Да пісьменнікаў ваеннага ліхалецця адносіцца Кастусь КІРЭЕНКА.

Канстанцін Ціханавіч Кірэенка (псеўданім Пятрусь Дубец) – беларускі паэт, празаік, публіцыст, перакладчык, нарадзіўся 15 снежня 1918 года ў вёсцы Гайшын Прапойскай воласці Быхаўскага павета ў сялянскай сям’і. Першым настаўнікам Кастуся Кірэенкі быў бацька, які прывіў сыну любоў да прыроды і роднага краю, навучыў чытаць, далучыў да скарбаў народнай творчасці. У школьныя гады вялікі ўплыў на падлетка  аказаў настаўнік літаратуры І.Е.Марчанка, які заўважыў у свайго вучня творчыя здольнасці.

У 1935 годзе Кастусь паступіў на літаратурны факультэт Гомельскага педінстытута. Паводле слоў паэта: “Усё акружэнне ў інстытуце, атмасфера, усе думкі з першага дня вучобы былі скіраваны ў бок творчасці”.

Вядома, што яго першы верш “Радзіма” з’явіўся ў 1939 годзе на старонках газеты “Гомельская праўда”, у тым жа годзе яго паэтычныя творы змясцілі часопіс “Полымя рэвалюцыі” і газета “Літаратура і мастацтва”.

Пасля заканчэння інстытута Кастуся Кірэенку восенню 1940 года прызвалі ў рады Чырвонай Арміі. Да ліпеня 1941 года – вежавы стралок у танкавым экіпажы. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі – з 1943 года. Да сакавіка 1945 года – карэспандэнт баявога аддзела армейскай газеты “За Родину” на Заходнім і 2-ім Беларускім франтах. Першы зборнік вершаў “Ранак ідзе” (1945)  прысвечаны пераважна баявым будням савецкага воіна, які пракладаў штыком шлях да перамогі. Удзельнічаў у абароне Масквы і вызваленні Беларусі, Польшчы. Быў цяжка паранены.

Пасля вайны загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва ў часопісе “Беларусь”. Быў галоўным рэдактарам часопісаў “Бярозка”, “Полымя”.

У 1969 годзе ўдзельнічаў у рабоце XXIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у складзе дэлегацыі БССР. Узнагароджаны ордэнамі: Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, двума ордэнамі “Знак Пашаны”, Ганаровымі граматамі Вярхоўных Саветаў БССР, ЛітССР, ЛатССР, медалямі.

Заслужаны дзеяч культуры Беларусі з 1970 года. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы (1972 г., за “Кнігу ста песень”), літаратурнай прэміі імя Янкі Купала (1964 г., за кнігу “Смага”). На лірычны верш К. Кірэенкі пра каханне “Пах чабаровы” Уладзімір Буднік напісаў музыку, а ансамбль “Чараўніца” выканаў песню:

 

Пах чабаровы

Нe прыдумaеш сaмa,

Штo с табой здaрылaся:

З прaцы сёння йшлa дaмoў

I з дaрoгі збілaся.

Мнe б ісці кaля рaкі, —

Ты ж пaйшлa дубрoвaй,

Гaлaву тваю кружыў

Пax чaбaрoвы.

Прыпeў:

Ты ішлa ўсё ды ішлa,

Aж пaкуль стaмілaсь,

i нe вeдaеш сaмa,

Як з Ігнaсeм стрэлaсь.

A Ігнaсь жa — ён с табой

Ды тaкі сурoвы…

Нe кружы ты гaлaвы,

Пax чaбaрoвы!

Xлoпeц глянуў нa цябе —

Ты aж здрыгaнулaсь.

Aлe штo с табой?

Чaму дa ягo сxінулaсь.

I чaму тaк мілы ёй

Прывітaння слoвы?

Кружыць, кружыць гaлaву

Пax чaбaрoвы!

Прыпeў:

Штo скaжу мaтулі я,

Як чaсінaй пoзняю

Я з’яўлюся пeрaд ёй,

Лaскaвa і рoзнaю.

Штo скaжу, сxaвaю як

Вoдaр тoй дубрoвы?

Ты ж у xaту прыняслa

 Пax чaбaрoвы…

Вельмі важкі пісьменніцкі ўклад разгортвае старонкі гістарычнага мінулага беларускай зямлі і сусвету.

КУЗЬМЯНКОЎ Уладзімір Іванавіч, беларускі празаік, публіцыст. Нарадзіўся 27 чэрвеня 1936 г. у в.Устаннае Прапойскага раёна ў сям’і калгаснікаў. Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў роднай вёсцы. Пасля заканчэння Рабавіцкай СШ у 1955 г. працаваў у калгасе. У верасні 1955 г. прызваны ў Савецкую Армію. Служыў у Ваенна-Паветраных войсках. Пасля звальнення ў запас працаваў рознарабочым на будаўніцтве Ніжнерасцянскай ГЭС, адказным сакратаром казлоўшчынскай раённай газеты “Сцяг перамогі”. У 1958 г. паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ, затым працаваў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела, адказным сакратаром у рэдакцыі газеты “Чырвоная змена”. З 1971 г. – адказны сакратар часопіса “Политинформатор и агитатор”, з 1974 г. – загадчык аддзела, адказны сакратар рэдакцыі газеты “Звязда”, з 1980 г. – рэдактар “Настаўніцкай газеты”, з 1987 г. – намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Беларуская мова і літаратура ў школе”, са снежня 1987 г. – старшы навуковы супрацоўнік Мінскай ВПШ, з 1991 г. – галоўны рэдактар газеты “Медыцынскі веснік”.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1974 г. Кандыдат гістарычных навук. Узнагароджаны медалём, Ганаровай граматай і Граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Першы нарыс Уладзіміра Кузьмянкова надрукаваны ў газеце “Звязда”. Яго апавяданні “Бацька” і “Мікіта-чалавек” пабачылі свет на старонках рэспубліканскага друку ў 1966 г. А ў 1972 годзе выйшла яго першая кніга апавяданняў “Ішла вясна”, дзе паказана пасляваеннае дзяцінства, станаўленне маладога чалавека.

Працуючы доўгі час у маладзёжным друку, бываючы па заданнях рэдакцый на будоўлях, у саўгасах і калгасах, выступаў са шматлікімі артыкуламі і нарысамі, прысвечанымі жыццю і працы нашай моладзі. У сваіх мастацкіх творах аддае перавагу надзённай тэматыцы, у натуральнай і даверлівай манеры апавядае пра шчырасць юнацкага пачуцця, пра светлае ў чалавечай душы. Кніга Уладзіміра Кузьмянкова “Услаўляючы дружбу народаў” прысвечана праблемам міжнацыянальных адносін, эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва.

Міхась СТРАЛЬЦОЎ – беларускі празаік, паэт, перакладчык, крытык. Нарадзіўся 14 лютага 1937 года ў вёсцы Сычын у сям’і настаўніка. Член Саюза пісьменнікаў БССР, які ўзнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы за кнігу вершаў “Мой свеце ясны”.

На ўвесь свет вядомы зборнік апавяданняў “Сена на асфальце”, аповесць “Адзін лапаць, адзін чунь”, якія вызначаюцца веданнем жыцця, наватарскім падыходам да адлюстравання рэчаіснасці, арыгінальнасцю творчых пошукаў і знаходак. Міхась Стральцоў удала спалучае бытавое, будзённае, зямное з узнёслым, рамантычным, у выніку чаго ўтвараюць своеасаблівы сплаў проза і паэзія жыцця.

Засцярога

Калі маўчыць душа, гібее розум наш,

Як дрэва без вады ці як вятрак без ветру.

Жыццё лічы на дні альбо на кіламетры –

Вакол цябе адно панылы антураж.

 

І ўсё, што словам ты не назавеш,

Маўчыць, як цішыня ці як вятрак

без ветру,

І не даецца сэнс, нібы руцэ паветра.

Калі душа маўчыць, не гаварыце лепш.

(1972 г.)

Адначасова з празаічнымі творамі Міхась Стральцоў піша лірычныя вершы, поўныя роздуму і глыбокага пачуцця. Уявіць простыя ўражанні двара  каля роднай хаты дапамагаюць паэтычныя радкі Міхася ў вершы: “Бацькаўшчына”:

З двара прыду і сяду ля агню.

Палаюць дровы. Ссечана капуста

На градах – блаславенне дню.

Змрок у палях – там сіверна і пуста.

Узыдзе месяц позна. На парог

Я ноччу выйду. У нямым здранцвенні

Паветра, далеч. Серабрыцца лог

За сажалкай – на ім снуюцца цені.

О роднае маё! Як доўга да цябе

Ішоў я, кволы падарожнік.

О весялосць, у восеньскай журбе!

Агонь. Саган. Вуголле і трыножнік.

(1981г.)

Напярэдадні свята пісьменніцтва на рэдакцыйную пошту раённай газеты “Прысожскі край” прыйшлі віншаванні ад вядомага літаратурнага творцы, які завітаў з паэтычным падарункам у “Літаратурную гасцёўню”. Наш славуты зямляк Фелікс Уладзіміравіч ШКІРМАНКОЎ вырашыў пазнаёміць чытачоў з асабістым меркаваннем аб жыцці на старонках выдадзенай кнігі: “Пад прысягай сумленню”:

Пад прысягай сумленню

Свае вершы складаў

І што бачыў навокал –

Імі тое казаў.

Ёсць у кожнага погляд

Свой на хібы жыцця,

Што вяртаюцца раптам

Да людзей з небыцця.

Нехта моўчкі прымае

Ўсё, што стрэне ў жыцці,

А другі не згаджаецца –

Хоча праўду знайсці.

Я – хаўруснік другому,

І таму не маўчу.

Як і ён, аднаго я

Для Радзімы хачу.

Каб свабодна гучала

Думка кожнага з нас,

Калі нават кранае

Гэта ўладу падчас.

Што ў тым дужа крамольнага? –

Растлумачце, прашу.

Вось пра гэта адкрыта

Ў сваіх вершах пішу.

Пагартай гэту кніжачку,

Дарагі мой чытач.

Калі што не да густу –

Ты мне гэта прабач.

 І на нейкай старонцы,

Знаю, знойдзеш у ёй,

Што сугучным пачуецца

Табе з думкай тваёй.

Як і я, маеш права

Мець свой погляд і ты.

Вось у гэтым з табой мы –

Аднадумцы-браты.

Хаця можам пры гэтым

І нязгоду сказаць.

Нас яднае характар –

Мы не здольны маўчаць.

І сапраўды, яго радкі, вельмі слушныя і цікавыя, уражваюць захапляльным настроем і аптымізмам:

*   *   *

Вам выпаў лёс першапраходцаў,

І вы ўсё вытрымаць змаглі.

У вас свой погляд ёсць і гонар,

І вы ўсё гэта збераглі.

 

Дай Бог вам доўгую дарогу,

Сяброў і хатняга цяпла,

І ўрадлівай нівы творчай,

Што шляхам вашым пралягла. (19.10.2008 г.)

 

З творчым шляхам Андрэя ГЕРАШЧАНКІ чытачы знаёміліся на старонках “Літаратурнай гасцёўні” неаднаразова, і зноў мы запрашаем пачытаць  твор  знакамітага пісьменніка з вёсачкі Рэкта Слаўгарадскага раёна.

Беларускi вечар

Месяц сумотны з-за хмары выходзiў,

Агеньчыкi зорак кружыў у карагодзе.

Было iм вясёла, было iм шчаслiва

На белых аблоках хiстацца руплiва.

I спевы гучалi ў паветры празрыстым,

I быў гэты вечар цудоўным i чыстым,

I нават у самым далёкiм балоце

Заззялi люстэркi ў вечнай дрыгвоце.

А мох аксамiтны гарэў дыванамi

I вабiў густымi ўсiх туманамi,

I зоркi, пабачыў, да долу ляцелi,

Бо некаму шчасця прынесцi хацелi.

Суквецце вядомых таленавітых пісьменнікаў-землякоў спрыяе выхаванню і грамадскаму развіццю новага пакалення Слаўгарадчыны.

У спалучэнні мелодыі і слоў нараджаюцца вядомыя песні, якія спяваюць выканаўцы на словы аўтараў-землякоў: Кастуся Кірэенкі, Фелікса Шкірманкова.

Літаратурная спадчына Слаўгарадчыны ўзбагацілася новымі яскравымі імёнамі пісьменнікаў, паэтаў, гісторыкаў-краязнаўцаў, творы якіях славяць  далёка за межамі нашу Рэспубліку Беларусь.

“Літаратурную гасцёўню” падрыхтавалі: Вера СТАСЕНКА і Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Поделиться