Сёлета падчас правядзення духоўна-культурнай акцыі «Лясная – месца воінскай славы» да нас вяртаецца ікона Божай Маці. Гэтая святыня была знойдзена восенню 1990 года ў вёсцы Кульшычы. 35 гадоў яна вандравала па розных мясцінах Беларусі і нарэшце прыбывае на Слаўгарадчыну – у храм-помнік святых апосталаў Пятра і Паўла аграгарадка Лясная.
Пачатак гісторыі
Людзі сталага веку памятаюць, якія змяненні прынесла другая палова 1980-х гадоў. Хуткія грамадска-палітычныя пераўтварэнні, так званыя «перабудова» і «галоснасць», успрымаліся пазітыўна. Ніхто не думаў тады, што гэта быў пачатак вельмі няпростага і напружанага часу. Але пры цяжкасцях заўсёды загартоўваецца чалавек, па-новаму глядзіць на падзеі, набывае сілы для пераадолення выпрабаванняў.
У духоўным плане Слаўгарадчына ў 1989 годзе нарэшце займела ўласны прыход. У горадзе пачалі аднаўляць царкву Нараджэння Багародзіцы. Першапачаткова для богаслужэнняў быў абсталяваны будынак былой царкоўна-прыходскай школы, які да гэтага займала друкарня і рэдакцыя раённай газеты. Царква ў Слаўгарадзе стала цэнтрам прыцягнення для ўсіх жыхароў раёна. Потым вернікі, што пражывалі на тэрыторыі Лапаціцкага сельсавета, паставілі пытанне аб вяртанні рэлігійнай абшчыне храма-помніка ў Лясной. У лютым 1990 года Слаўгарадскі райвыканкам прыняў станоўчае рашэнне. Духоўныя патрэбы людзей перасталі быць пад забаронаю ці на перыферыі грамадскага развіцця.
У Прысожскім краі заўсёды былі тыя, хто захоўваў веру і традыцыі. Але ў большасці людзі не мелі духоўнага выхавання. Усё ж такі многія цягнуліся да чысціні, да святыні. Часта інтуітыўна, але заўсёды па-добраму і шчыра. Зерне веры пры гэтым давала ўсходы без асаблівага шуму, у цішыні і спакоі. Такім было і з’яўленне іконы Прачыстай Багародзіцы ў Кульшычах. Для многіх нашых землякоў падзея прайшла зусім незаўважна. Тым не менш, святыня яскрава сведчыць аб асаблівым клопаце Божым аб нашай Бацькаўшчыне.

Чаму ікона Божай Маці?
Хрысціянская традыцыя шанавання Прачыстай Багародзіцы і святых мае аснову ў евангельскай прапаведзі вучняў Хрыстовых. Яна, можна так сказаць, прыводзіць людзей да Хрыста Збавіцеля. Таму святыні – храмы, манастыры, іконы Божай Маці – пашыраныя ва ўсім свеце, таксама і ў Беларусі. У нашым рэгіёне з дванаццаці гістарычных прыходаў палова была ў гонар Дзевы Марыі. Прачысценскія і Пакроўскія цэрквы існавалі ў Прапойску, Кульшычах, Рэкце, Цёплым, Ляцягах, Рабавічах, Лясной (драўляная, да пабудовы сучаснай). Традыцыйна Слаўгарадчына знаходзіцца пад асаблівай апекай, покрывам Божай Маці. Гэта пацвярджае і гісторыя ў Кульшычах.
Незвычайнае святло
Ранняй восенню 1990 года жыхары вёскі Кульшычы Васіль Міхайлавіч Іваноў і Сяргей Мікалаевіч Цвярдоўскі пасвілі статак калгасных кароў. Ішоў дробны дожджык, як у нас кажуць, імжа. Дзесьці па абедзе пастухі, што стаялі пад дрэвамі, заўважылі незвычайнае свячэнне на адным закінутым дворышчы. Праўдзівей, свячэнне заўважыў Васіль, а Сяргей адказаў, што нічога не бачыць, толькі мокрае кустоўе. Адлегласць да дворышча была метраў з дзвесце. Васіль вырашыў праверыць і адправіўся на месца, адкуль зыходзіла святло. Там, у кустах, ён знайшоў ікону Божай Маці. Сумненняў не было: крыніцай святла была ікона. Сваю знаходку Васіль Іваноў паказаў напарніку, потым даяркам на ферме, іншым жыхарам. Усе здзіўляліся, але асаблівай зацікаўленасці не праявілі. Адна толькі бабулька Пятроўна (імя і прозвішча высветліць не ўдалося) параіла Васілю перадаць ікону ў царкву. Той паехаў у Слаўгарад, але святара на месцы не аказалася, таму ікона зноў вярнулася ў Кульшычы.
З Кульшычаў у Заеліцу і Мінск
Увосень 1990 года пачалося перасяленне жыхароў Кульшыцкага сельсавета ў Глускі раён. Там быў арганізаваны спецыяльны калгас «Слаўгарадскі» і пасёлак для перасяленцаў з чарнобыльскай зоны. Так Васіль Іваноў апынуўся ў Заеліцы. Разам з сабой ён прывёз ікону Божай Маці. Незвычайная падзея з іконай у Кульшычах пачала забывацца. Святыня, загорнутая ў газету, ляжала дзесьці ў шафе сярод іншых рэчаў. Гаспадар рэдка ўспамінаў пра яе.
Праз тры гады ў Заеліцы адбыўся трагічны выпадак у лесе. Васіль Іваноў атрымаў цяжкую траўму пазваночніка. Лячэнне праходзіла ў Рэспубліканскім навукова-даследчым цэнтры траўматалогіі і артапедыі. Цяжкая хвароба падштурхнула Васіля прыпомніць да дробязей усе моманты жыцця і пераасэнсаваць іх. Ён расказаў гісторыю з іконай сястры міласэрнасці Ніне Клешчукевіч, якая наведвала пацыентаў цэнтра. Ікону прывезлі з Заеліцы ў Мінск. Аб знаходцы паведамілі Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі мітрапаліту Мінскаму Філарэту. 30 студзеня 1994 года ікона Божай Маці была з пашанаю перададзена ў царкву Усіх Беларускіх святых Мінскага епархіяльнага ўпраўлення. Гэта храм Патрыяршага Экзарха, у якім ён штодня здзяйсняе малітвы.
Рашэнне Сінода Беларускага Экзархата
На пасяджэнні Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы 3 лютага 1994 года гісторыя аб з’яўленні іконы Божай Маці ў Кульшычах была афіцыйна задакументавана. Іерархі Беларускага Экзархата заклікалі верных да цёплых і шчырых малітваў. Для вельмі складанай сярэдзіны 1990-х гадоў гэта было надзвычай важна.
Благаславенне мітрапаліта Філарэта
Уладыка мітрапаліт Філарэт з вялікай пашанай паставіўся да знойдзенай іконы. Святыня – беларускі народны спіс вядомай ва ўсім свеце Пачаеўскай іконы Божай Маці. Па сваіх іканаграфічных асаблівасцях яна сведчыць аб шчырай і простай веры нашага народа. У знешнім выглядзе іконы захоўваецца вернасць і прастата беларусаў, што сугучныя пропаведзі апосталаў.
У 1995 годзе, атрымоўваючы благаславенне мітрапаліта Філарэта на служэнне ў Лясной, я расказаў, што храм-помнік – бліжэйшае месца (праз лес) да былой вёскі Кульшычы. Мітрапаліт прамовіў, што праз пэўны час знойдзеную ў Кульшычах ікону перадасць у Лясную.
І вось надышоў час
Пасля сыходу на адпачынак мітрапаліта Філарэта (2013 год) ікона знікла з храма Мінскага епархіяльнага ўпраўлення. Маючы магчымасць сустракацца з мітрапалітам і ягонымі памочнікамі, я некалькі разоў пытаўся пра лёс святыні. Мітрапаліт Філарэт адказваў коратка: «Маліся і чакай». І вось надышоў гэты час. Ікона, адрэстаўраваная і змешчаная ў адмысловым ківоце, перададзена на радзіму, на мілую Слаўгарадчыну. Каб быць яскравым напамінкам аб тым, што ўсе мы – дзеці Божыя. І наша зямля, нашы людзі знаходзяцца пад асаблівым покрывам Прачыстай Дзевы Марыі.
ВЕСТКІ З ЛЯСНОЙ
У Лясной уладарыць восень,
Баль наладжвае лістапад.
Вецер весткі лісцём разносіць.
Як і тры стагоддзі назад.
Плача дожджык, спагады просіць,
Л’е слязінак дробных мільён,
І дрыжыць між алешын і сосен
Ля рачулкі Ляснянкі клён.
Непагодаю восеньскай мроім,
Быццам зноў сышліся палкі,
Ядры, кулі нясуцца роем,
Ашчаціньваюцца штыкі.
Так было: рэшткі шведскага войска,
Што хваліліся: «З намі Бог»,
Праз балота і лес да Прапойска
Уцякалі не чуючы ног.
Рускі цар, дасягнуўшы мэты,
Захапіўшы абоз шведскі ўвесь,
Аддаў Богу падзяку за гэта
І агледзеў Лясную весь.
Вёска спалена, храм разбураны –
Шведаў быў назіральны пункт.
Заклапочана Пётр прыжмурыўся
І прамовіў: «Адновім тут!»
І царкву аднавілі драўляную
Пераможцы ля вёскі Лясной.
Вецер вестку такую палянамі
Нёс лістотаю залатой:
– Будзе храм, не пакінуць людзі
Гэты край, паліты крывёй,
Адраджаць і залечваць будуць,
Упрыгожваць працай сваёй!
Праз стагоддзі два і каменны
У Лясной збудавалі храм.
Шмат стрывалі ягоныя сцены,
Калі стаў уладарыць хам.
Буры сціхлі! Сонейка свеціць.
Зноў адчынены Божы храм.
Уваходзяць дарослыя, дзеці,
Іх святар сустракае там.
Па шашы магілёўскай едуць,
Ад «Ракеты» ідуць пехатой,
Каб Лясную спакойна адведаць
Шчодрай восенню залатой.
І здалёк прыязджаюць, і зблізку
У аграрны наш гарадок
Паглядзець, як дзіця з калыскі
Хоча ўстаць, зрабіць першы крок.
– Час зрабіць крок насустрач, людзі,
Хай сябруюць народы ўсе,
Ураганаў ліхіх больш не будзе, –
Свежы ветрык вестку нясе. –
Хай квітнеюць сады і палеткі,
Хай звіняць галасы дзяцей,
А мужчыны духмяныя кветкі
Да любімых прыносяць часцей!
Над Лясной вее веснік крылаты.
Год дзве тысячы дваццаць пяты.
Алесь Сакалоў, Іван Верасень.