З даўніх часоў нашы продкі звязвалі абрадавы масленічны тыдзень з адраджэннем сіл зямлі, праводзінамі зімы, чаканнем хуткага надыходу вясны. Таму ў народзе існуюць разнастайныя абрады, звязаныя з адзначэннем гэтага першага вясновага свята. Адным з галоўных атрыбутаў Масленіцы з’яўляюцца сімвалы сонца – бліны. Як раз яны і былі прадстаўлены ў асартыменце разам з іншымі прысмакамі ў  апошні зімовы дзень падчас тэатралізаванага абрадавага свята “Масленіца”, якое ладзілася на адкрытай пляцоўцы каля РЦК і НТ.

Да ўвагі слаўгарадчан і гасцей раёна былі эксклюзіўныя вырабы мясцовых майстрых, устаноў культуры і адукацыі. Не прамінулі прадставіць сваю прадукцыю і слаўгарадскія рамеснікі, і іх гандлёвыя аб’екты таксама наведвалі пакупнікі.

Традыцыйна праводзіны зімы не абыходзяцца без іспытаў, дзе ўсе жадаючыя маюць магчымасць прадэманстраваць сваю маладзецкую моц. Спартыўныя ўстановы раёна арганізавалі перацягванне каната, дартс, стральбу з пнеўматычнай вінтоўкі, іншыя забавы. А для самых маленькіх удзельнікаў свята працавала дзіцячая пляцоўка з гульнямі адносна іх узросту.

Сваіх прыхільнікаў знайшлі і артысты мастацкай самадзейнасці, якія, выконваючы абрадавыя песні, стваралі пазітыўны настрой гасцям мерапрыемства. Казачныя героі дабаўлялі каларыту ўсяму дзейству і ўцягвалі слаўгарадчан у віхур гульняў, конкурсаў, жартаўлівых спаборніцтваў. Акрамя мясцовых выступоўцаў, на імправізаванай сцэне сваім талентам адорвалі прысутных: дзіцячы вакальны ансамбль “Крошечки” Новаслабодскага сельскага клуба і госці з Чэрыкава – вакальны ансамбль “Вдохновение”.

Тэкст і фота Аксаны НЯМЦОВАЙ.

Поделиться