Кандрат Крапіва — чалавек эпохі і вернасці

5 сакавіка спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі — Кандрата Крапівы. Сапраўднае яго імя — Кандрат Атраховіч. Сёння прапануем вам, паважаныя чытачы, разам узгадаць не толькі яго творчасць, але і сямейны шлях — ціхі, сціплы, поўны любові і выпрабаванняў.
Ад вясковай школы — да вялікай літаратуры
Нарадзіўся будучы пісьменнік 22 лютага (5 сакавіка) 1896 года ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна ў сялянскай сям’і. Бацькі — Кандрат Міхайлавіч і Пелагея Данілаўна — мелі гаспадарку і шэсць дзесяцін зямлі. Адзінаму сыну далі добрую адукацыю. З маленства ён любіў кнігі, шмат чытаў, а ў вучылішчы ўжо спрабаваў пісаць.
У 1913 годзе экстэрнам здаў экзамены на званне народнага настаўніка і ў 18 гадоў пачаў працаваць у школе. Першая сусветная вайна перапыніла мірнае жыццё: служба, фронт, выпрабаванні. Але і ў гэтыя гады ў ім мацнела імкненне да літаратуры.

Каханне на ўсё жыццё
Пасля дэмабілізацыі ў 1918 годзе на адной з вуліц роднай вёскі ён сустрэўся з маладой дзяўчынай — Аленай Канстанцінаўнай Махнач. Гэта сустрэча стала лёсавызначальнай. Яна стала яго спадарожніцай на 45 гадоў.
Сямейнае жыццё Крапівы не было лёгкім. У маладых нарадзіўся сын, які неўзабаве памёр. Пазней у сям’і з’явіліся дзеці — Барыс, Ігар, Людміла. Дачка Наталля таксама памерла ў маленстве. Найбольшы боль — гібель старэйшага сына Барыса ў гады Вялікай Айчыннай вайны падчас аперацыі «Малы Сатурн». Бацька беражліва захоўваў яго лісты, як святыню.

Алена Канстанцінаўна была для пісьменніка не толькі жонкай, але і верным памочнікам. Яна друкавала рукапісы на машынцы, вяла перапіску з чытачамі, падтрымлівала мужа ў цяжкія хвіліны. У доме панавалі парадак, павага і ўзаемная падтрымка.
Калі ў 1964 годзе пасля цяжкай хваробы жонка пайшла з жыцця, Кандрат Кандратавіч цяжка перажываў страту. Доўгі час ён амаль штодзень наведваў яе магілу на Маскоўскіх могілках у Мінску. Перажыў каханую на 27 гадоў. Унучку назваў у яе гонар — Аленай.

Сатырык з вострым словам
У літаратуру Крапіва ўвайшоў як майстар сатыры і байкі. Яго творчы псеўданім — “Крапіва” — цалкам адпавядаў характару пяра: востра, трапна, але справядліва.
Асабліва вядомыя яго п’есы:
«Хто смяецца апошнім»
«Брама неўміручасці»
«Зацікаўленая асоба»
Гэтыя творы не страцілі актуальнасці і сёння. Праз гумар і іронію аўтар закранаў сур’ёзныя праблемы грамадства.
Аднак за сатырычнай усмешкай стаяў чалавек глыбокага болю і вялікай адказнасці. Падчас вайны ён працаваў у франтавых выданнях, падтрымліваў байцоў словам. Вершы тых гадоў прасякнуты шчырасцю і верай у Перамогу.
Навуковец і абаронца мовы
Кандрат Крапіва быў не толькі пісьменнікам, але і выдатным мовазнаўцам. Доўгія гады працаваў у Акадэміі навук, быў віцэ-прэзідэнтам АН БССР. Удзельнічаў у падрыхтоўцы і рэдагаванні фундаментальных слоўнікаў беларускай мовы, адстойваў яе чысціню і самабытнасць.
Ён меў фенаменальную памяць — мог па памяці ўзгадаць значэнні слоў, дыялектныя варыянты, нават тэлефоны знаёмых. Працаваў да глыбокай ночы, амаль да апошніх гадоў жыцця.

Памяць, якая жыве
Кандрат Крапіва пайшоў з жыцця 7 студзеня 1991 года. На яго магіле выбіты словы:
«Мною валодала… жаданне ўмяшацца ў жыццё і сёе-тое ў ім паправіць».
Яго імя носіць шэраг устаноў культуры і навукі. На кінастудыі Беларусьфільм быў зняты фільм, прысвечаны пісьменніку.
Дарагія чытачы! Калі вы даўно не перачытвалі Кандрата Крапіву — вазьміце ў рукі яго байкі або п’есы. Вы абавязкова ўсміхнецеся, пазнаеце ў героях кагосьці знаёмага, а, магчыма, і саміх сябе. І тады зразумееце: сапраўдная літаратура не старэе. Яна, як крапіва, можа крыху абпаліць — але абавязкова лечыць.