«У нашых лёсах быў Афганістан»

Больш за тры дзесяцігоддзі прайшло з таго часу, калі апошні савецкі салдат пакінуў Афганістан. Абмежаваны кантынгент войскаў, як гэтых хлопцаў называлі, зрабіў усё, што ад яго залежыла, і выканаў свой інтэрнацыянальны абавязак. 15 лютага для воінаў, якія прайшлі тую вайну, стала датай не проста памятнай, а хутчэй днём, калі яны пазбавіліся жаху і рызыкі не вярнуцца дадому, пабачыць блізкіх, – эпахальнай падзеяй.

Штогод воіны-афганцы, як іх называюць, збіраюцца з тым, каб узгадаць, як гэта было, аддаць даніну памяці сваім сябрам, якія вярнуліся на радзіму ў цынкавых трунах. Шмат песень напісана на тэму вайны ў Афганістане, бясконцае мноства вершаў, знятыя мастацкія кінастужкі. Але кожны ветэран Афгана мае сваю гісторыю, свае ўспаміны пра тую вайну.

У мінулы панядзелак у раённым музеі шанавалі ветэранаў Афганістана. На сустрэчы з імі прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, школьнікі. Вядучая ўзгадала храналогію падзей той вайны, давяла статыстычныя лічбы яе ахвяр, адзначыла, якія пакуты для беларусаў прынеслі яе ліхалецці.

Алена Шаўцова, намеснік кіраўніка раёна таксама звярнулася да прысутных ветэранаў. Словы ўдзячнасці за гераізм і самаадданасць выказала яна і адзначыла, што слаўгарадчане, жыхары раёна, якім выпала прайсці праз Афганістан, зрабілі гэта з гонарам. “На жаль, не ўсе змаглі вярнуцца дадому з той вайны. Шмат салдат, у тым ліку і нашы  землякі, аддалі свае жыцці далёкаму Афганістану. Мы павінны ў сваіх сэрцах захаваць памяць пра іх, назаўсёды зразумець, што кожная вайна – гэта пакуты, боль, смерць”, – адзначыла выступоўца.

Выступаў і ветэран афганскай вайны Віктар Ярмоленка. Ён ад імя ўсіх воінаў-інтэрнацыяналістаў распавёў прысутным, якімі былі дні той вайны, з чым прыйшлося сутыкнуцца, як давялося адчуць на сабе магчымасць загінуць ад кулі душмана. Адказаў на пытанні. У прыватнасці, за што быў узнагароджаны, пры якіх абставінах заслужыў свае медалі. Прамова была цікавай і трымала аўдыторыю да самага фіналу.

Аляксандр Чаркашын, начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята Чавускага і Слаўгарадскага раёнаў, таксама выступіў у той дзень. Ён павіншаваў ветэранаў з памятнай датай, адзначыў, што воіны-інтэрнацыяналісты і пасля падзей у Афганістане прынялі ўдзел у жыцці і развіцці Слаўгарадчыны, засталіся патрыётамі сваёй малой радзімы.

Далей прысутным была прапанавана аглядная экскурсія па залах музея.

Памятны знак воінаў-інтэрнацыяналістаў стаў месцам, куды на ўрачысты мітынг завіталі кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Сяргеем Міхалютай, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, моладзь.

Шмат слоў прагучала ў адрас воінаў-афганцаў, чырвонай ніткай якіх праходзілі ўдзячнасць і гонар за годнае выкананне свайго абавязку.

Мікалай Ткачэнка, таксама ветэран той вайны, звярнуўся да прысутных. Ён засяродзіў увагу на тым, што сёння многія робяць свае высновы наконт вайны ў Афганістане. “Адно бяспрэчна: мы выканалі задачы, якія краіна і сумленне ставілі перад намі. А трэба там ваяваць, ці гэта не наша справа, няхай спрачаюцца гісторыкі. Нашым хлопцам не сорамна ні за адзін дзень, праведзены на той вайне”, – адзначыў Мікалай Мікалаевіч.

Традыцыйныя кветкі ляглі да памятных знакаў. Хвіліна маўчання дала магчымасць яшчэ раз усвядоміць, што вайна – гэта страшна.

Заключным этапам стаў урачысты канцэрт у кінатэатры “Радзіма”. Выстава, удзячнасць і ўзнагароды, мноства творчых нумароў зрабілі фінал дня пазітыўным і надалі настрой усім, хто завітаў сюды.

Уладзімір ВАСІЛЬЕЎ

Фота аўтара і Аксаны НЯМЦОВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *