Вучоны і пісьменнік Міхайла Грамыка

Да 140-годдзя з дня нараджэння

Імя Міхайлы Аляксандравіча Грамыкі (1885-1969) уваходзіць у лік славутых ураджэнцаў Беларусі, знакамітых людзей Гомельшчыны і Магілёўшчыны. Шануюць вучонага ў Мінску, а памятны знак яму пастаўлены ў Рэчыцкім раёне. Надышоў час успомніць пра гэтага чалавека і жыхарам Слаўгарадскага раёна. Тым больш што пэўны адрэзак жыцця нашага героя звязаны з Прысожскім краем. І сёння сярод слаўгарадцаў ёсць людзі з гучным прозвішчам Грамыка.

Вытокі

Калыска роду Грамыкаў – у паселішчах Старыя і Новыя Грамыкі, Жалезнікі пад Гомелем (Веткаўскі раён). Але месцам нараджэння Міхайлы Аляксандравіча Грамыкі стаў хутарок каля сяла Чорнае сучаснага Рэчыцкага раёна. Акрамя запісу ў метрыцы, мясціна гэтая мала паўплывала на будучага вучонага і пісьменніка. Бацька, Аляксандр Гаўрылавіч Грамыка, хаця і паходзіў са шляхецкага саслоўя, па беднасці быў вымушаны прабіваць дарогу сабе і дзецям. Ён праявіў нястомную працу, стараннасць і сумленнасць, ашчаднасць і гаспадарлівасць, каб дасягнуць мэты. З дапамогай брата Аляксандр Грамыка апынуўся ў Магілёве і неўзабаве атрымаў магчымасць стаць упраўляючым у фальварку Іванішчавічы. У нашых Іванішчавічах некалькі гадоў жылі і працавалі Грамыкі. Малы Міхайла першыя ўражанні жыцця атрымаў у нашым краі. Народную мудрасць аб тым, што  «радзіма – не толькі месца, дзе маці нарадзіла», наш герой усвядоміў у Іванішчавічах.

Дарэчы, аб форме імя. Не Міхаіл, а Міхайла, так настойваў Грамыка. Тут бачым перайманне падыходу вялікага Ламаносава. Архангельскі мужык, які стаў расійскім акадэмікам і славутым паэтам, зваў сябе і падпісваўся па-народнаму – Міхайла. Гэтаксама і наш Грамыка.

Чаму ў Іванішчавічах?

Вёска Іванішчавічы вядома з глыбокай старажытнасці. Пісьмовыя помнікі фіксуюць яе ў XVI стагоддзі. Была ў Іванішчавічах і царква ў гонар архангела Міхаіла. Усё наваколле Іванішчавіч – лясныя абшары, балоты, лугі і палеткі – належылі панам. Але ў другой палове XIX стагоддзя маёнтак перайшоў дзяржаве. Затым па нейкіх прычынах (ёсць розныя звесткі, іх трэба даследаваць) іванішчаўскі фальварак атрымалі Трускоўскія. Гаспадар памёр, а жонка Трускоўскага з двума сынамі здалі маёнтак у арэнду. Так арандатарам Іванішчавіч сталі Грамыкі. Пазней Трускоўскія прадалі частку зямлі. На тым кавалку ўзнікла вёска Жалезінка. Відаць, не без удзелу Грамыкаў у наш край у пачатку ХХ стагоддзя прыехалі перасяленцы з Веткаўшчыны, сярод якіх былі Гатальскія, Язерскія, Вярбіцкія, Іваноўскія і іншыя.

Пад старасць Міхайла Грамыка напісаў частку аўтабіяграфічнага твора «Старонкі сямейнай хронікі». Цэлы раздзел у ёй называецца «Іванішчавічы».

Без перабольшання можна сцвярджаць, што дзяцінства ў Іванішчавічах зрабіла з будучага пісьменніка і навукоўца высокаталенавітую асобу. Здаецца, усё ў нас проста – прырода, людзі, праца, выхаванне. Але ж не зусім так. За знешняй формай хаваецца эмацыйная глыбіня. Сам Міхайла Грамыка напісаў: «Цікавы псіхалагічны факт: калі я трапіў упершыню ў Траццякоўку, праз сем гадоў пасля Іванішчавіч, і ўбачыў белага каня пад Дабрынем Мікітавічам на вядомай карціне Васняцова, то адразу ўспомніў свайго белага, бярозавага коніка, а з ім паўстала і пуня, і гумнішча, і ўся дзяціная вясковая розгуль! Мастацкі твор славутага майстра і дзіцячая творчая здольнасць злучыліся ў адно цэлае!».

Адукацыя – у Магілёве і Маскве

Заробленыя ў Іванішчавічах грошы дазволілі Грамыкам перабрацца ў Магілёў. Бацька купіў дом, дзяцей аддаў вучыцца ў гімназію. Міхайла аказаўся здольным не толькі да творчасці, але і да навук дакладных. Пасля гімназіі ён паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт. Спачатку вучыўся на медыцынскім факультэце, потым перайшоў на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта. Старанна вывучаў геалогію. У 1911 годзе атрымаў дыплом.

Гімназістам і студэнтам прымаў удзел у палітычных гуртках. Прафесійным рэвалюцыянерам не стаў, але трапіў у лік «падазроных». Па гэтай прычыне ўладкавацца на працу ў Беларусі не змог, паехаў у Адэсу, стаў выкладчыкам.

Вяртанне ў Беларусь

На радзіму прыехаў у 1921 годзе. У Савецкай Беларусі Грамыка праявіў сябе як настаўнік, вучоны і паэт. Пасяліўся ў Мінску, выкладаў у педагагічным тэхнікуме, потым з першага дня адкрыцця стаў супрацоўнікам Інстытута беларускай культуры (сучасная Нацыянальная акадэмія навук Беларусі). Даследаваў геаграфію і геалогію, удзельнічаў у навуковых экспедыцыях. Падчас вывучэння Рэчыцкага краю сцвярджаў, што там можа быць нафта. На жаль, экспедыцыя не была працягнута, нафту знайшлі нашмат пазней. Але паколькі працы і гіпотэзы Грамыкі былі першымі, у наш час у Рэчыцкім раёне ўшанавалі земляка як вучонага, які прадказаў здабычу нафты на Беларусі.

Шмат у чым Грамыка першы. У літаратурным жыцці Беларусі яго імя грымела ў ліку ўдзельнікаў аб’яднання «Маладняк». Вершы, паэмы, драматычныя творы. Многа чаго эксперыментальнага, як у Маякоўскага. Не ўсе разумелі гэткую навізну, напрыклад, Кандрат Крапіва з’едліва высмейваў «бурапенных маладнякоўцаў». Але без эксперыментаў творчасць пераходзіць у застой, у пераліванне з пустога ў парожняе.

Няпростае жыццё

У 1930 годзе была сфабрыкавана «справа» супраць многіх прадстаўнікоў беларускай навуковай і творчай інтэлігенцыі. Міхайла Грамыка таксама папаў пад рэпрэсіі. Прайшоў лагеры і высылкі, але не загінуў. Як геолаг і педагог быў патрэбны дзяржаве. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны працаваў за Уралам, потым у Паволжжы, пасля вайны пабываў яшчэ раз у Запаляр’і. У 1952 годзе выйшаў на пенсію. Пасля 1956 года поўнасцю рэабілітаваны. Літаратурныя творы Міхайлы Грамыкі былі апублікаваны ў 1964 годзе ў зборніку «Родная пушча».

Сям’я (жонка і дзеці) не адмаўлялася ад мужа і бацькі, яны не лічыліся сваякамі «ворага народа». Усе атрымалі адукацыю і знайшлі сваё месца ў грамадстве.

Апошнія гады жыцця Міхайла Аляксандравіч Грамыка правёў у сына Барыса ў падмаскоўным горадзе Хімкі. Там жа памёр і пахаваны.

Слова аб Прапойшчыне

Летам 1924 года ўжо сталы Грамыка, нібы юнак, са сваімі студэнтамі здзейсніў незвычайнае падарожжа. Ён прайшоў ад вытоку ракі Проня на Аршаншчыне да вусця ў Прапойску. Пры гэтым вывучаліся рака і берагі ў геалагічным плане, браліся пробы мінералаў, камянёў, пяскоў. У 1925 годзе матэрыял быў навукова апрацаваны, а ў пачатку 1926 года з’явілася яго літаратурна-краязнаўчая версія. Зазірнём у запісы Грамыкі, што пра нашу мясцовасць. Яшчэ ёсць цікавыя сведчанні аб Горках, Дрыбіне, Чавусах. Але пакінем іх мясцовым краязнаўцам.

«27 жніўня. Ляжым над Проняй. Хутары на правым карэнным беразе. Могільнік у хвойніку. З пронскіх лугавін дзьме вецярок. Па грудавіне выцягнуўся шлях на Прапойск.

28 жніўня. Вёска Красная Слабада. Сядзім пад плотам. Па той бок Проні – сцяна дубняку. Каля нас – гусі, свінні. Падмацоўваемся, ідзём далей.

Чым бліжэй да Прапойска, тым вышэй, цікавей бераг Проні. Вось зрыў метраў 25-30. Трымаючыся за бярозку, радасна і крыху жудасна глядзець у рэчку. Над ёй навіслі цэлыя камлі дрэў, з зямлёй, з дзёрнам: гэта апоўзак.

На шырыні в. Рабавічы на Проні ўжо выразна выступаюць бела-шэрыя моцныя выпукліны крэйдавых (мелавых) парод – маргелю, пескаватай крэйды і іншых.

29 жніўня. Учора ў 6 гадзін вечара прыйшлі ў Прапойск. Проня пройдзена ад пачатку да вусця. Гледзячы на сутоку яе з Сожам, хочацца думаць, што гэта Сож упадае ў Проню, а не наадварот. Мястэчка выглядае досыць добра. Захаваліся добра дамы, вуліцы, чыстыя, пескавыя. Ходзяць

параходы на Гомель.

Мы кіруемся па шляху на Магілёў. Праз Лясную, Доўгі Мох, міма розных гістарычных помнікаў (помнік бойкі Пятра са шведамі ў Лясной), на водападзельнай мясцовасці «накрываем» прастору».

Вось так, хоць коратка, але дакладна і з любоўю напісаў Міхайла Грамыка 100 гадоў таму. Відаць, пасля 1924 года яму ўжо не давялося пабываць на сутоку Проні і Сажа. Але памяць аб нашым краі, аб Прапойску і Іванішчавічах, жыла ў ягонай свядомасці. І мы з удзячнасцю будзем помніць пра таленавітага вучонага і пісьменніка – Міхайлу Аляксандравіча Грамыку.

Поделиться

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Вы не можете скопировать содержимое этой страницы