насельніцтва Слаўгарадскага раёна займаюцца 15 бібліятэк. Тры з іх абслугоўваюць гарадское насельніцтва, яшчэ 12 працуюць у сельскай мясцовасці.

У бібліятэчнай сетцы раёна працуе 26 спецыялістаў, большасць з іх мае вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю.

Штогод бібліятэкамі абслугоўваецца больш за 6 тысяч карыстальнікаў, у тым ліку каля 2 тысяч — гэта дзеці і падлеткі ва ўзросце да 18 гадоў. Кнігавыдача перавышае 95 тысяч дакументаў, колькасць наведванняў — 63 тысячы, з іх больш за 9 тысяч — віртуальныя.

Бібліятэчны фонд раёна налічвае больш за 135 тысяч экзэмпляраў дакументаў. Паступова развіваюцца і электронныя рэсурсы: сёння фонд электронных дакументаў складае 380 экзэмпляраў.

Сучасная бібліятэка імкнецца быць побач з чалавекам у любой сітуацыі — дапамагчы знайсці патрэбную інфармацыю, параіць кнігу, падказаць, дзе шукаць адказ на пытанне, арганізаваць цікавы вольны час.

Асноўнымі напрамкамі культурна-асветніцкай дзейнасці бібліятэк застаюцца краязнаўства, патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, сямейнае выхаванне, папулярызацыя здаровага ладу жыцця, экалагічная асвета, арганізацыя вольнага часу дзяцей і падлеткаў, папулярызацыя мастацкай літаратуры, творчасці пісьменнікаў і паэтаў.

Праца вядзецца ў цесным супрацоўніцтве з сельскімі дамамі культуры, школамі, клубамі і іншымі ўстановамі.

Важную ролю ў гэтай рабоце адыгрываюць бібліятэчныя праграмы. Сем бібліятэк раёна сёння актыўна працуюць па мэтавых праграмах. Сярод іх — «Давайце ганарыцца, што мы беларусы», «Лета кніжных адкрыццяў», «Да кнігі і чытання — праз вольны час і зносіны», «Любі свой край, паважай сваю гісторыю» і іншыя.

Такія праекты дапамагаюць не толькі прыцягваць увагу да бібліятэк, але і ствараць вакол іх асаблівую атмасферу — атмасферу цікавасці, даверу і жадання вяртацца сюды зноў.

Асаблівая ўвага надаецца краязнаўчай рабоце. Сёння бібліятэкі не толькі захоўваюць памяць пра мінулае Слаўгарадчыны, але і актыўна прадстаўляюць яе сучаснымі сродкамі. Ствараюцца электронныя краязнаўчыя базы даных, віртуальныя інфармацыйныя рэсурсы, папаўняецца электронны каталог.

Спецыялісты цэнтральнай бібліятэкі працуюць над стварэннем якаснага кантэнту для сайта і сацыяльных сетак. З мэтай папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны і турыстычнага патэнцыялу Слаўгарадчыны створаны віртуальныя інфармацыйныя рэсурсы «Крыніцы Слаўгарадскага раёна», прысвечаны роднікам нашага краю, і рэсурс, які знаёміць з рэдкімі кнігамі з фонду Слаўгарадскай цэнтральнай бібліятэкі.

Падрыхтаваны таксама краязнаўчы праект «Гістарычныя і памятныя мясціны Слаўгарадчыны», які знаёміць карыстальнікаў з вядомымі аб’ектамі нашага краю: памятным знакам «Якар», батанічным помнікам «Лістоўніца векавая», царквой Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, паштовай станцыяй, Замкавай гарой і іншымі мясцінамі.

Бібліятэкі раёна актыўна ўдзельнічаюць у прафесійных конкурсах, рэгіянальных фестывалях, марафонах і рэспубліканскіх праектах.

У 2026 годзе за ўдзел у абласным конкурсе краязнаўчых буклетаў «Кніга як мастацтва», абвешчаным Магілёўскай абласной бібліятэкай імя В. І. Леніна сярод публічных бібліятэк вобласці, дзяржаўная ўстанова культуры «Цэнтралізаваная сетка публічных бібліятэк Слаўгарадскага раёна» адзначана дыпломам III ступені. На конкурс быў прадстаўлены буклет, прысвечаны кнізе Ф. В. Шкірманкова «Бягучая з памяці радок».

Бібліятэкар Новаслабодскай бібліятэкі-філіяла А. Д. Данілкіна атрымала дыплом удзельніка за дыстанцыйны ўдзел у міжнароднай расійска-беларускай сеткавай інтэрнэт-акцыі «Рэха Чарнобыля: 40 гадоў пасля».

А колькі яшчэ сустрэч, выставак, літаратурных гадзін, творчых акцый і праектаў штодня адбываецца ў бібліятэках раёна! За кожнай такой падзеяй — праца людзей, якія любяць сваю справу.

Яскравым прыкладам такой адданасці бібліятэчнай прафесіі з’яўляецца і гісторыя Ржаўскай бібліятэкі.

У 2026 годзе супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі прынялі ўдзел у XXXIII Дні беларускага пісьменства ў Касцюковічах, дзе прадставілі тэматычную пляцоўку «Спадчына зямлі Слаўгарадскай», прысвечаную 125-годдзю з дня нараджэння нашага славутага земляка, генерал-маёра авіяцыі Якава Іванавіча Драйчука.

Разам з жонкай Зінаідай Васільеўнай ён уклаў больш за 17 тысяч рублёў уласных зберажэнняў у будаўніцтва Ржаўскай сельскай бібліятэкі. Яе адкрыццё адбылося ў кастрычніку 1967 года. У бібліятэцы размясціліся кнігасховішча, чытальная зала і абанемент, а доступ да кніжнага фонду быў адкрытым.

Фонд налічваў каля 20 тысяч тамоў па розных галінах ведаў. Каля 18 тысяч кніг былі падарункам Я. І. Драйчука і яго жонкі. Асаблівую каштоўнасць мелі 1530 выданняў з аўтографамі вядомых пісьменнікаў, вучоных, касманаўтаў, грамадскіх і ваенных дзеячаў, прадстаўнікоў навукі і мастацтва. Многія з гэтых кніг захаваліся ў бібліятэцы да нашых дзён.

Усё гэта — сённяшняя бібліятэчная Слаўгарадчына. Сучасная, адкрытая, тэхналагічная, але пры гэтым верная галоўнаму — кнізе і чалавеку.

Людзі, якія не проста выдаюць кнігі, а дапамагаюць дзецям палюбіць чытанне. Людзі, якія ведаюць сваіх маленькіх чытачоў, памятаюць іх любімыя кнігі, раяць новыя, прыдумляюць святы і сустрэчы, вучаць разважаць і спачуваць.

Последние новости

Новости района

«Увесь свет змяшчаецца ў кнізе!»

15 сентября 2026
Читать новость
Актуально

Подробности нового раунда переговоров Александра Лукашенко со спецпосланником США Коулом

15 сентября 2026
Читать новость
Новости района

У цэнтры ўвагі — кніга і бібліятэка

15 сентября 2026
Читать новость
Новости района

Честь, верность долгу и признание: в Славгородском РОВД провели на заслуженный отдых майора милиции Маргариту Кравцову

15 сентября 2026
Читать новость
Актуально

Александр Лукашенко проведет переговоры с американской делегацией

15 сентября 2026
Читать новость
Новости района

Там, дзе жыве ціхае натхненне

15 сентября 2026
Читать новость