Больш за тры дзесяцігоддзі мінула з той пары, калі мы даведаліся, што такое радыяцыя. І зусім не з вучэбнікаў ці з навукова-папулярных фільмаў. Трагедыя на Чарнобыльскай АЭС прымусіла нас пераглядзець сваё стаўленне да жыцця, здароўя. Геаграфія нашай краіны таксама змянілася: толькі на Слаўгарадчыне зніклі больш за 20 населеных пунктаў. Людзі былі вымушаны шукаць долі ў іншых кутках краіны, пакінуць свае родныя мясціны. Таму 26 красавіка для беларусаў – дата, да якой ставяцца па-асобаму. У гэты дзень мы ўспамінаем, што можа зрабіць з цэлымі народамі тэхнагенная катастрофа.

Традыцыйна наш раён у гэты дзень наведваюць паважаныя госці і прымаюць удзел у мітынгу, прысвечаным гэтай журботай даце.

Алея памяці пахаваных вёсак у гэтым годзе атрымала нібыта новае жыццё і добраўпарадкаванне, якое праводзілася тут падчас рэспубліканскага суботніка, што дазволілі ёй прымаць удзельнікаў мітынгу ў адноўленым выглядзе.

Намеснік губернатара Валерый Малашка падчас свайго выступлення высока ацаніў тую жыццесцвярджальную сілу слаўгарадчан, якая дазволіла рэгіёну не проста застацца на карце вобласці, але і развівацца.

– Сёння Слаўгарад – гэта не проста маленькі куток Беларусі. Гэта рэгіён, які мае канкрэтныя планы па развіццю, перспектывы. Шмат чаго ўжо зроблена ў накірунку аднаўлення эканомікі, сацыяльнай сферы, вытворчасці. Трагедыя на Чарнобылі падзяліла жыццё, у тым ліку і вашага раёна, на “да” і “пасля”. І мы сёння назіраем, як раён, пацярпелы ад той катастрофы, будуе жыллё, дзіцячы садок, адкрывае новыя працоўныя месцы. Да таго ж, і гэта не можа не радаваць, Слаўгарадчына займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці па нараджальнасці. З боку краіны робіцца ўсё, каб падтрымаць такія раёны. І мне прыемна бачыць, што гэтая дапамога мае рэальнае ўвасабленне,” – адзначыў Валерый Анатольевіч.

Да помніка ад раённай улады, грамадскасці, сілавых структур, моладзі і працоўных калектываў былі ўскладзены кветкі.

Кіраўнік раёна Сяргей Міхалюта таксама выступіў перад аўдыторыяй. Ён агучыў захады, якія робяцца ў раёне з тым, каб жыццё слаўгарадчан было камфортным, утульным, адпавядала сучасным нормам.

Кацярына Мельнікава таксама звярнулася ад жыхароў раёна з удзячнасцю кіраўніцтву вобласці за ўвагу да Слаўгарадчыны, яе жыхароў, іхніх праблем.

Хвілінай маўчання ўдзельнікі мітынгу аддалі даніну памяці ахвярам той катастрофы.

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.

Поделиться

Вы не можете скопировать содержимое этой страницы