Пасяўная ў разгары на Слаўгарадчыне

 

Больш за палову гаспадарак раёна выйшлі на самы, бадай, адказны від работ – пасяўную.  Мы вялі ўжо размову пра КСУП  “Заранскі”. Там работа працягвае кіпець.

На гэты раз звярнуліся да дырэктара ААТ “Прывольны агра” Таццяны Кухаравай, каб даведацца, ці распачалася там сяўба. “Зараз мы актыўна заняты на ворыве. Рыхтуем глебу да сяўбы. Ужо больш за 130 гектараў узаралі, 80 з якіх ужо засеяныя аўсом, – адзначае кіраўнік таварыства. – Тэхніка ўся прайшла дзяржтэхагляд, застрахаваная. Іншым словам – чакаем толькі ў саюзнікі надвор’е. А жадання працаваць на сумленне, разумення ўсёй адказнасці ў калектыва – не займаць”.

З такім жа аптымізмам працуе механізатар “Прывольнага агра”, ягоны неаднаразовы перадавік, ветэран Уладзімір МЕЛЬНІКАЎ. Пра гэтага механізатара, прафесіянала мы пішам ледзь не кожны год па некалькі разоў. І гэта – не на пустым месце. У ягонай працоўнай кніжцы толькі аднойчы было адзначана: узяты на работу ў гаспадарку. З тае пары больш за 40 гадоў ён шчыруе тут. І робіць гэта традыцыйна толькі на “выдатна”. За што неаднаразова адзначаўся і перамагаў у раённых спаборніцтвах, прымаў удзел у IV Усебеларускім народным сходзе ў 2010 годзе. Ягоныя працоўныя дасягненні высока цэніць кіраўніцтва і зараз.

Уладзімір Мікалаевіч заняты на вывазцы арганікі, саломы. Задзейнічаны і на пасяўной. Ён там, дзе патрэбны вопыт і прафесіяналізм.

А дома ён таксама стварыў гармонію. З жонкай нарадзілі дачку. Якая ўжо дарослая і мае сваю сям’ю.

У вольную часіну любіць паляванне. Як толькі магчымасць дазваляе – абавязкова пойдзе ў лес.

Няхай такія працавітыя людзі будуць шчаслівымі, бо і на працоўным месцы ў такім выпадку ў іх будзе вялікая вытворчасць.

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.