Жалезнае сэрца Старынкі

Добры дзень, паважаны чытач! Зноў з табою твая Прысажанка. Сёння я хачу запрасіць цябе ў падарожжа ў мінулае нашага краю, у тыя часы, калі на славутае Прысожжа яшчэ не прыйшлі чыгункі, аўтамабілі і электрычнасць, але ўжо гучаў стук молатаў, шумелі мехі домнаў і гарэлі печы сапраўднага металургічнага гіганта.
Цяжка паверыць, але там, дзе сёння засталіся толькі ўспаміны пра выселеную пасля чарнобыльскай трагедыі вёску Старынка, калісьці знаходзілася самае буйное прамысловае прадпрыемства Беларусі сярэдзіны XIX стагоддзя.
Гісторыя завода пачалася яшчэ ў 1813 годзе. Тады гэта было невялікае прадпрыемства, якое займалася пераплаўкай старой медзі, што пастаўлялася мясцовымі памешчыкамі. За год тут перапрацоўвалі да пяцісот пудоў медзі. З яе выраблялі чаны для вінакурняў, самавары, рондаль і іншыя патрэбныя ў гаспадарцы рэчы

Сапраўдныя перамены прыйшлі ў 1830-я гады, калі ўладальнік маёнтка Аляксандр Іванавіч Бенкендорф вырашыў ператварыць невялікую майстэрню ў сучаснае для таго часу прамысловае прадпрыемства. На беразе ракі Ельні, якая працякае праз Старынку, былі пабудаваны вагранка, доменная печ і слясарная майстэрня.
Бенкендорф быў чалавекам прадпрымальным і дальнабачным. Ён заўважыў сапраўднае багацце, якое хавалі мясцовыя балоты, — балотную жалезную руду. Для развіцця вытворчасці запрашаў вопытных майстроў-металургаў з Расіі. Жалезную руду здабывалі ў ваколіцах Старынкі, а медзь і сталь дастаўлялі ажно з Урала.


Неўзабаве завод атрымаў важны дзяржаўны заказ для Чарнаморскага флоту. Тут пачалі вырабляць медныя абшывачныя лісты для караблёў, балты і медныя порахавыя скрыні. Менавіта з гэтага часу пачаўся імклівы рост прадпрыемства.
У 1847 годзе завод атрымаў назву Старынскі Уладзімірскі чыгуналіцейны завод у гонар брата заснавальніка — Уладзіміра Бенкендорфа, які кіраваў вытворчасцю.
З балотнай руды тут нараджалася сапраўднае жалеза. Завод выпускаў калёсы, жалезныя восі, павозкі, лафеты для гармат, гаспадарчыя прылады, платформы, карабельныя ланцугі, дротавыя канаты, абсталяванне для нарэзкі ствалоў гармат, снарады, паравыя машыны высокага ціску і лакамабілі — рухомыя паравыя рухавікі, якія былі тэхнічным цудам свайго часу.
Асобным гонарам завода стала вытворчасць поўнага механічнага абсталявання для порахавага завода ў Шостцы. Гэта сведчыла пра высокі ўзровень мясцовых майстроў і інжынераў.
Найвышэйшага росквіту прадпрыемства дасягнула ў 1858–1862 гадах. Толькі па дзяржаўных заказах за гэты перыяд было выраблена 14 548 пудоў розных металічных вырабаў. Акрамя таго, штогод завод выпускаў яшчэ ад 10 да 15 тысяч пудоў прадукцыі па прыватных заказах.

Пра маштабы прадпрыемства красамоўна сведчаць факты. У 1859 годзе на заводзе дзейнічалі доменная і медзеплавільная печы, жоры для расплаўкі чыгуну, каля двухсот кавальскіх горнаў і дваццаць два такарныя станкі. Кожны дзень тут выплаўлялі да 140 пудоў жалеза.
Усе галоўныя вытворчыя магутнасці размяшчаліся ў каменных карпусах, а слясарныя майстэрні знаходзіліся ў дзесяці асобных драўляных пабудовах. Побач працавалі склады, сушыльні, дапаможныя цэхі.
Не менш уражвае і колькасць працоўных. У лепшыя гады завод даваў працу амаль дзевяцістам чалавек. Тут працавалі механікі, кавалі, ліцейшчыкі, токары, майстры і рабочыя, якія здабывалі руду.
Каб рыхтаваць будучыя кадры, у 1866 годзе Бенкендорф адкрыў у Старынцы школу. У ёй вучыліся 48 дзяцей — 40 хлопчыкаў і 8 дзяўчынак. Гэта была першая вядомая навучальная ўстанова прафесійнага кірунку на тэрыторыі сучаснага Слаўгарадскага раёна.
Яшчэ адна цікавая старонка гісторыі звязана з чыгункай. У 1859 годзе для падвозу сыравіны і транспарціроўкі гатовай прадукцыі была пракладзена вузкакалейная чыгунка да прыстаняў на Сажы. Гісторыкі лічаць яе адной з першых чыгунак на тэрыторыі Беларусі. Кажуць, што рэшткі чыгуначнага насыпу можна было бачыць яшчэ доўгія гады пасля закрыцця прадпрыемства.

Дарэчы, калі ў Магілёве будавалі мост праз Дняпро, металічныя канструкцыі для яго таксама вырабляліся ў Старынцы. Гэта яшчэ раз пацвярджае высокую якасць мясцовай прадукцыі.
Аднак тэхнічны прагрэс не стаяў на месцы. Пасля адмены прыгоннага права на поўдні Расійскай імперыі пачалі хутка развівацца новыя металургічныя заводы, якія працавалі на каменным вугалі і выраблялі больш таннае жалеза. Балотная руда паступова губляла сваю канкурэнтаздольнасць.
Старынскі завод усё цяжэй вытрымліваў канкурэнцыю. Вытворчасць пачала скарачацца, і ў 1867 годзе прадпрыемства было закрыта.
Пазней на яго месцы памешчыца Карапоткіна адкрыла кардонную фабрыку. Але і яе лёс аказаўся нядоўгім — прадпрыемства было разбурана падчас Першай сусветнай вайны.
Сёння ад былой прамысловай славы Старынкі амаль нічога не засталося. Няма ўжо і самой вёскі. Але памяць пра людзей, якія плавілі метал з балотнай руды, кавалі якары для караблёў, будавалі паравыя машыны і стваралі прадукцыю для ўсёй імперыі, жыве ў архіўных дакументах і гісторыі нашага краю.
І калі раптам хто-небудзь скажа, што беларускія вёскі былі толькі земляробчымі паселішчамі, успомніце Старынку. Бо менавіта тут, на берагах Сажа і Ельні, калісьці білася магутнае жалезнае сэрца беларускай прамысловасці.