Нам засталася спадчына

21 лютага — Мiжнародны дзень роднай мовы

Мiжнародны дзень роднай мовы адзначае сёння ўся Беларусь, а разам з намi i планета. Гэтае свята сiмвалiзуе ўзаемаразуменне, дыялог, цярплiвасць i добрасуседства, а таксама гiстарычную памяць. Бо менавiта мова — асноўны i галоўны захавальнiк нашай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, веры i творчасцi. Сёлетняе свята, абвешчанае ў 1999 годзе Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА, мае дэвiз «Шматмоўная адукацыя — аснова навучання i перадачы ведаў памiж пакаленнямi». Так што Беларусь наперадзе ўсёй планеты: у нашых школах з самага дзяцiнства выхоўваюць бiлiнгваў — тых, хто можа назваць роднымi адразу дзве мовы: беларускую i рускую.

СКАЗАНА

— Вы ведаеце, дзякуючы гэтым нашым вар’ятам бчб‑шным мы, адмятаючы ўсё, як кажуць, выплюхнулi i дзiця. Беларуская мова, родная беларуская мова. Вы павiнны разумець, нешта, што нас адрознiвае ад iншых, — гэта ёсць беларуская мова. Нам не трэба ад гэтага адыходзiць. Нам трэба падумаць аб тым, каб кожны беларус ведаў. Няхай, так склалася, што гэта наша руская мова. Але руская мова нас не адрознiвае ад iншых. Дапусцiм, ад рускiх. А беларуская мова адрознiвае ад iншых.

Аляксандр Лукашэнка падчас пасяджэння‑нарады з Нацыянальнай акадэмiяй навук Беларусi, 25 студзеня 2022 года.

Цi лiлi ў бульбу алей?

Роднае слова — спадчына, якая засталася нам ад прадзедаў. Яе стабiльныя асновы закладзены ў XIV стагоддзi. Менавiта з сiвых часоў продкi стварылi для нас моцны падмурак дзяржаўнасцi, з пакалення ў пакаленне перадавалi яго нашчадкам, каб мы ў гэтым вялiкiм свеце мелi свой культурны код, асаблiвасцi i адрозненнi ад iншых народаў. А што павiнны мы? Захаваць матчына слова, узбагацiць i перадаць наступнаму пакаленню.  

Мова — адзiн са складнiкаў дзяржаўнасцi, нацыi, народа. Каб заставацца суверэннай, незалежнай краiнай, мы павiнны навучыцца берагчы сваё — ад роднай мацi да нашай культуры, этнаграфii, лiтаратуры, чым адметныя ў свеце.

— Тады навучымся шанаваць i суседскае, далёкае, будзем яшчэ больш мiралюбнымi, дружалюбнымi, шчырымi, працавiтымi, актыўнымi, — перакананы старшыня Мiнскага гарадскога аддзялення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi заслужаны дзеяч культуры Мiхась Пазнякоў.— Для Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Дзень роднай мовы ператвараецца ў святочную дэкаду, якая распачалася 13 лютага. Атрымлiваем шмат запрашэнняў у школы, гiмназii, бiблiятэкi, музеi, ВНУ.

Гэтае свята дае магчымасць яшчэ раз звярнуць увагу на неабходнасць надаваць як мага больш увагi культуры, лiтаратуры, мове. На сустрэчах пiсьменнiкi расказваюць пра дасягненнi айчыннага мовазнаўства, навуковыя працы, слоўнiкi. Да слова, Мiхась Пазнякоў — аўтар слоўнiка эпiтэтаў беларускай лiтаратурнай мовы, якi выйшаў у двух тамах, а зараз падрыхтаваны i трэцi, бо мова, упэўнены ён, жывая з’ява, якая развiваецца:

— З’яўляюцца новыя пiсьменнiкi, мастацкiя азначэннi. Напрыклад, да слова «вочы» па колеры, форме, фiзiчным стане, эмацыянальнай ацэнцы набраў больш за 1500 эпiтэтаў. Гэта яшчэ раз даказвае, што наша мова адметная, багатая, асаблiвая, развiтая, гнуткая, а не якi‑небудзь дыялект. Максiм Багдановiч у свой час даказваў, што на ёй можна выразiць самыя тонкiя пачуццi, думкi.

Недарэмна рускi па паходжаннi Уладзiмiр Мулявiн так захапiўся беларускай песняй, што ўзняў i песню, i слова на сусветна вядомы ўзровень. 

Мова — галоўны iнструмент пiсьменнiкаў. Калi ёсць раман — можа быць фiльм, выдатная п’еса ператворыцца ў спектакль, а верш — у песню. 

У свеце тысячы дыялектаў i моў, пяцьсот з iх — найбольш вядомыя. Прычым не ўсе плямёны i народы маюць пiсьмовую мову. Але цi можам уявiць, каб немец не ведаў нямецкай, француз — французскай, кiтаец — кiтайскай, а рускi — рускай. Тое ж самае тычыцца i беларусаў — валодаць словам варта на генетычным узроўнi.

— Калi прыязджаеш у iншую краiну, часта просяць: прачытайце, паразмаўляйце па‑беларуску, — узгадвае Мiхась Пазнякоў. — У Расii, калi заводзiм з калегамi моўныя гутаркi, пачынаю iх здзiўляць: «на плоце сядзiць тузiн кнiгавак» або «цi лiлi ў бульбу алей?». Яны пытаюцца, што гэта за мова. А гэта наша — беларуская, багатая i адметная.

Дыялог культур i лiтаратур пiсьменнiкi падкрэслiваюць у перакладнiцкiх праектах. Дзесяць тамоў творчасцi беларускiх празаiкаў i паэтаў Мiхась Пазнякоў пераклаў на рускую мову, 15 тамоў — на беларускую, у тым лiку «Дон Кiхот» Сервантэса, раман Вальтэра Скота «Квенцiн Дорвард», персiдскую, украiнскую паэзiю, творцаў Казахстана, Дагестана, Чачэнскай, Калмыцкай рэспублiк.

— Па заказе пасольства Казахстана на беларускай мове выйшаў чатырохтомны раман Мухтара Аўэзава «Шлях Абая», якi паказвае гiсторыю станаўлення казахскай культуры, нацыi, лiтаратуры, — расказвае Мiхась Пазнякоў. — Пераклаў таксама кнiгу «Сi Цзiньпiн аб дзяржаўным кiраваннi» з прамовамi лiдара Кiтайскай Народнай Рэспублiкi. Выданне расказвае пра сапраўдную народную палiтыку КНР, яе кiраўнiцтва, iмкненне народа працаваць, сябраваць i ўмацоўваць мiр на ўсёй планеце. Гэтая кнiга таксама загучала па‑беларуску.

Поделиться

От СБ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *