НІТКІ ПАМЯЦІ: Таямніцы слаўгарадскіх ручнікоў

Прысажанка: Прывітанне, даражэнькі! Праходзь, сядай. Сёння я хачу расказаць табе пра сапраўдны цуд — нашы слаўгарадскія ручнікі. Ты калі-небудзь задумваўся, колькі казак і малітваў нашы бабулі ўплялі ў гэтыя ўзоры?
Чытач: Прывітанне! Ведаеш, заўсёды любаваўся імі ў музеях, але вось каб па-сапраўднаму зразумець — рукі не даходзілі. Няўжо там кожная рысачка нешта значыць?
Прысажанка: Яшчэ як! Гэта цяпер мы ўсё купляем гатовае, а раней кожная рэч мела сваю душу. І наш беларускі арнамент — гэта не толькі «прыгажосць», гэта матэматыка і музыка разам. Усё дакладна, гарманічна, ніводнай лішняй ніткі!
Чытач: А што малявалі на тканіне? Кветкі ці лініі?
Прысажанка: Усё разам! Ёсць тры галоўныя «мовы» ўзораў:
Геаметрычны: ромбы, крыжыкі, трохкутнікі (самы старажытны).
Раслінны: кветкі, лісцікі, галінкі.
Жывёльны: птушкі ды зверы.
Самае цікавае, што ўзор заўсёды «сябраваў» з рэччу. Для кашулі — адно, для ручніка — другое. Гэта як пашпарт элементу адзення, які распавядае, адкуль ён і для чаго.
Чытач: А чым нашы, слаўгарадскія арнаменты, адрозніваюцца ад іншых?
Прысажанка: О, у нас майстрыхі былі яшчэ тыя чараўніцы! Яны не выбіралі паміж ткацтвам і вышыўкай, а спалучалі іх так адмыслова, што вока не адарваць. На нашых ручніках — пераважна ромбы. І яны не проста раскіданыя, а сабраныя ў ланцужкі, быццам пацеркі.
А яшчэ ў нас ёсць свая «фішка» — паласатыя ручнікі. Уяўляеш, чырвоныя палосы чаргуюцца з белымі ўзорамі, а паміж імі — тоненькая чорная нітка. Гэты чорны колер дадае такой строгасці і стылю, што нават сучасныя дызайнеры пазайздросцілі б!
Чытач: Чорны колер на ручніку? Гэта ж неяк незвычайна…
Прысажанка: Так, але ён робіць малюнак выразным, графічным. І звярні ўвагу на канцы: яны заўсёды шчыльна затканыя ўзорам, а па краі — карункі (кружево) і чырвоныя «махрочкі». Нашы жанчыны плялі іх нават на спецыяльных дошчачках.
Чытач: Слухаю цябе і разумею: ручнік — гэта цэлая энцыклапедыя, якую трэба ўмець чытаць.
Прысажанка: Менавіта! Гэта голас нашых продкаў, які гучыць праз стагоддзі. Калі будзеш у Магілёўскім краязнаўчым музеі, абавязкова прыглядзіся да слаўгарадскіх экспанатаў. Там кожны ласкуток — гэта школа майстэрства.
Чытач: Дзякуй, Прысажанка! Цяпер я буду глядзець на гэтыя ўзоры зусім іншымі вачыма.
Прысажанка: Вось і добра! Да наступнай сустрэчы!