«Увесь свет змяшчаецца ў кнізе!»

«Увесь свет змяшчаецца ў кнізе!»

Такі жыццёвы дэвіз Надзеі Васільеўны Міхайлавай — чалавека, які больш за тры дзесяцігоддзі прысвяціў дзіцячай бібліятэцы, кнізе і маленькім чытачам.

Ці памятаеце вы сваю першую кнігу? Тую, якую хацелася перачытваць зноў і зноў, якую беражліва клалі пад падушку, бралі з сабой у дарогу і пра якую на наступны дзень абавязкова хацелася расказаць сябрам?

Для кагосьці кніга становіцца проста часткай дзяцінства. А для кагосьці — цэлым светам. Менавіта так яна ўвайшла ў жыццё Надзеі Васільеўны і стала яе прафесіяй, яе штодзённай справай і, без перабольшання, часткай душы.

«Увесь свет змяшчаецца ў кнізе!» — гэты дэвіз мог бы стаць эпіграфам да ўсяго яе жыцця.

АД МУЗЫКІ — ДА КНІГІ

Надзея Васільеўна нарадзілася 6 ліпеня 1957 года ў Слаўгарадзе Магілёўскай вобласці ў сям’і ваеннаслужачага. Тут жа ў 1974 годзе скончыла другую сярэднюю школу і музычную школу.

Некаторы час вучылася музыцы, але зразумела: гэта не зусім тое, чым яна хоча займацца ў далейшым. Вярнулася ў Слаўгарад і ў 1975 годзе пачала працоўную дзейнасць. Так атрымалася, што першая яе прафесія – акампаніятар у Слаўгарадскім Доме піянераў.

Аднак асноўная частка яе свядомага працоўнага жыцця аказалася непарыўна звязана з іншай справай — бібліятэчнай.

У 1977 годзе Надзея Васільеўна прыйшла працаваць у раённую бібліятэку і адначасова завочна паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А. С. Пушкіна. Пасля яго заканчэння яе перавялі ў дзіцячую бібліятэку. Спачатку яна працавала бібліятэкарам чытальнай залы, затым — старшым бібліятэкарам абанемента.

А ў 1988 годзе Надзея Васільеўна ўзначаліла дзіцячую бібліятэку.
Побач з Надзеяй Васільеўнай на працягу многіх гадоў працавалі Марына Гаўрыленка, Вікторыя Цвярдова і Люба Ліхачова (на здымку). Разам яны складалі той калектыў дзіцячай бібліятэкі, куды дзеці прыходзілі не толькі па кнігі, але і проста таму, што тут іх ведалі, чакалі і заўсёды маглі параіць нешта цікавае.

У кожнай з супрацоўніц былі свае абавязкі, свой характар і сваё бачанне работы, але ўсіх аб’ядноўвала галоўнае — любоў да кнігі і шчырае стаўленне да дзяцей.

На гэтай пасадзе яна працавала 25 гадоў — да 2013 года, калі выйшла на пенсію.

Але за сухімі радкамі працоўнай біяграфіі — больш за 30 гадоў, аддадзеных дзецям, кнігам і бібліятэцы.

ТАМ, ДЗЕ ЖЫВЕ ДЗІЦЯЧАЯ КНІГА

Быць бібліятэкарам Надзея Васільеўна вырашыла свядома. Любоў да кнігі жыла ў ёй з дзяцінства.

Яна расла ў шматдзетнай сям’і, дзе кнігі былі заўсёды. Жылі ў шматкватэрным доме, дзе амаль у кожнай сям’і было па трое-чацвёра дзяцей. А ў двары нярэдка абмяркоўвалі самае важнае для маленькіх чытачоў: хто што сёння чытае, якую кнігу купілі дома, што новага з’явілася ў бібліятэцы і з кім можна абмяняцца ўжо прачытаным.

Чыталі ўсе — і дзеці, і дарослыя.

Напэўна, менавіта таму Надзея Васільеўна так добра разумела: дзіцячая бібліятэка — гэта значна больш, чым месца, дзе можна ўзяць кнігу.

Гэта дадатковая крыніца ведаў, дапамога школе ў адукацыйным працэсе і, што асабліва важна, месца, дзе фарміруецца светапогляд дзіцяці.

На працягу многіх гадоў калектыў дзіцячай бібліятэкі пад кіраўніцтвам Надзеі Васільеўны рабіў усё, каб кніга дапамагала юным чытачам знаходзіць адказы на іх незлічоныя пытанні.

Тут дапамагалі выбраць кнігу для пазакласнага чытання, падрыхтаваць сачыненне ці навуковае паведамленне, пазнаёміцца з новым аўтарам і адкрыць для сябе чарговую літаратурную гісторыю.

КАБ БІБЛІЯТЭКА СТАНАВІЛАСЯ СВЯТАМ

Пад кіраўніцтвам Надзеі Васільеўны дзіцячая бібліятэка актыўна ўдзельнічала ў раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах, працавала па розных праграмах, неаднаразова займала ганаровыя месцы і атрымлівала падзячныя граматы.

Тэматыка бібліятэчных мерапрыемстваў была самай разнастайнай: краязнаўства, экалогія, ваенна-патрыятычнае выхаванне, папулярызацыя навукова-пазнавальнай літаратуры, этычнае і эстэтычнае выхаванне.

Але для Надзеі Васільеўны было важна не толькі што праводзіць, але і як.

Яна хацела, каб звычайнае бібліятэчнае мерапрыемства ператваралася для дзяцей у яркую падзею, якую захочацца ўспомніць і праз гады. Каб хлопчыкі і дзяўчынкі не былі проста гледачамі, а станавіліся непасрэднымі ўдзельнікамі.

Пры яе кіраўніцтве ў бібліятэцы працаваў дзіцячы клуб выхаднога дня «Калейдаскоп», дзе кожнае дзіцяці магло знайсці занятак на свой густ.

Надзея Васільеўна была адной з першых бібліятэкараў раёна, хто пачаў займацца праектнай дзейнасцю.

У 2004 годзе дзіцячая бібліятэка пад яе кіраўніцтвам працавала па праграме CORE «Экалогія. Здароўе. Чалавек» сумесна з Гомельскім абласным грамадскім аб’яднаннем «Сацыяльныя праекты» пры фінансавай падтрымцы Сусветнага банка.

Рэалізацыя праекта дазволіла значна палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу бібліятэкі: з’явілася камп’ютарная тэхніка, новая мэбля, папоўніўся фонд кніг экалагічнай тэматыкі.

ПРАФЕСІЯ, У ЯКОЙ ГАЛОЎНАЕ — ЧАЛАВЕК

За шматгадовую добрасумленную працу, высокія вынікі, развіццё бібліятэчнай справы, асабісты ўклад у развіццё і захаванне нацыянальнай культуры Надзея Васільеўна неаднаразова ўзнагароджвалася Граматамі і Падзякамі Магілёўскага аблвыканкама, Слаўгарадскага раённага выканаўчага камітэта, аддзела культуры Слаўгарадскага райвыканкама.

У 1991 годзе па выніках работы за папярэдні год ёй было прысвоена званне «Лепшая па прафесіі». Да яго дадаваліся грамата, каштоўны падарунак і ганаровае месца партрэта на раённай Дошцы гонару.

Але, напэўна, самым галоўным прызнаннем для бібліятэкара былі не ўзнагароды.

Галоўнай узнагародай станавіліся дзеці, якія вярталіся ў бібліятэку.

«РАНЕЙ НАВАТ КНІГІ ПАХЛІ ПА-ІНШАМУ…»

Успамінаючы гады працы ў дзіцячай бібліятэцы, Надзея Васільеўна асабліва часта вяртаецца ў думках да тых момантаў, якія сёння здаюцца простымі, але менавіта з іх і складалася яе любімая справа.

— Раней у бібліятэцы быў свой асаблівы пах — пах кніг, новых выданняў. Цяпер кнігі ўжо не пахнуць так, як раней. А тады прыходзіла новая партыя — і ты сам яе апрацоўваў, кваліфікаваў, размяркоўваў. Кожную кнігу ведаў, дзе яна стаіць. І ўсё гэта было рабіць у задавальненне. Мне вельмі падабалася, — успамінае Надзея Васільеўна.

Для яе бібліятэчная работа ніколі не абмяжоўвалася толькі выдачай кніг. Асобнае месца ў душы заставалася за краязнаўствам.

—  Вельмі любіла збіраць краязнаўчыя матэрыялы. Шмат розных папак рабілі, збіралі фатаграфіі, выразалі з газет і часопісаў тэксты, захоўвалі ўсё, што магло спатрэбіцца. Хацелася, каб гісторыя нашага краю не знікала, каб яе можна было знайсці, перачытаць, паказаць іншым.

Для Надзеі  Васільеўны галоўным сэнсам бібліятэкі заўсёды былі  інфармацыя і магчымасць чалавека дайсці да сутнасці пытання.

— Сутнасць бібліятэкі якраз і заключаецца ў тым, каб даць чалавеку інфармацыю, дапамагчы яму як мага больш і глыбей разабрацца ў пытанні, якое яго цікавіць. Вось гэта і ёсць аснова бібліятэкі.

КНІГА ДОРЫЦЬ КРЫЛЫ

«Кніга — гэта цэлы свет! А дзіцячая кніга — гэта ўнікальны свет!» — у гэтых словах Надзеі Васільеўны адчуваецца ўся яе вера ў сілу літаратуры.

Даючы дзіцяці ў рукі кнігу, мы нібыта даём яму крылы.

Менавіта ў дашкольным і малодшым школьным узросце пачынае фарміравацца асоба чалавека, закладваюцца маральныя якасці, характар, эстэтычнае ўспрыманне, інтарэсы, уменне размаўляць і жыць у грамадстве.

Праз дзіцячую літаратуру хлопчык ці дзяўчынка вучацца адрозніваць дабро ад зла, прыгожае ад непрыгожага, добрае ад дрэннага, сапраўднае ад выдуманага. Вучацца суперажываць, спачуваць, разумець іншых і пазнаваць навакольны свет.

Менавіта таму Надзея Васільеўна звярталася да бацькоў з простым, але вельмі важным заклікам: «Чытайце дзецям кнігі!».

Няхай кніга як мага раней увойдзе ў жыццё вашага дзіцяці. Добрых кніг не бывае шмат. Вучыце дзяцей беражліва ставіцца да кнігі, бо яна была і застаецца адным з найвялікшых стварэнняў чалавечага розуму.

Сёння, калі вакол дзіцяці так шмат розных крыніц інфармацыі, гэтыя словы гучаць асабліва актуальна.

А гісторыя Надзеі Васільеўны Міхайлавай нагадвае нам яшчэ пра адно. Часам адзін чалавек можа зрабіць вельмі шмат, калі шчыра любіць сваю справу.

Больш за трыццаць гадоў яна аддавала сябе дзіцячай бібліятэцы. Але, па сутнасці, яна аддавала сябе дзецям — тым, хто любіў чытаць, тым, хто толькі вучыўся сябраваць з кнігай, і тым, для каго бібліятэка станавілася месцам першых адкрыццяў.

А  для таго, каб гэты свет адкрыўся дзіцяці, побач павінен быць чалавек, які верыць у сілу кнігі. Такім чалавекам для многіх маленькіх слаўгарадскіх чытачоў была Надзея Васільеўна.

— Хочацца пажадаць усім маім калегам перш за ўсё радасці, сямейнага дабрабыту, моцнага здароўя і мірнага неба над галавой. Няхай у кожнай сям’і будуць спакой, цеплыня і ўзаемаразуменне. Няхай заўсёды будзе нагода сустракацца, успамінаць добрыя гады і радавацца таму, што наша праца была патрэбная людзям.

У гэтых простых пажаданнях — уся Надзея Васільеўна: чалавек, які заўсёды ставіў на першае месца чытачоў.

І, напэўна, таму праз гады ў яе памяці засталіся не толькі назвы кніг, паліцы і бібліятэчныя фармуляры, але і сапраўдная сутнасць бібліятэкі, якая застаецца нязменнай — дапамагаць чалавеку шукаць веды, знаходзіць адказы і адкрываць для сябе свет.

І ў гэтым свеце Надзея Васільеўна Міхайлава на працягу многіх гадоў была сваім, асаблівым чалавекам.

Последние новости

Новости района

«Увесь свет змяшчаецца ў кнізе!»

15 сентября 2026
Читать новость
Актуально

Подробности нового раунда переговоров Александра Лукашенко со спецпосланником США Коулом

15 сентября 2026
Читать новость
Новости района

У цэнтры ўвагі — кніга і бібліятэка

15 сентября 2026
Читать новость
Новости района

Честь, верность долгу и признание: в Славгородском РОВД провели на заслуженный отдых майора милиции Маргариту Кравцову

15 сентября 2026
Читать новость
Актуально

Александр Лукашенко проведет переговоры с американской делегацией

15 сентября 2026
Читать новость
Новости района

Там, дзе жыве ціхае натхненне

15 сентября 2026
Читать новость