Футбольная феерыя адбывалася ў мінулую суботу на гарадскім стадыёне. “Тата, маці, я – футбольная сям’я”. Менавіта так была названая акцыя, арганізатарамі якой выступілі Беларуская федэрацыя футбола сумесна з цэнтрам фізкультурна-масавай і спартыўнай работы.

Каля дваццаці сем’яў прынялі ўдзел у мерапрыемстве. Прычым прастаяць у баку і церабіць хустачку не было магчымасці нікому: у футбол гулялі і малыя, і матулі, і таты. Вядомая справа, для ўсіх катэгорый былі свае правілы і рэгламент. Аднак барацьба назіралася  на кожнай пляцоўцы.

Дзіцячая баталія нагадвала, перафразую літаратурнага класіка А. Пушкіна, рускі бунт: бессэнсоўны і бязлітасны. Дзеці натоўпам змагаліся за мяч, выкладваючыся да апошняга. Улічваючы, што ўзрост іх пачынаўся з трохгадовых атлетаў і вар’іраваў да дзесяці-дванаццацігадовых аматараў спорту. Уявіце, які гэта быў напал, колькі эмоцый пры сіле гульні.

Сустрэчы жаноцкіх каманд былі не менш эмацыйнымі. Але  гэтыя аматары спорту дзейнічалі з некаторым канкрэтным алгарытмам. Таму гульні былі і выніковымі, і відовішчнымі.

Брутальныя тры мужчынскія каманды дзейнічалі без сантыментаў: прыйшлі, згулялі, пайшлі. Але ад гэтага кожная з сустрэч не згубіла свайго каларыту. Гульцы вагаю крыху больш за сто кілаграмаў змагаліся з тымі, хто з мячом ледзь што не начуе. Але рандомная растаноўка сіл дазволіла размеркаваць іх больш-менш раўназначна. Таму інтрыга захоўвалася да апошняга. Прызнаюся, што мне было даручана абараняць вароты сваёй каманды. Улічваючы, што стасункі з мячом я меў апошні раз некалькі дзесяцігоддзяў таму, па словах больш вопытных членаў нашай і іншых каманд, справіўся я з задачай толькі крыху горш за знакамітага Льва Яшына. Але гэта дазволіла нам заняць толькі другую  прыступку п’едэстала.

Арганізатарам ад імя ўсіх сем’яў-удзельніц хочацца выказаць словы ўдзячнасці. Такога святочнага і спартыўнага адначасова настрою не панавала тут даўно. Адзначу, што кожная сям’я атрымала ад арганізатараў футболкі ў стылізаваным варыянце і футбольныя мячы. А сем’і Котавых, Гаўрыліных і Дзем’янковых, па падліках журы, занялі адпаведна 1-ае, 2-ое і 3-яе месцы. Яны атрымалі кубкі, сувеніры. Дзеткі не былі таксама забыты і атрымалі свае мабыць першыя медалі. Дадам, што сям’я-пераможца Котавых будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе спаборніцтва.

Хочацца адзначыць і прысутнасць на мерапрыемстве гандлёвай кропкі райпа, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

На маю думку, такія мерапрыемствы як нішто лепш аб’ядноўвае сем’і. Агульная спартыўная барацьба, радасць перамог і прыкрасць ад пройгрышу, дух калектыву – той падмурак, на якім можна і трэба гартаваць сямейныя адносіны. А нішто не з’яўляецца ў нашай краіне важней, чым сям’я, чалавек.

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.

Поделиться