ВЕСТКІ НА ЎСЮ БЕЛАРУСЬ

ВЕСТКІ НА ЎСЮ БЕЛАРУСЬ

Рэспубліканскія газеты 1945 года аб Слаўгарадчыне

Працяг. Пачатак у №49

Так залечвалі раны вайны

У пераможным маі 1945 года паўсюль пышна расцвілі кусты чаромхі і бэзу, садовыя дрэвы. Бела-ружовыя кветкі яблынь сталі сімвалам Перамогі, мірнага жыцця, адраджэння пасля страшнай вайны. З такімі думкамі журналіст Янка Казлоў змясціў у «Звяздзе» нарыс «Сад». Указваецца месца дзеяння – вёска Ганчароўка Слаўгарадскага раёна. У нарысе няма прозвішчаў, бо мэта была прапагандысцкая: расказаць пра адраджэнне вёскі ў мірны час. Журналіст паведамляе, што да вайны Ганчароўка славілася садам і пасекай. Даглядалі іх двое дзядоў – Цімох і Нічыпар. Немцы ў сорак першым годзе разламалі пасеку, забралі мёд. Зіма сорак другога была лютая. Частка дрэў вымерзла. Потым бежанства ў сорак трэцім годзе. Сад застаўся без дагляду. І вось у сорак чацвёртым калгаснікі Ганчароўкі ўзяліся за сад: «Па-гаспадарску абрэзалі сухое галлё, абкапалі дрэвы, падкармілі гноем яблыні, ігрушы, і сад заквітнеў. Як тры гады таму, ружовыя кветкі глядзелі на Цімоха. А ён стаяў нерухома, нібы зачараваны, толькі пальцы кудлачылі невялікую бародку.

– Бачыш, дзеду, – звярнуўся да Цімоха старшыня калгаса, – нашы прыйшлі, і сад ажыў».

У гэтым нарысе  за літаратурнай формай бачна глыбінная праўда жыцця. Перажытыя ў часы вайны страты і ахвяры не зламалі беларусаў. Людзі выбіраліся з зямлянак, адбудоўвалі хаты, саджалі вакол іх пладовыя дрэвы, разводзілі пчол. І так па ўсёй Беларусі.

Тэма аднаўлення, будаўніцтва – абавязковая на старонках газет. Па стане на 4 жніўня 1945 года Слаўгарадскі раён названы адным з лепшых у плане адраджэння вёсак. Са справаздачы вынікала, што ўсяго па раёну адноўлена і пабудавана 2700 дамоў. Лепшымі названы калгасы Старынскага, Целяшоўскага і Ржаўскага сельсаветаў. Для тых, хто разумеў геаграфію раёна, было відавочна – населеныя пункты гэтых сельсаветаў у меншай ступені пацярпелі ад баявых дзеянняў 1943 года. Становішча ў Рабавіцкім, Лапаціцкім, Іванішчавіцкім, Кульшыцкім сельсаветах было больш складанае з-за знішчэння вёсак падчас баёў у прыфрантавой лініі 1943-44 гадоў.  Там аднаўляць паселішчы было значна цяжэй. Тым не менш, людзі стараліся, часта рабілі талакой, дапамагаючы аднавяскоўцам.

Таксама ў раёне папраўляліся дарогі і высаджваліся абапал іх дрэвы. Яны давалі цень у летнюю спёку і засцерагалі ад снежных заносаў зімой. Газеты адзначаюць, што ў 1945 годзе бярозкі высаджаны пры дарозе з Рабавіч на Чыкаўку. Думаю, што сёння мы бачым частку гэтых бярозавых прысад паміж Лапацічамі і Пацяраеўкай і далей да чыкаўскай павароткі. Якраз узрост дрэў там не больш за 80 гадоў.

Аб значэнні пасадак дрэў у рэспубліцы з заклікам напісала газета «Советская Белоруссия». Хочацца прывесці ўрывак з той публікацыі: «Фашистские негодяи не только истоптали наши земли, но и безжалостно вырубили наши леса, покалечили и уничтожили наши сады, а в ряде городов снесли с лица земли парки, аллеи, с корнем вырвали деревья, высаженные по обочинам широких улиц. Залечивая раны, нанесенные нашей Родине, мы не забудем и зеленое строительство». Праўда, сёння ў справу азелянення ўносяць карэктывы змены клімату. Нярэдкія ўраганы вымушаюць выразаць прысады, каб засцерагчыся ад аварый, няшчасных выпадкаў. Вельмі шкада бачыць лесапавалы і аголеныя ўчасткі дарог.

Працоўныя поспехі

Цэлы год у вёсцы напружаная праца: ворыва, сяўба, нарыхтоўка кармоў, жніво, малацьба, капанне бульбы, праца ў садах і агародах, на пчальніках і фермах. Таму сельскагаспадарчая тэма была адной з галоўных у газетах. Нямала звестках аб нашым краі ў публікацыях 1945 года.

«Советская Белоруссия»   і  «Звязда», БелТА адзначалі, што пры нарыхтоўцы сена ў прысожскіх лугах на Слаўгарадчыне вызначыліся калгаснікі Васькавіцкага і Ржаўскага сельсаветаў. Усяго па раёну было скошана больш за 2 тысячы гектараў. Па стане на 9 ліпеня перадавікамі названы касцы Ганчароў і Камкоў, якія штодня ў 2-3 разы перавышалі нормы. Перадавым калгасам па касавіцы ў раёне стаў «Ленінскі» Ржаўскага сельсавета. У «Звяздзе» падкрэслілі, што на касавіцу выходзіў старшыня гаспадаркі Лявончыкаў, які за дзень скошваў да 0,70 гектара.

Па стане на 17 жніўня калгасы раёна скончылі ўборку азімых і пачалі жніво яравых. Збожжа першых абмалотаў здавалася дзяржаве. На нарыхтоўчыя пункты паступіла звыш 4000 пудоў хлеба са Слаўгарадскага раёна.

Жніво 1945 года было няпростым з-за дажджоў. Адзначана, што ў Бялыніцкім, Дрыбінскім, Магілёўскім, Чэрыкаўскім раёнах справы ішлі зусім павольна. На гэтым фоне Слаўгарадчына выйшла ў лік перадавікоў. Пры тым, што дажджы перашкаджалі і слаўгарадцам. Але старыя вопытныя сяляне зрабілі для прасушкі спецыяльныя прыстасаванні – азяроды. На Слаўгарадчыне была выкарыстана любая магчымасць для прасушкі снапоў і добра арганізавана малацьба. Не толькі коннымі малатарнямі, а нярэдка ўручную.

Акрамя хлебапаставак, калгаснікі Слаўгарадчыны ў 1945 годзе вызначыліся пры нарыхтоўцы агародніны. Калгас «Кастрычнік» здаў дзяржаве 300 пудоў агуркоў. Па стане на 11 кастрычніка было сабрана яшчэ 100 пудоў агародніны.  Праз месяц, 11 лістапада, апублікавана пастанова ЦК КПБ і Саўнаркома БССР аб перадавых раёнах рэспублікі па выкананні планаў нарыхтовак. Сярод іх быў Слаўгарадскі раён (старшыня выканкома райсавета дэпутатаў працоўных І.А.Сцефаненка, сакратар райкома партыі А.А.Аршак’ян, раённы ўпаўнаважаны па нарыхтоўках М.П.Шаройкін).

Увосень 1945 года адначаны поспехі калгаса «Пуцілавец» Лапаціцкага сельсавета (вёска  Харанеў). Станоўчая інфармацыя некалькі разоў прыводзіцца ў газеце «Советская Белоруссия». 30 кастрычніка паведамлялася пра адбудову вадзянога млына на Расце. За тыдзень было перамелена 35 тон зерня.

Аб працы харанеўскіх калгаснікаў расказала старшыня праўлення М.Распраўлева (так у газеце аўт.) на раённай нарадзе пад канец года. Лепшымі калгаснікамі, перадавікамі названыя: Якаў Сажалаў (конюх), Іван Захарэнка, Наста Куракова, Наста Злепушэнка, Аляксандра Камісарава, Алена Малашанка. У калгасе былі адноўлены тры фермы – малочнатаварная, авечкагадоўчая і птушкаферма.

Стаханаўцам 1945 года стаў жывёлавод калгаса  «Сёмы з’езд Саветаў» Ржаўскага сельсавета Сямён Папкоў. Ён атрымаў ад 12 кароў 12 цялят і ад 10 авечак 18 ягнят.  

Былі і недахопы

Крытычны артыкул аб Прапойскім раёне з’явіўся вясной 1945 года ў «Звяздзе». Спецыяльны карэспандэнт газеты працаваў у раёне. Ён выявіў не толькі поспехі МТС, аб чым ужо гаварылася, але і недахоп  у  працы  раённага  зямельнага аддзела і неінфармаванасць сакратара райкома.   З мая 1944 года па красавік 1945 года ў раённым зямельным аддзеле змянілася шэсць загадчыкаў. Пры такой сітуацыі праца была ў заняпадзе. Нават хімікаты, якія так патрэбныя калгасам, ляжалі нерухома на складзе. Калі аб гэтым паведамілі сакратару райкома партыі Грашчанку, той заявіў: «Не можа быць!». Аказалася, што праўда. Прыйшлося наводзіць парадак. Відаць, высновы зрабілі правільныя, бо ў далейшым Слаўгарадскі раён лічыўся перадавым па многіх паказчыках сельскай гаспадаркі, найперш земляробства.

Ветэраны – да мірнай працы

Дэмабілізацыя 1945 года ваеннаслужачых Савецкай Арміі вярнула ў Слаўгарадскі раён больш за 300 чалавек. Многія з іх сталі працаваць у калгасах, сельсаветах раёна. На сходах калгаснікаў адбыліся выбары старшынь. Калгас «Большевистский сев» («Бальшавіцкая сяўба») Каменскага сельсавета ўзначаліў Новікаў. Ён арганізаваў будаўнічую брыгаду з 15 чалавек і пачаў рамонт скотных двароў і канюшань. Калгас імя Горкага ўзначаліў дэмабілізаваны вайсковец Салаўёў, які і да вайны кіраваў гэтай гаспадаркай. Калгас вызначыўся паспяховым выкананнем плана хлебаздачы.

Перадавым у раёне стаў Ржаўскі сельсавет. Па выніках 1945 года ён атрымаў пераходны Чырвоны сцяг райкома партыі і райвыканкома. У пастанове адзначалася заслуга інваліда Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Нікіфаравіча Крылова, які ўзначаліў сельсавет. Дарэчы, Крылоў і да вайны быў старшынёй Ржаўскага сельсавета.

Увосень 1945 года тэма выдзялення новых дамоў для сем’яў дэмабілізаваных воінаў Чырвонай Арміі і партызан набыла новае гучанне. Нягледзячы на спецыяльную пастанову ўрада, па розных прычынах справа не ўсюды ішла як належыць. Адразу пабудаваць дамы для ўсіх было нерэальна. Пагэтаму ў газетах з’яўляліся крытычныя заметкі, скаргі і адказы на іх. У процівагу такім матэрыялам прыводзіліся станоўчыя факты. Яны адзначаны ў Слаўгарадскім раёне. У лістападзе 1945 года «Звязда» паведаміла аб перасяленні з зямлянкі ў новы дом сям’і Аляксандра Георгіевіча Маргунова з вёскі Прудок. У дадатак Маргуновым бясплатна выдзелілі карову. У новы дом перабраўся і дэмабілізаваны ардэнаносец Антон Сцяпанавіч Пастэрнак – старшыня калгаса «Пралетарый».

Малюнкі і фотаздымкі маюць ілюстрацыйны характар.

Заканчэнне будзе.

Последние новости

Новости Республики

Порядок ввоза в Республику Беларусь юридическими лицами гражданских БЛА и авиамоделей на пульте управления

27 мая 2026
Читать новость
Новости района

Вектор молодости: председатель райисполкома Максим Потапенко встретился с молодыми специалистами Славгородчины

27 мая 2026
Читать новость
Новости района

Территория безопасности: как уберечь детей от угроз в период летних каникул

27 мая 2026
Читать новость
Новости Республики

Республиканский центр гигиены, эпидемиологии и общественного здоровья запускает акцию против курения

27 мая 2026
Читать новость
Новости Республики

Как в Беларуси выстроена экосистема финансовой поддержки малого и среднего бизнеса, рассказали в Минэкономики

27 мая 2026
Читать новость
Новости Республики

В Беларуси стартовала инициатива «Учись и работай»: студенты смогут трудоустроиться до получения диплома

27 мая 2026
Читать новость